Анастасія МАРШАЛАК: «Вучыш іншых – вучышся сам»


Все новости


Анастасія МАРШАЛАК: «Вучыш іншых – вучышся сам»

«У Смаргоні пусціла свае карані»

- Існуе вядомы выраз: «Усе мы родам з дзяцінства». Тлумачыць яго можна па-рознаму. Адно з тлумачэнняў, на мой погляд, – тое, што нашы прафесійныя планы зараджаюцца менавіта ў раннім узросце. Анастасія Яўгеньеўна, у дзяцінстве Вы марылі стаць выхавальніцай дзіцячага сада?

1.jpg

  Не, не марыла. Не памятаю, каб і ў дзіцячы сад ці школу мы калі гулялі. Усе летнія канікулы я з сястрой  праводзілі ў бабулі ў вёсцы Моцевічы, што на Лідчыне. Маімі «падапечнымі» былі куры, свінні і карова. Іх я «выхоўвала». Карову навучылася даіць гадоў у сем, а пасвіць пачала яшчэ раней.

Побач з вёскай Моцевічы працякае Нёман. На адным беразе жылі людзі, а кароў пасвілі на другім. Каля самой вёскі пашы не было. Увесну вяскоўцы пераганялі на той бок ракі ўвесь статак (там нават былі пабудаваны хлявы для жывёлы) і вярталі ў двары яго только восенню. Тройчы ў дзень на лодках людзі плавалі на супрацьлеглы бок Нёмана, каб падаіць кароў. Упраўляцца з лодкай я таксама навучылася рана.

- Між іншым, так добра ведаючы нораў жывёлы, Вы не абралі прафесію ветэрынара ці заатэхніка…

- У школе я вельмі любіла ўрокі англійскай мовы: настаўніца была цудоўная, а ў мяне – здольнасці да вывучэння моў. У Лідскае педвучылішча пайшла, таму што, акрамя дыплома выхавальніка, мела магчымасць атрымаць дадатковую спецыяльнасць – кіраўніка гуртка па англійскай мове для дашкольнікаў.

  Наколькі я ведаю, Вы – не мясцовая. На Смаргоншчыну трапілі па размеркаванні?

  Так. Родам я з невялікага горада Бярозаўкі Лідскага раёна. А на Смаргоншчыну сапраўды прыехала па размеркаванні, у 2006 годзе. Прызнацца, не разглядала гэты рэгіён для пастаяннага месцажыхарства. Але жыццё склалася так, што менавіта ў Смаргоні пусціла карані, пра што ніколькі не шкадую.

У санаторным дзіцячым садзе працую сёмы год і на палову стаўкі – у Крэўскім, дзе пачынала сваю дзейнасць. Вельмі прыкіпела душой да крэўскіх дзетак, не магу з імі развітацца.

  У Крэве Вы знайшлі і сваю другую палавінку.

  Сапраўды. Калі мы пазнаёміліся, Дзяніс вучыўся ў БДПУ імя Максіма Танка на кіраўніка фізічнага выхавання ў дашкольных установах. Але педагогам ён не працаваў, бо адразу пасля заканчэння гэтага ВНУ паступіў у акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Працуе ўчастковым інспектарам у Крэўскім сельсавеце. І ў мяне работа няпростая, і ў мужа, таму стараемся адно аднаго разумець, падтрымліваць, даваць магчымасці прафесійна развівацца.

«Казкі дапамаглі знайсці агульную мову з бацькамі»

  Вас ведаюць як актыўнага, ініцыятыўнага педагога-наватара. Сваімі ведамі, вопытам і напрацоўкамі Вы шчодра дзеліцеся з выхавацелямі дзіцячых садоў не толькі Беларусі, але і дзяржаў СНД. Раскажыце пра новыя формы работы з дзецьмі і бацькамі, якія Вы выкарыстоўваеце.

2.jpg

  Напэўна, усё пачалося з тэатральнай пастаноўкі, якую мы стварылі сваімі сіламі, калі я яшчэ не працавала ў Смаргоні. У вершавай форме напісала казку «Без сумеснай ахвоты не будзе работы» па матывах «Рэпкі». Сама выступіла ў ролі Бабкі, свёкар быў Дзедкам, дзеці – астатнімі героямі. Бацькі актыўна дапамагалі рабіць касцюмы. Водгукі пасля прадстаўлення былі цудоўнымі. Мяне гэта падштурхнула да напісання новых п’ес-казак, цяпер іх ужо больш за 30. 

Менавіта  стварэнне сумесных спектакляў мяне моцна зблізіла з дзецьмі і бацькамі. Калі мамы і таты ўбачылі сваё дзіця на сцэне, як яно цудоўна грае ролю, чытае вершы, як увогуле развіваецца, то і бацькі сталі актыўней на розныя просьбы выхавацеля адгукацца. Памятаю, у Крэве, перад аб’ездам камісіі, якая ажыццяўляла прыёмку школ перад навучальным годам, мы разам з бацькамі да дзесяці вечара ўсталёўвалі новае спартыўнае абсталяванне, альтанку і хатку на тэрыторыі садка.

Казкі дапамаглі знайсці агульную мову і са смаргонскімі бацькамі. Цяпер мы ўжо ладзім спектаклі, у якіх удзельнічаюць не толькі дзеці, але і мамы, і таты.

А яшчэ я ўвяла ў практыку, акрамя абавязковых ранішнікаў, праводзіць з дзецьмі і бацькамі вечарынкі – тэматычныя касцюміраваныя конкурсна-гульнёвыя праграмы. «Пірацкая вечарынка»,  «Лімонная», «Капялюшная»… Пасля цяжкага працоўнага дня ці тыдня ёсць магчымасць расслабіцца, адпачыць разам. І гэта форма работы таксама вельмі згуртоўвае.

