Ужо дарослым хлопцам ён пачаў вучыцца мастацтву ў Вільні, а потым – у Маскве. Працаваў у друкарні пераплётчыкам. Аднойчы там убачыў кнігу пра скульптара Марка Антакольскага, захапіўся прачытаным і пачаў ляпіць сам. Вялікую дапамогу і падтрымку ў навучанні яму аказаў прафесар жывапісу Фердынанд Рушчыц.
У Маскве Ісаак Іткінд быў у ліку найбольш вядомых скульптараў. Яму прапаноўвалі з’ехаць за мяжу.У пошуках заробку і магчымасці лячэння ад сухотаў у 1924 годзе скульптар апынуўся у Крыме. У 30-х гадах Іткінд жыў у Ленінградзе. На выставе, прысвечанай 100-годдзю са дня смерці Аляксандра Пушкіна ў Эрмітажы, была прадстаўлена адна з самых вядомых работ Іткінда “Паміраючы Пушкін”.
Многія свае работы Ісаак Якаўлевіч дарыў і прадаваў. Яны папоўнілі калекцыі брата амерыканскага прэзідэнта Рузвельта, дзяржаўнага дзеяча Францыі Лявона Блюма. Скульптура “Расія, раздзіраючая ланцугі” ў Францыі была пададзена як “Расія ў ланцугах”. Пасля гэтага скульптара прызналі шпіёнам.
У 1937 годзе Іткінд быў арыштаваны. Пасля дзевяці месяцаў допытаў, болю і страху яго саслалі ў 10-гадовую ссылку ў Казахстан. 67-гадоваму скульптару давялося пачаць жыццё з чыстага ліста.
У Казахстане з’явіліся партрэты пісьменніка Сабіта Муканава, спевака Поля Робсана, паэткі Берты фон-Зутнер, скрыпача Паганіні, серыя партрэтаў мудрых старых казахаў, лірычныя вобразы дзяўчат, дзяцей, скульптурныя кампазіцыі “Далой вайну”, “Твар фашызму”, “Асвенцым”, “Іткінд у пекле” і іншыя. За некалькі дзён да смерці майстар закончыў работу над творам “Іткінд у раі”. Ісаака Іткінда, заслужанага дзеяча мастацтваў Казахскай ССР, назвалі заснавальнікам новай тэхнікі ў драўлянай скульптуры. Незадоўга да смерці скульптар пажартаваў: “Мне 98 гадоў, хутка памру. Але і ў раі я буду працаваць: там шмат натуры і райскага дрэва”.
“Яго работы, як правіла, невялікія па памеры, выкананы ў прыгожым матэрыяле – дрэве. Гэта надае твору своеасаблівую цеплыню і таямнічасць, - лічыць заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, скульптар Уладзімір Церабун. - Асноўныя сюжэты – кампазіцыі, партрэты як вядомых, так і простых людзей, з якімі ён быў знаёмы. У партрэтах – тонкі псіхалагізм, загадкавая ўсмешка ці душэўны боль чалавека, ці трагізм некаторых гістарычных падзей.
Ісаак Іткінд ствараў не партрэты герояў з натуры, не капіраваў натуру, а абагульняў вобраз, іншы раз парушаючы форму, як гэта робяць скульптары-аматары. Ён ведаў, што гэта робіць мэтанакіравана, для большай выразнасці твора. Да таго ж, скульптар працаваў з дрэвам. Адзін няправільны рух – і ўсё. Нічога не даклеіш. Справу трэба рабіць беспамылкова, а гэта майстэрства, якое набываецца дзесяцігоддзямі працы і перажытага жыцця.
Перабіраючы фота, мяне вельмі крануў, уразіў здымак, дзе Іткінд у майстэрні. У ім ачуваецца цяжар працы, цяжар тых няпростых часоў, вялікая працавітасць майстра і адданасць сваёй справе. Таму пацвярджэнне – вялікая спадчына, якую пакінуў Ісаак Іткінд нашчадкам”.
У смаргонскім музеі да нядаўняга часу не было ніводнай работы скульптара, яны захоўваюцца ў музеях Расіі і Казахстана. Па просьбе смаргонскіх супрацоўнікаў музея, з Санкт-Пецярбурга і Алма-Аты ў Смаргонь даслалі лічбавыя файлы, дзе адлюстраваны работы скульптара. Два гады таму, якраз у дзень нараджэння майстра, 9 красавіка, у гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася фотавыстава “Вядомы невядомы скульптар Ісаак Іткінд” (да 50-годдзя памяці скульптара, які памёр у 1969 годзе). На выставе было прадстаўлена 29 фотаздымкаў, якія можна было доўга разглядаць і адкрываць для сябе таленавітага земляка.
На экспазіцыі прываблівала ўвагу работа яшчэ аднаго нашага земляка, скульптара Уладзіміра Церабуна, які зрабіў і прадставіў на выставе партрэт Ісаака Іткінда ў рэльефе. Уладзімір Васільевіч вельмі шмат працаваў і над арганізацыяй самой выставы.
Тады на выставе прагучала прапанова, што трэба перавесці рэльефны партрэт у бронзу, дадаць тэкст і ўсталяваць на адным з гістарычных будынкаў горада (як мемарыяльную дошку). Смаргонь павінна ведаць сваіх герояў. Зрабіць гэта ў юбілейны год Іткінда было б вельмі сімвалічна.