“Трэба не дабаўляць гадоў жыцця, а напаўняць жыццём гады”
“Матэрыяльны недахоп у сям’і падштурхоўваў нас, дзяцей, знайсці багацце ў сабе”.
Уладзімір нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, ён быў самым малодшым, шостым дзіцем. Жылі небагата. Цацак прыгожых не мелі. Таму з ранняга дзяцінства хлопчык нешта прыдумваў, майстраваў сваімі рукамі: верталёты, ракеты, караблі, плоскіх і каробчатыхзмеяў… А аднойчы разам з братам Юрасём змайстраваў першыя цымбалы. Дровы, якія бацька прывозіў дадому з лесазавода, станавіліся для Валодзі матэрыялам для творчасці.
Бацька, заўважыўшы здольнасці дзяцей да малявання, стаў купляць ім фарбы. У сям’і шмат спявалі хорам. Акардэон, цымбалы, фартэпіяна – не кожная сям’я магла на той час пахваліцца, што мае хаця б адзін музычны інструмент. У Церабуноў былі ўсе гэтыя інструменты.
“Аляксандр Дзяруга стаў для смаргонскіх дзяцей сапраўдным Макаранкам”.
Сярод шматлікіх выхаванцаў няўрымслівага смаргонскага педагога Аляксандра Дзяругі быў і Уладзімір Церабун.
Аляксандр Анісімавіч навучыў Валодзю Церабуна граць на цымбалах, домры, кантрабасе і балалайцы, а гітару, фартэпіяна, акардэон хлопец змог асвоіць самастойна. Аднойчы на аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Гродне Вова добра сыграў на балалайцы і атрымаў прыз – невялікі фотаапарат. З таго часу фатаграфаваннестала яго адным з любімых заняткаў.
“Сем месяцаў катаржнай працы прынеслі мне вядомасць”.
Ужо на трэцім курсе да маладога скульптара прыйшла першая творчая перамога. Ён выйграў конкурс на стварэнне мемарыяльнага комплексу «Дальва», які быў аб’яўлены сярод студэнтаў. Яго праект быў прызнаны лепшым. Гэта работа стала дыпломнай. Пачынаючаму скульптару “Дальва” дала магчымасць атрымаць дыплом з “адзнакай” і на год раней скончыць інстытут. За яе малады творца атрымаў прэмію Ленінскага камсамола БССР. “Уручалі мне яе разам з “Песнярамі”, гэта я ўдакладняю пра той вялікі ўзровень, якога трэба было дасягнуць, каб атрымаць прэмію, - кажа Уладзімір Церабун. - Матэрыяльна я не пабагацеў, але “Дальва” стала мне добрым трамплінам у мастацкае жыццё. Праз чатыры гады мяне прынялі ў Саюз мастакоў”.
Пасля інстытута Уладзімір размеркаваўся ў Гродна, дзе пражыў 27 гадоў, сем гадоў узначальваў абласную арганізацыю Беларускага саюзамастакоў. З 2001 па 2015 жыў і працаваў у Мінску. Са сталіцы вярнуўся на малую радзіму – у Смаргонь. Тут, у ціхім райцэнтры, і дагэтуль пражывае вядомы беларускі скульптар.
“Каб натхняцца, трэба працаваць. Натхненне не прыходзіць да гультаёў”.
Уладзімір Васільевіч тут жа цытуе мастака Ілью Рэпіна: “Так называемае натхненне - гэта, па сутнасці, узнагарода за катаржную працу”. А вось што напісаў пра майстра Аляксандр Ларыёнаў, знакаміты мастак, скульптар, педагог: “Церабун пазбягае слова “натхненне”, аддаючы перавагу “працы”. Ён не чакае нябёснае інспірацыі. Праца кожнага дня– вось умова яго творчых набыткаў”.
І гэтыя словы пацвярджае самУладзімір Церабун: “Натхненне прыходзіць менавіта падчас працы. Таму калі нехта не працуе, дарэмна чакаць натхнення. Я ўсё жыццё шмат працаваў, ад гэтага, магчыма, пакутавала сям’я, але мастацтва патрабуе такой ахвяры. Варта адчуваць, што гэта тваё, што ты займаешся любімай справай. Калі я пераглядаю сваю творчасць, нейкія работы падабаюцца больш, нейкія менш, але ўсе яны – перажытыя...
