Вечарына, прысвечаная 70-годдзю мастака Валянціна Варанішчы, адбылася ў Смаргонскім музеі


Все новости


Вечарына, прысвечаная 70-годдзю мастака Валянціна Варанішчы, адбылася ў Смаргонскім музеі

IMG_1240.JPG

IMG_1256.JPG

IMG_1264.JPG

IMG_1255.JPG

“У Вас вялікая спадчына, а ў нас тут толькі яе маленькая частка, створана Вамі нашмат больш”, - зазначыла вядучая вечарыны Вольга Самаркіна і паказала выставу, што ладзіцца ў музеі. Больш інфармацыі дадаў відэафільм, у якім дэманстраваліся работы Валянціна Варанішчы, прымалі ўдзел не толькі сам мастак, але і яго маці. Унікальныя кадры. Маці ўжо няма ў жывых.

IMG_1299.JPG

IMG_1305.JPG

IMG_1306.JPG

IMG_1301.JPG

Валянцін Фадзеевіч усё ж разгаварыўся. І прыпомніў дзіцячыя гады, сваю любоў да малявання. Легендарнага бацьку Фадзея Варанішчу, які ў 18 гадоў эміграваў ў Аргенціну і быў удзельнікам іспанскай рэвалюцыі. Сваю службу ў арміі, дзе быў палкавым мастаком і маляваў да 40 партрэтаў за тыдзень. Работу ў аддзеле культуры Смаргонскага райвыканкама. Першую выставу ў гісторыка-краязнаўчым музеі (на той час ён размяшчаўся ў цяперашнім будынку касцёла Святога Міхала Арханёла). Пра работу па афармленні школьных музеяў. Пра прыватную школу мастацтваў, многія выхаванцы якой звязалі сваё жыццё з творчасцю.

IMG_1280.JPG

“Радзіма, сям’я і Бог”, - гэта тое, што для мастака было самым галоўным у жыцці. Яно ўвасобілася і ў яго работах. “Я заўсёды шмат маляваў. І цяпер малюю, але мала выстаўляюся, - зазначыў Валянцін Варанішча. – Многія работы ў душы і ў думках перажываю. Калі нехта думае, што мастаку дастаткова сесці за мальберт – і ўсё, хутка чакай выніку, то гэта не так. Ёсць карціны, якія я пісаў год…

Маіх значных работ няма ў прыватных калекцыях.  Лічу, што яны павінны быць у музеі, там яны захаваюцца, а ў  прыватных асобаў могуць і згубіцца”.

Нядаўна Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей выдаў першы нумар часопіса “Кола жывапісу”, які прысвечаны мастаку Валянціну Варанішчу. Своеасаблівы падарунак майстру да яго юбілею. А мастак падчас вечарыны перадаў музею сваю работу. На памяць. На доўгае захаванне.

IMG_1343.JPG

З нагоды юбілею Валянціна Фадзеевіча павіншавала дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Алена Бобіна. Прысутныя ва ўнісон захапляліся, як цудоўна выглядае на свае гады мастак.

IMG_1281.JPG

IMG_1279.JPG

IMG_1283.JPG

Ала Страшынская, былая журналістка газеты “Светлы шлях”, выдала “сакрэт” маладосці: “Трэба любіць гэты свет”. А ў якасці падарунка паднесла юбіляру настольны каляндар (сумесны праекты газеты “Светлы шлях” і Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея) . Каляндар у свой час яна рыхтавала да друку разам з дызайнерам газеты Вадзімам Берзінем. На старонках календара – рэпрадукцыі карцін мясцовых мастакоў і ўрыўкі з вершаў мясцовых паэтаў. Ёсць тут і работы Валянціна Варанішчы.

“У Валянціна – не проста пейзажы, не проста партрэты. Там столькі філасофіі! Падабраць вершы да яго работ было даволі складана”, – прызналася Ала Страшынская. 

IMG_1339.JPG

Да віншаванняў далучыўся даўні сябра мастака Дзмітрый Гайковіч. “З Валянцінам сябраваў мой бацька, а пасля дружба перайшла “ў спадчыну”. Ганаруся гэтым.

70 гадоў – а вочы ў юбіляра блішчаць. Хачу пажадаць бліскучаму чалавеку плёну і юнацкага імпэту”.

P.S. Выстава работ Валянціна Варанішчы будзе працаваць у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі да 17 верасня.

IMG_1322.JPG

IMG_1308.JPG

IMG_1351.JPG

IMG_1352.JPG

IMG_1353.JPG

IMG_1356.JPG

IMG_1355.JPG

IMG_1359.JPG

IMG_1360.JPG

IMG_1365.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

06.09.2021

Возврат к списку