– Наколькі я ведаю, Вашы п’есы-казкі друкуюцца ў часопісах… Іх ставяць у іншых дзіцячых установах.

4.jpg

   Мне прыемна, што вось і сёлета дзіцячы часопіс «Буся» надрукаваў дзве мае п’есы-казкі. Буду рада, калі хто з калег вырашыць стварыць сваю пастаноўку.

  На беларускай мове пішаце?

  І на беларускай, і на рускай. Я ўвесь час працую ў беларускамоўнай групе, таму імкнуся да таго, каб дзеці больш гаварылі на роднай мове.

Праўда, нядаўна паслала на конкурс, які ладзіць часопіс «Пралеска», свае п’есы-казкі  на рускай мове, яны напісаны ў вершаванай форме па матывах твораў Уладзіміра Суцеева. Мне падабаецца браць нейкі вядомы дзіцячы твор і напаўняць яго новым зместам. А тое, што пішу вершамі, – гэта не выпадкова. Вершы заўсёды вучыць лягчэй, чым прозу.

– Безумоўна. Тое, што Вы робіце, уражвае. Бо разумею, што ўсё вышэй згаданае не дае Вам магчымасці ад нечага адмовіцца ў навучальным працэсе. Існуюць праграмы, па якіх праводзіцца дашкольнае навучанне, пішуцца планы абавязковых заняткаў.

  Так,  усё гэта таксама даводзіцца рабіць. Да таго ж шмат іншай дакументацыі трэба весці, але калі справа падабаецца, то на ўсё знойдуцца і сілы, і жаданне.

5.jpg 

Не заседзецца на месцы

  Хачу пагаварыць яшчэ пра адзін кірунак Вашай дзейнасці – удзел у конкурсах і навукова-практычных  канферэнцыях, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага узроўняў. Я пагартала Ваша багатае партфоліа. Сярод узнагарод знайшла два дыпломы прызёра міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый дзяржаў СНД «Майстэрста без межаў». Конкурс ладзіць інфармацыйна-адукацыйны цэнтр «Паўночная сталіца», які працуе ў Санкт-Пецярбургу. Ёсць некалькі сертыфікатаў Міжнароднага інстытута навукі і інавацый, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі… Вы таксама лаўрэат І ступені ў намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».

  Удзелы у конкурсах і канферэнцыях не даюць магчымасці засядзецца на месцы і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Па-першае, ты сам рыхтуешся да ўдзелу, нешта новае ўвесь час шукаеш, чытаеш, апрабоўваеш, а потым ідзеш і расказваеш на вялікую аўдыторыю. Па-другое, у іншых вучышся.

Дарэчы, літаральна праз два тыдні планую паездку ў Ерэван, на VIII з’езд настаўнікаў дзяржаў СНД. Ад Беларусі едуць 20 чалавек, я адна – прадстаўніца ад Гродзенскай вобласці. Запланавана маё выступленне, буду дзяліцца сваім вопытам работы. 

3.jpg

  Пасля Лідскага педвучылішча Вы яшчэ скончылі ВНУ?

  Так, Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы і магістратуру БДПУ імя Максіма Танка. Пагрузіўшыся з галавой у прафесію, я яе палюбіла. Сёння дакладна ведаю, што ніякая іншая праца не дасць мне такога эмацыйнага і душэўнага задавальнення. Калі я зразумела, што быць выхавацелем – гэта маё пакліканне, то вырашыла, што трэба вучыцца далей. Што і раблю. Практычна кожны дзень. Бо выйшаўшы за вароты дзіцячага сада, работа ў выхавальніка не завяршаецца, мы рыхтуемся да заняткаў, займаемся самаразвіццём.

Мяняецца час, падыходы да работы. Я імкнуся таксама мяняцца. Каб быць цікавай, сучаснай для дзяцей, увесь час нешта прыдумляю. Хачу, напрыклад, стварыць аўтарскую камп’ютарную развіваючую гульню…  Разумею, што над гэтым трэба шмат папрацаваць.

  Кажуць, калі чалавек вучыць іншых, то і вучыцца сам.

  У нашай прафесіі без гэтага – ніяк!

  А выхаванцы чаму Вас вучаць?

  Шчырасці, не баяцца зрабіць памылку, гаварыць праўду, з лёгкасцю пачынаць новую справу.

  Назавіце галоўныя рысы добрага выхавальніка.

– Уменне быць на адной хвалі з дзецьмі, спагада, уменне разумець маленькага чалавека, бачыць у ім асобу. Добры выхавальнік не павінен узвышацца над выхаванцам. А ў рабоце з бацькамі важна ўмець любую канфліктную сітуацыю перавесці ў гумарыстычную.

  У Вас двое дзяцей – дачка і сын. Якім жыццёвым прамудрасцям іх вучыце?

  Мая бабуля па татавай лініі была педагогам, мела званне «заслужаны настаўнік БССР». Мудрая і справядлівая жанчына. Не раз гаварыла мне: «Насця, у любой сітуацыі заставайся чалавекам, каб ты магла заўсёды смела глядзець людзям у вочы». Тое ж самае гавару сваім дзецям. Увогуле, у нас веруючая сям’я, стараемся жыць згодна з Божымі запаведзямі.

  Што, на Ваш погляд, шчасце?

  Калі ўсе здаровыя, калі цябе чакаюць дома любімыя людзі. Улічваючы той факт, што мы вялікую частку жыцця праводзім на рабоце, то важна знайсці сябе ў прафесіі. Калі ты паспяховы на рабоце, то гэта пераносіцца і на сям’ю.

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва Анастасіі МАРШАЛАК

14.09.2024

Возврат к списку