Жыхары Смаргоншчыны мелі магчымасць далучыцца да дабрачыннасці – набыць квіток на канцэрт і такім чынам зрабіць сваё ахвяраванне для маладога чалавека, які хоча палепшыць сваё здароўе.
Лідар гурта “Дразды” Віталь Карпанаў зазначыў: “Дабрачыннасць – важны момант для кожнага чалавека. Час цяпер вельмі складаны, ён патрабуе дабрыні, паразумення, цярпення. Каб палепшыць жыццё, мы павінны дапамагаць адзін аднаму, усміхацца, бачыць добрае. Таму я літаральна заклікаю ўсіх: спыніцеся, азірніцеся, праявіце ўвагу да іншых, станьце міласэрнымі”.
- Я так разумею, “Дразды” часта ўдзельнічаюць у дабрачынных мерапрыемствах…
- Прызнацца, мы не любім афішыраваць і тым больш рабіць піяр-хады на тэме дабрачыннасці. Але калі Вы пачалі гаварыць пра гэта, то магу адзначыць, што з развіццём сацыяльных сетак адбыўся нейкі дабрачынны бум. Да нас кожны дзень, і нават па некалькі разоў, у сацсетках звяртаюцца з просьбай дапамагчы. На жаль, усіх падтрымаць немагчыма. Часам прыходзяць пісьмы з просьбамі дапамагчы сабраць вялізныя грошы, мільёны долараў. І калі ты не ведаеш ні гэтых людзей, ні іх мэты, то цяжка даць станоўчы адказ.
- Чаму адгукнуліся падтрымаць Жэню са Смаргоні?
- Людзі, якія займаліся пошукам грошай, умеюць данесці інфармацыю. У выпадку Жэні мы бачым, што пастаўлена рэальная, адчувальная мэта. Для Жэні патрэбны 32 тысячы долараў, нам зразумела гэта сума і мэта дабрачыннасці. Мы рады, што зробім свой унёсак, частку неабходных грошай збяром. І цуд адбудзецца. Цуд на самой справе блізка!
Акрамя канцэрта, арганізатары падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў для слухачоў. Перад канцэртам у фае РЦК працавалі валанцёры: фатографы, аніматары, майстры па аквагрыме…
Аніматар Ганна Шульга – пастаянная ўдзельніца дабрачынных мерапрыемстваў. “Я - яскравая “пляма” на свяце, - усміхаецца Ганна. – З задавальненнем ствараю добры настрой людзям”.
У фотаальбомах многіх смаргонцаў ёсць здымкі ад Дзмітрыя Палянскага. Будуць і з гэтай імпрэзы. “Каб паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі, не трэба шукаць спецыяльную прычыну, - зазначае фатограф. - Можаш паўдзельнічаць? Выдатна! Магчыма, твая дапамога некаму спатрэбіцца. Сёння шмат удзельнікаў, якія спрабуюць свой унёсак зрабіць у добрую справу. Калі гэту дабрачыннасць дэманстраваць, напэўна, губляецца яе глыбокі сэнс”.
Напачатку канцэрта вядучая-валанцёр Ірына Казак разыграла сярод гледачоў сертыфікаты, якія бясплатна прадаставілі студыя прыгажосці “Харызма”, майстар-бравіст Надзея Чаховіч, цырульня “Black room”, студыя “Панда”, творчая група “Аксік-відэа”, а таксама білеты на канцэрты, якія адбудуцца ў клубе “Дзяўчынка, танцуй”. 20 сертыфікатаў на бясплатны друк фотаздымкаў прапанавала грамадскае аб’яднанне “Жыццё без межаў”.
“Вельмі прыемна, што людзі адгукнуліся, прыйшлі на канцэрт. Я ўдзячны ўсім – і гледачам, і валанцёрам, і артыстам”, - зазначыў Яўген Шмаціна.
На жаль, яшчэ далёка не ўся сума грошай, якая неабходна на лячэнне, сабрана. Збор прадаўжаецца. Запрашаем да ўдзелу ўсіх, у каго ёсць магчымасць падтрымаць Яўгена. Любая сума грошай будзе мець значэнне. Толькі разам мы можам зрабіць добрую справу.
Разліковыя рахункі ў ААБ “Беларусбанк” (BIC AKBBBY2X) для пералічэння дабрачыннай дапамогі: