Толькі летась на рэстаўрацыю ўнікальнага помніка архітэктуры міжнароднага значэння было выдзелена амаль за мільён дзвесце тысяч рублёў. Гэта сродкі з рэспубліканскага бюджэту і Прэзідэнцкага фонду.
“Блізяцца да завяршэнняработы па 5 пускавому комплексу, - зазначыў Уладзімір Вайцэховіч, майстар ААТ “Белрэстаўрацыя”. - Гэта рэстаўрацыя другой, паўночна-усходняя сцяны, якая прылягае да Княжаскай вежы”.
Спецыялісты ААТ “Белрэстаўрацыя” ўзмацнілі фундамент, рэшткі сцяны, якія захаваліся, ачысцілі ад зялёных водарасцяў і грыбка, правялі гідрафабізацыю (апрацоўка паверхні прэпаратамі з мэтай атрымання воданепрымальнага эфекту), выканалі бутавую кладку (каменную, аснову якой складаюць буйныя камяні), а таксама работы па ўзнаўленні цэглавай кладкі (вялікую частку гістарычнай цэглы ўдалося адрэстаўраваць). Уладкавалі часовы дах і пастаянны (з керамічнай чарапіцы). З’явіліся і даволі масіўныя ўваходныя вароты.
Даўжыня сцяны – 85 метраў, яна з палявога каменя і цэглы. Таўшчыня – каля трох метраў, а максімальная вышыня – амаль 10 метраў.
У бліжэйшы час на Крэўскім замку правядуць добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі. Як адзначыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва,парадны фасад Крэўскага замка будзе даступны для турыстаў ужо летам.
На наступны год плануецца аднаўленне паўднёва-заходняй сцяны. Зроблена нямала, але наперадзе – яшчэ больш работы. Рэстаўрацыя гістарычнага аб’екта будзе весціся за кошт Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, інвестыцыйнай праграмы.