Яшчэ юнаком цягнуўся да гісторыі. Па-першае, Міхаіл нарадзіўся ў Крэве, па-другое, гісторыю ў мясцовай школе ў той час выкладаў, як лічыць Міхаіл Анатольевіч, лепшы настаўнік па гэтым прадмеце Валерый Скварцоў.
Пасля заканчэння педістытута ў 1990 годзе Міхаіла Міхалькевіча размеркавалі на працу ў Ашмянскі раён. Там ён адпрацаваў 9 гадоў, быў дырэктарам базавай школы. А потым па сямейных абставінах пераехаў на Смаргоншчыну. Некалькі гадоў працаваў у Суцькаўскай школе.
Потым родная Крэўская школа прыняла на працу былога свайго вучня. Акрамя пасады настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Міхаілу Міхалькевічу прапанавалі ўзначаліць школьны музей. Ён пачаў спалучаць музейную, краязнаўчую, экскурсійную і педагагічную дзейнасць.
Педкалектыў цёпла сустрэў новага настаўніка. Педагогаў, якія вучылі яго ў школе, ужо не было, яны пайшлі на заслужаны адпачынак. Іх замянілі маладзейшыя, прычым мясцовыя жыхары, якіх Міхаіл Міхалькевіч ведаў з дзяцінства і з некаторымі сябраваў.
Міхаіл Анатольевіч перакананы ў тым, што вучня трэба не прымушаць нешта вучыць, бо ад гэтага не будзе станоўчага выніку, а неабходна зацікавіць яго. Тады можно нечага дасягнуць.
Настаўнік імкнецца выклікаць цікавасць у дзяцей неардынарнай падачай матэрыялу, дапаўняе ўрокі відэаролікамі, прэзентацыямі. І гэта прыносіць плён. Летась яго вучаніца Надзея Саладкевіч стала прызёрам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. А сёлета яна паступіла на гістарычны факультэт БДУ, пайшла па шляху свайго настаўніка.
У мінулым годзе былі і па грамадазнаўстве прызавыя месцы на алімпіядзе. Але склалася так, што больш поспехаў атрымліваецца ў гістарычных конкурсах. Многія вучні здаюць тэсціраванне па гісторыі Беларусі, набіраюць высокія балы.
Міхаіл Анатольевіч адзначыў, што за апошнія пяць гадоў вучні Крэўскай школы больш за 30 разоў перамогалі ў раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах, віктарынах і г. д.
Вучняў, якія толькі пачынаюць вывучаць гісторыю, настаўнік прыводзіць у школьны музей, паказвае колішнія прылады працы, распавядае пра мінулае. А яшчэ на базе школьнага музея працуе гурток “Юны экскурсавод”. Наведвальнікі высока ацэньваюць вучняў, якія праводзяць экскурсіі.
Адно з захапленняў Міхаіла Анатольевіча – падарожжы. З жонкай, якая працуе ў Крэўскім Доме культуры, яны аб’ехалі амаль усю Еўропу. Цяпер, калі з-за пандэміі каранавірусу прыпыніліся замежныя паездкі, Міхалькевічы пераключылі ўвагу на Беларусь. Як толькі надыходзяць выхадныя, яны куды-небудзь едуць.
Гэтым летам пабывалі ў парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі ў Суле, з’ездзілі за Свір на Блакітныя азёры, а ў пазамінулыя выхадныя зрабілі падарожжа па Іўеўшчыне.
“Нам сумна сядзець дома, - кажа Міхаіл Міхалькевіч. – Пастаянна некуды цягне. Хочацца пабачыць нешта новае, цікавае”.