Імя ў літаратуры: Габрыэля Пузына


Все новости


Імя ў літаратуры: Габрыэля Пузына

ПУЗ ПАРТРЭТ З ГАЗЕТ.jpg

Нараджэнне і станаўленне творцы

Дабраўляны ў ХІХ стагоддзі былі паселішчам прыгонных сялян, што належалі бацьку пісьменніцы, графу і багатаму памешчыку з нямецкімі каранямі, віленскаму грамадскаму дзеячу, мецэнату і калекцыянеру графу Адаму Гюнтэру. 

ДАБр ПАЛАЦ фота.jpg

Паколькі вёска знаходзілася паблізу сядзібы ўладальніка, яна надавала назву і самой сядзібе: велічнаму палацу, парку і зямельнаму маёнтку. Таму калі мы чытаем, што Габрыэля нарадзілася ў Дабраўлянах, гэта не азначае, што – у вясковай хаце. Свае рэзідэнцыі памешчыкі стваралі не ў гарадах і не ў сталіцы, а менавіта на ўласных землях, адкуль блізка было кіраваць гаспадарчымі справамі.

Сёння ў Дабраўлянах з былых маёнткавых пабудоў сям’і Гюнтараў ацалелі толькі цагляны гаспадарчы будынак, бровар, капліца і старадаўні парк, акружаны воднымі каналамі.

Габрыэля Пузына ў “Мемуарах” успамінае, што маці доўгімі зімовымі вечарамі расказвала дочкам пра сваю маладосць у Варшаве, пра радавод сям’і і свецкае жыццё, знаёміла з песнямі і танцамі сваёй маладосці, добрымі манерамі, гаспадарчымі і медыцынскімі ўменнямі. На Габрыэлю яшчэ ў маленстве паўплывала захапленне  маці, якая займалася алейным і акварэльным жывапісам, а ў маладосці была вучаніцай у вядомых віленскіх мастакоў Яна-Пятра Норбліна і Аляксандра Арлоўскага. Падчас штогадовага зімовага прабывання сям’і ў Вільні прыватныя ўрокі малявання і музыкі Габрыэлі давалі “прыдворны дабраўлянскі” мастак Казімір Бахматовіч і музыкант Ян Рэнэр. Вялікі ўплыў на інтэлектуальнае развіццё дзяўчынкі зрабілі добрыя кантакты яе бацькоў з тагачаснымі свяціламі навукі і людзьмі мастацтва: пісьменнікам-апявальнікам  старадаўняй Літвы Ігнацыем Ходзькам, мастакамі Янам Дамелем і Янам Рустэмам, прафесарамі медыцыны Віленскага ўніверсітэта Юзафам Мяноўскім і Енджэем Снядэцкім, паэтам-філаматам і рэдактарам віленскіх часопісаў Антоніем Эдвардам Адынцом, выдатнай піяністкай Марыяй Шыманоўскай, цешчай Адама Міцкевіча. Да гэтага дадаваліся кантакты з блізкай раднёй: сям’ёй “пастаўскага дзядзькі” – вучонага-арнітолага Канстанціна Тызенгаўза, кузэна Аляксандра Пшэздзецкага, гісторыка і драматурга. Дзяўчынка вырасла ўдумлівай і ўражлівай на ўсё, што яе акружала: прыроду, мастацтва, хрысціянскія запаведзі, людскі боль.

У 1841 годзе, калі Габрыэля разам з маці адпачывала ў Друскеніках, яна пазнаёмілася з Тамашом Занам, які пазней часта гасціў у яе бацькоў. Да Гюнтэраў у Дабраўляны прыязджалі высокія каталіцкія іерархі і простыя памешчыкі-суседзі. Мы не маем звестак, якога характару было знаёмства Адама Гюнтара з Міхалам Клеафасам Агінскім. Але пра тое, што яно было, сведчаць выказванні самой Габрыэлі. Яна апісала, як з бацькамі гасціла  ў Залессі ў 1838 годзе на імянінах жонкі Агінскага.

Літаратурная дзейнасць

пузына.jpg

Габрыэля Пузына пісала па-польску. Літаратурную дзейнасць пачала з паэзіі. У 1828 г. яна дэбютавала вершам у варшаўскім часопісе “Motyl” пад крыптанімам “G.G.”. Характэрна, што першыя паэтычныя творы Габрыэлі называліся “Паэма пра Дабраўляны” і “Літоўскія дзеці – іх слоўцы, адказы, заўвагі,  сабраныя з сапраўднага жыцця”. Тут Габрыэля выступае сапраўднай прадаўжальніцай імкнення філаматаў і Адама Міцкевіча вывучаць і апісваць свой край, падкрэсліваць яго асаблівасць і каштоўнасці. Праўда, паэтычная творчасць Габрыэлі з часам набывала ўсё больш выразную рэлігійную і маралізатарскую афарбоўку.

