Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь ІВАШКА, Рыпіна ЖАБІНСКАЯ і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына ГАЛДЫЦКАЯ.
Колькі перажыла-перацярпела гэта танклявая, мініяцюрная жанчына?.. Той, хто назваў жанчын слабым полам, напэўна, не ведаў іх сапраўдную сутнасць і патэнцыял. Меркаванне гэта відавочна прымушанае і не звязанае з рэальнасцю. З маленства жыццё выпрабоўвала яе на трываласць, цярпенне, сілу волі. Рыпіна Сямёнаўна змагла прайсці праз гэтыя выпрабаванні, не скарылася і прадаўжае жыць.
Родам жанчына са Жлобінскага раёна. У час вайны яна патрапіла ў канцэнтрацыйны лагер “Азарычы”, а пасля была вывезена на работы ў Германію. Спачатку працавала ў “баўэра” (фермера), а потым на нямецкім заводзе, абточвала трубы на станку.
Рыпіна Сямёнаўна ўспамінае, што спалі вязні на трохпавярховых нарах, на саломе. Тут жа была і прыбіральня. А кармілі – практычна адной куузікай (бручкай), накшталт рэпы.
“Выходзьце, вы – на волі”, - аднойчы пачулі яны доўгачаканую навіну…
Але вярнуўшыся дадому, Рыпіну чакала тужлівая вестка: з вайны не вярнуліся два яе браты. Толькі сярэдні Іван застаўся жывы. Пасля вайны яго, землямера, накіравалі на работу на Смаргоншчыну. З сабой хлопец забраў і сястру.
Рыпіна Сямёнаўна тут выйшла замуж, разам з мужам пабудавалі хату ў Каранях, выгадавала дваіх дзяцей. У калгасе імя Калініна жанчына адпрацавала паляводам больш за сорак гадоў.
Прыйшла ціхая старасць. “Не думала, што столькі пражыву. І вы доўга жывіце, - пажадала юбілярка на развітанне гасцям. – Толькі каб здаровыя былі і вайны не зведалі. Яна столькі гора людзям прыносіць”.