У музычна-гістарычную вандроўку “Каштоўнасці побач” - ў Кушляны
Помнікі – адлюстраванне гісторыі нашага народа, яго культуры. Ці можна выхаваць годнае будучае пакаленне без гэтай спадчыны? Ці будзе моцна стаяць на зямлі тое дрэва, якое не мае каранёў? З упэўненасцю можна сказаць, што гэтыя карані бяруць сваю моц з бласлаўлёнай зямлі, якая ўзгадавала слыннага сына Беларусі, таго, хто ўмацаваў наша з вамі агульнае імя – “беларусы” і абудзіў наш сапраўдны голас і годнасць роднай мовы. Размова ідзе пра сядзібу Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Менавіта гэта месца ідэальнае для таго, каб яшчэ раз узгадаць пра гісторыка-культурную спадчыну Смаргонскага раёна.
Удзельнікі музычна-гістарычнай вандроўкі “Каштоўнасці побач”, актыўныя грамадзяне “залатога ўзросту”, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту на базе УТЦСАН “Цёплы дом”,даведаліся, што Кушлянская сядзіба – адзіная сядзіба беларускага пісьменніка ХІХ стагоддзя, якая захавалася да нашых дзён. З пункту гледжання архітэктуры, гэта выдатны помнік драўлянага дойлідства канца ХІХ стагоддзя, адзін з нешматлікіх на тэрыторыі Беларусі, што добра захаваўся. Сядзібу стваралі пад кіраўніцтвам самога паэта, дзе ўвасобіліся погляды Багушэвіча на тое, якім павінен быць дом вясковага інтэлігента.
Вандроўнікаў са Смаргоні чакалі ў гэты дзень шмат цікавостак: цудоўная экскурсія па сядзібе ад загадчыка музея Алеся Жамойціна, квэст-гульня па тэрыторыі сядзібы, падчас якой госці прайшліся па яе знакавых мясцінах, каб адшукаць дэвіз Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін (адзначаўся ён 18 красавіка), гучалі любімыя вершаваныя і празаічныя радкі з твораў Францішка Багушэвіча і іншых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Напрыканцы гульні ўсіх чакаў музычны сюрпрыз: ля камня “Памяці Мацея Бурачка” прагучалі песні аўтарства Алеся Жамойціна ў выкананні Ігара Кавальскага.
Дэвіз Міжнароднага Дня помнікаў і гістарычных мясцін гучыць: “Захаваем нашу гістарычную Радзіму”. Удзельнікі мерапрыемства згадзіліся з тым, што вандроўкі ў такія знакавыя месцы спрыяюць і дапамагаюць увасобіць у жыццё дэвіз, які з такім натхненнем яны па слоўцах збіралі.