Пачынаючы з 1843 года яна выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, першы з якіх, што меў назву “У імя Божае!”,  убачыў свет у Вільні.  Ён выйшаў у выніку намаганняў Ігнацыя Ходзькі. У зборніку былі творы выключна рэлігійнай тэматыкі. Крытыкі яго прынялі з вялікай цеплынёй, падкрэслівалі яго свежасць, чысціню, чароўную наіўнасць і высокую мастацкасць. Гэты зборнік яны называлі “прыгожым букетам паэтычных кветак”, “шэдэўрам прастаты, нявіннасці і веры”. У 1845 годзе пабачыў свет яшчэ адзін зборнік “Далей у свет!”, у якім былі сабраны  вершы “з нагоды”, а таксама лірычныя і кароткія эпічныя. У 1895 годзе выданне абодвух сваіх  зборнікаў Пузына часткова паўтарыла, аб’яднаўшы іх у адзін томік.

Габрыэля Пузына вядомая як празаік. З-пад пяра пісьменніцы выйшлі зборнікі “Прозай і вершам” (1856 год), “Малыя, але праўдзівыя апавяданні” (1857 год). Выдала яна і кнігу замалёвак “Літоўскія дзеці, іх слоўцы, адказы, назіранні”, у якой паказала паэтычны свет дзяцей беларускай вёскі.

За сваё не вельмі доўгае творчае жыццё – з 1834 па 1854 гады - Габрыэля Пузына напісала больш за 200 твораў. Некалькі нарысаў прысвяціла мастакам (“Ян Рэнер” і  “Сын карчмара”– белетрызаваная біяграфія Аляксандра Арлоўскага). Абодва гэтыя зборнікі крытыкі прынялі добразычліва, знайшлі ў іх “чароўнасць і вытанчанасць”.

Пазней Габрыэля Пузына пачала спрабаваць свае сілы ў напісанні драм. Аднаактавую камедыю “Карчма, якой няма” сыгралі артысты-аматары ў 1856 годзе. У 1859 – віленскі тэатр паставіў яе двухактавую вершаваную камедыю “Ці прыгожая? Ці багатая?”, на гэтай жа сцэне на наступны год быў пастаўлены вадэвіль “Мусульманін у Літве”, “Абразок” “Па-за горадам” і “Драматычная карціна ў двух актах” “Дачка філосафа ХVІІІ стагоддзя, а ў 1861 года – камедыя “Вайсковы крыж”. Каля дваццаці яе п’ес засталіся ў рукапісах.

Асаблівую літаратурную і гістарычную каштоўнасць маюць успаміны Габрыэлі Пузыны пад агульнай назвай “Мая памяць”. Яны паўсталі на падставе дзённіка і асабістай перапіскі пісьменніцы і ахоплівалі перыяд з 1815 па 1850 гады.

Рукапіс успамінаў, якія прадыктавала аўтар сваёй сакратарцы, ілюстраваны быў мноствам малюнкаў, літа- і фатаграфій і захоўваўся да вайны ў бібліятэцы Пшэздзецкіх у Варшаве. Разам з бібліятэкай быў знішчаны ў 1944 годзе. Гэтыя мемуары, побач з кампактнасцю і дакладнасцю, давалі падрабязную панараму жыцця ўсіх слаёў  грамадства  Вільні і віленскай правінцыі на працягу амаль паўстагоддзя. У 1928 годзе польскія гісторыкі Адам Чарткоўскі і Генрык Масціцкі выдалі першы том успамінаў пад назвай “У Вільні і літоўскіх маёнтках”. Другі том не быў выдадзены – і ўжо не будзе выдадзены ніколі, бо яго рукапіс згарэў разам з варшаўскай бібліятэкай.

Многія свае творы, а таксама фельетоны і публіцыстычныя артыкулы Пузына публікавала ў розных выданнях. Пад канец жыцця яна супрацоўнічала з варшаўскімі газетамі і часопісамі.

Сёння  Беларусь мае выдадзены на беларускай мове зборнік духоўных вершаў Габрыелі Пузыны ў перакладзе літаратуразнаўцы з НАН Ірыны Багдановіч пад назвай “Струмень любові”, а ў Мінску чакае на хуткае выданне першы том “Мемуараў” пісьменніцы, якія таксама пераклала Ірына Багдановіч. 

