Насычана і цікава праходзяць летнія дзянькі ў яслях-садзе №6. Адны з любімых дзіцячых забаў улетку на пляцоўцы – гульні з пяском і вадой. Дзеці бяруць пясок жменямі і, як скрозь рэшата, прасейваюць яго паміж пальцамі. Перасыпаюць сухі пясок або размінаюць пальчыкамі мокры, адчуваючы яго цяпло ці прахалоду. Такім чынам ўзбагачаецца тактыльны вопыт, развіваецца адзін з важных органаў пачуцця - дотык.
З якім зачараваннем дзеці вараць супы і кашы з пяску і кормяць імі ўсіх запар! Пры гэтым, яны часта паўтараюць пачутыя ад дарослых рэплікі: “Каб з’еў усё да канца!”, “Я так старалася!”, “Тут шмат вітамінаў!”, “Лыжачку за тату, лыжачку за маму” і іншыя.
Менавіта на пяску будуецца першы ў жыцці дом, саджаецца дрэва, з выкарыстаннем мініяцюрных фігурак ствараецца “сям’я”. Насыпаючы ў вядзерца і формачкі пясок, дзіця трэніруе каардынацыю рухаў, дакладнасць і акуратнасць. Але і гэта не ўсё. Любыя пабудовы з пяску - гэта творчы працэс.
А як жа пясок без вады? Цяжка знайсці сярод прыродных багаццяў штосьці больш любімае дзецьмі, чым вада. Малышы ў гарачыя летнія дні плёскаюцца ў вадзе, назіраюць за фігуркамі, якія ў ёй плаваюць - рыбкамі, жабкамі, лодачкай, водзяць іх па вадзе, вымаюць іх з вады і зноў апускаюць, зачэрпваюць ваду вядзерцамі, пераліваюць яе ў іншы посуд або выліваюць на траву, пляскаюць па вадзе ручанькамі і захоплена крычаць, калі пырскі абліваюць іх з галавы да ног. А што можа быць лепш, чым шчаслівы твар дзіцяці! І ўжо не важна тое, што ў вас вакол адны лужыны. Гульні з вадой развіваюць дробную маторыку, каардынацыю рухаў. А яшчэ, вада – добры антыдэпрысант.
Улетку прырода дае вялікія магчымасці для развіцця пазнавальных здольнасцяў дзяцей. Гульні з вадой і пяском не пакінуць абыякавым ні аднаго дзіцяці. Яны не складаныя ў арганізацыі і прыносяць вялікую карысць дзіцяці.