Гонар школы


Все новости


Гонар школы

IMG-14a5a995fe8a3e55f08c86c278a2bdac-V.jpg

Увесь гэты шлях прайшла Анастасія Ванеева, вучаніца 9 “А” класа сярэдняй школы №7. Сёлета яна прадстаўляла Гродзенскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Узнагароджана дыпломам трэцяй ступені.

Доўгім і складаным быў шлях да гэтай узнагароды. І пачаўся ён нават не ў пачатковай школе, калі малое дзяўчо прыняло ўдзел у першых выпрабаваннях, прысвечаных беларускай мове, а яшчэ раней: калі гадавалася ў бабулі і з яе вуснаў штодзённа чула простую родную мову. І кожнае слоўца западала ў душу, запаміналася лёгка, свабодна, не патрабавала дадатковых тлумачэнняў, нібы адчуваючы, што менавіта гэтая дзяўчынка прадоўжыць яго жыццё, захавае самабытнасць і непаўторнасць. Вёска заўсёды давала ёй жыццёвыя сілы. Яна і сёння імкнецца туды, да сваіх родных, каб акрыяць, пачуць беларускае слова.

Але кожны раз, вяртаючыся ў горад, Насця зноў самааддана бралася за працу. Паспявала ўсюды: вучылася на выдатна ў адукацыйнай школе, з поспехам займалася ў музычнай, пастаянна ўдзельнічала ў шматлікіх музычных конкурсах, рэспубліканскіх і міжнародных. У школе спрабавала свае сілы ў алімпіядах па розных прадметах – і дастаткова ўдала, таму што кожны раз заваёўвала прызавыя месцы. Але ў старэйшых класах зрабіла свой канчатковы выбар і пачала мэтанакіравана рыхтавацца да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Штодзённая праца, добрасумленнасць, адказнасць, высокая патрабавальнасць да сябе – тое, што дапамагае стаць пераможцай гэтай прыгожай дзяўчыне ва ўсім, за што ні возьмецца. Удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды – не толькі гонар, але і вялікая адказнасць, якую Насця годна вытрымала.


09.04.2021

Возврат к списку