Апошнія гады жыцця

ГАРАЗ СТРУМЕНЬ ЛБОВІ.jpg

У 1851 годзе бацька Габрыелі падзяліў свой маёнтак паміж дочкамі. Габрыэлі аддалі Забалаць і Нястанішкі ў Свянцянскім павеце, а таксама Ігуменава ў Дзісенскім павеце. Непадалёк ад Нястанішак яна пабудавала сабе дом, названы Патулінам (“Утульным месцам”). 

ПАТУЛІН 1984.jpg

Уступіўшы ў шлюб з памешчыкам Тадэвушам Пузынам, яна пераехала ў яго маёнтак Гарадзілава ў Ашмянскім павеце, недалёка ад Маладзечна, але пражывала таксама ў Патуліне, Дабраўлянах і Вільні. У Гарадзілаве Габрыеля стварыла своеасаблівы цэнтр мастацкага і інтэлектуальнага жыцця. У яе салоне, акрамя памешчыкаў і святароў, бывалі пісьменнікі, мастакі, музыканты і нават артысты, яна ініцыявала супольнае чытанне кніг, арганізоўвала аматарскія спектаклі. У 1855 годзе прымала ў сябе Людвіка Кандратовіча (Сыракомлю), да кола яе знаёмых таксама належалі Антоні Концкі (польскі піяніст і кампазітар),  пісьменнік-рамантык Юзаф Кажанёўскі,  Уладзіслаў Міцкевіч, сын Адама Міцкевіча, кампазітары Станіслаў Манюшка і Генрык Веняўскі, паэт і філосаф з-па Вілейкі Эдвард Жэлігоўскі. Сярод землякоў-літаратараў асабліва блізкім Пузыне быў Ігнацый Ходзька, які яшчэ ў пяцідзесятыя гады рыхтаваў яе вершы да руку. Габрыэля Пузына пераняла ад свайго бацькі любоў да калекцыянавання. Яна збірала аўтографы знакамітых людзей.  

ПУЗЫНА МЕДАЛЬ юбіл.jpg

Сучаснікі высока цанілі філантрапічную дзейнасць Пузыны сярод сялян і тое, што яна моцна падтрымлівала маладыя таленты. “Яна многім адчыніла дарогу ў свет”, – пісалі пра яе. Памерла Габрыэля Пузына  ў Гарадзілаве 16 жніўня 1869 года, была пахавана ў падзямеллях тутэйшага драўлянага касцёла, які быў пашкоджаны ў выніку пажару.  Праўда, сярод мясцовых старажылаў дасюль ходзяць чуткі, што парэшткі Габрыелі Пузыны “за польскім часам” былі перапахаваны недзе ў Вільні.

Таццяна КЛЯШЧОНАК.

Фота з архіва аўтара.

 

 

Папялец

Прыйшла гадзіна: у святыні Божай

Звон папяльцовы пачулі людзі;

Ён праўдай душы ў глыбі ўстрывожыў:

Хто ўзяты з праху, той прахам будзе!

Ідзе красуня высокай пробы

Пакорна кленчыць і твар схіліла,

Прысыпаў попел яе аздобы,

Што стануць хутка таксама пылам.

Паэт схіліўся, у смутку вочы.

Паэце, знаю, што ў сэрцы маеш:

Калі свет славу табе прарочыць,

Так прыкра чуць, што трухлёю станеш!..

А во старэча аблічча хіліць,

Усмешка вусны яго кранае.

Пра вечнасць думка яго ў той хвілі,

Як пыл, яго сівізну жагнае.

Ідуць і кленчаць: сяляне, дзеці,

Жаўнеры – кожны з пачцівым страхам,

Бо кожны знае, чым ёсць у свеце

І чым ён стане – ён стане прахам!

Не сёння – заўтра смерць нас пакліча,

І развітаемся з гэтым светам,

Кладзецца попел нам на аблічча,

Што быў калісьці прыгожым кветам.

Вітаў Хрыста люд у дзень вясновы,

І весяліўся ўвесь Ерузалем.

Чым стаў цяпер той трыумф пальмовы?

Трухлёю! Прахам галінкі сталі!

Але з-пад пылу заззяе ў змроку

Прамень Любові, Надзеі, Веры!

І ён адчыніць зямному зроку

Праз попел пальмаў у вечнасць дзверы!

Браты, калі ксёндз пра попел кажа

І нам галовы ім пасыпае,

Надзею маем – збаўленне наша

Ужо нам у небе вянок сплятае!!!

Пераклад Ірыны БАГДАНОВІЧ.

24.09.2021

Возврат к списку