І яшчэ. Грошы, матэрыяльныя здабыткі вельмі хутка знікаюць, а сорам за недаробленае, няправільна прынятыя рашэнні застаецца. Я ўсё жыццё працаваў так, каб не было сорамна”.
“Калі займаешся чымсьці, трэба рабіць гэта дасканала”, - яшчэ адзін афарызм, які лагічна прадаўжае тэму творцы.
Колькі на рахунку Уладзіміра Церабуна работ? Ён і сам гэтага не ведае. Дакладна вядома: 32 творы манументальнага мастацтва. Устаноўлены яны ў розных кутках Беларусі. Увогуле, ён майстар шматгранны. Правёў шэраг эксперыментаў у выкалатцы з металу, у скульптуры з мазаікай, у кампазіцыі са шкла, керамікі і металу, у круглай і рэльефнай скульптуры, пазней зацікавіўся графікай, акварэллю, алейным жывапісам. Творца называе лічбу 2000 і тут жа ўдакладняе: “Гэта тое, што прыпомніў”. Дарэчы, у Смаргоні ўстаноўлена восем яго работ. Асобна можна гаварыць пра 40 нерэалізаваных праектаў.
У 2014 годзе выйшаў поўнакаляровы, добрай якасці альбом “На хвалях часу”, у якім сабрана багатая спадчына таленавітага земляка. “У сваім мастацтве імкнуся да сімвалу. Не хачу проста адлюстроўваць тое, што адбывалася, а праз алегорыю хачу загаварыць пра тую ці іншую трагедыю, гэтым зачапіць чалавека, прымусіць задумацца”.
“Напісанае – застаецца. У літаратуры, паэзіі, жывапісе...”
І ўжо вядома, што да свайго 75-годдзя Уладзімір Васільевіч выпусціць альбом акварэляў “Хвіліны творчага натхнення”.
“Для гэтай кнігі з некалькіх соцень работ я адабраў невялікую колькасць. Захацеў сабраць пад адну вокладку тое лепшае, што выйшла з-пад майго пэндзля, што гадамі выхоўвала ў ва мне творцу, даючы велічную асалоду ад усхвалення прыгажосці беларускай прыроды, ад захаплення яе гармоніяй, спевамі і мелодыяй, даючы мне асалоду пошуку, натхнення і знаходак, - піша аўтар ў прадмове да сваёй кнігі-альбома.
Уладзімір Васільевіч імкнецца пакінуць памяць у кнігах не толькі пра сябе. Ён стаў ідэйным натхняльнікам для стварэння выданняў “Дзяруга” (2020 год) і “Трохалева” (2021 год), зрабіў матэрыяльны ўнёсак, каб гэтыя кнігі пабачылі свет.
“У першую чаргу рабі тое, што дае асалоду жыцця і што пасля цябе застанецца людзям”, – і гэта не толькі лейтматыў кнігі “Хвіліны творчага натхнення”, але і ўсяго жыцця Уладзіміра Церабуна.
“Цаніць кожны міг жыцця” – гэта раяць не толькі святары і псіхолагі, мудрацы і філосафы. Гэтым правілам кіруецца і юбіляр. “Трэба атрымліваць асалоду ад таго, чым ты займаешся. Нават калі заліваеш бетонам фундамент – вучыся радавацца працэсу, а нетолькі выніку працы”.
“Важнейшае з правіл – не колькі ты пражыў, а колькі ты пакінуў”. Спадчынай Уладзіміра Церабуна можна ганарыцца. Прычым, у жыццёвым “заплечніку” – не толькі работы творцы. Гэта і яго прадаўжэнне ў родных: дачка Наталля скончыла Гродзенскае вучылішча мастацтваў, потым Беларускую дзяржаўную акадэмію і стала дызайнерам. Шмат дапамагае бацьку ў рабоце над праектамі. Унучка Аліна вучыцца на другім курсе ў Гжэльскім мастацкім каледжы (Падмаскоўе) на дызайнера. Для скульптара іх дзейнасць прыносіць натхненне і жаданне займацца творчасцю. Наперадзе ў нашага славутага земляка шмат планаў і задумаў. І яны абавязкова здзейсняцца, бо накіраваны на дабро і творчасць.
З юбілеем, паважаны Уладзімір Васільевіч!
P.S. Якраз у дзень нараджэння Уладзіміра Церабуна, 11 красавіка, на канале БТ-3 “Культура” выйдзе перадача “Камертон” – аповед пра вядомага смаргонца. Пачатак перадачы – у 17.40.