Сустрэча з гісторыяй


Все новости


Сустрэча з гісторыяй

1.jpg

Па вузкай  драўлянай лесвіцы прыступкі вядуць уніз. Штосьці таямнічае адчуваецца наўкола. Ступаем асцярожна, нібыта не хочам парушыць тую атмасферу, якая панавала ў Смаргоні на пачатку мінулага стагоддзя. Мы ідзём на сустрэчу з далёкім мінулым нашага горада. Мы – гэта вучні 3 “Б” класа гімназіі. Далёкае мінулае… Аб ім апавядае этнаграфічны музей сярэдняй школы №5. Так, ёсць у нашым гарадку такое цудоўнае месца.

Ідзём шырокай брукаванай вуліцай (менавіта такой яна была калісьці ў Смаргоні). Заходзім у карчму – месца, дзе можна было адпачыць тым, хто прыязджаў у гэта мястэчка. Пасярэдзіне пакоя – вялікі стол, накрыты ільняным абрусам. Па баках - драўляныя самаробныя лаўкі.

2.jpg

3.jpg

Вось завіталі ў двор да пекара. Тут выпякаюць не толькі хлеб, але і вядомыя смаргонскія абаранкі. Дарэчы, ці ведаеце вы, што раней іх называлі абваранкі, бо іх спачатку варылі, а потым сушылі у печы.

Рухаемся далей… А вось і дом гарбара. Гэта цэлая майстэрня па апрацоўцы скуры і пашыву абутку. Цікава, што падэшву раней рабілі драўлянай. Усім хацелася дакрануцца да такога “цвёрдага” абутку. А вось каўбасы ля печы, падвешаныя на палцы, сушацца, пахнуць.

Нас зацікавіла невялікая драўляная бочачка, якая мае крышку з дзіркай пасярэдзіне і палкай. Доўга вучні не маглі разгадаць для чаго патрэбны гэты прадмет. Адгадку падказала экскурсавод Людміла Яраславаўна Мусіенка. Гэты прадмет – маслабойка. Назва гаворыць сама за сябе.

4.jpg

Закончылася экскурсія, вяртаемся дадому, а думкі яшчэ там, у гісторыі роднага горада, у тым простым жыцці нашых продкаў, якія любілі жыццё з яго радаснымі і шчаслівымі падзеямі , з яго цяжкасцямі і турботамі, з яго ўзлётамі і падзеннямі. Жылі, працавалі, кахалі, а нам перадалі павагу, працавітасць і любоў да роднага краю.

 Святлана ЯНКОЎСКАЯ,

настаўніца пачатковых класаў ГУО “Гімназія г. Смаргоні”. 

26.11.2021

Возврат к списку