Школа краўчых, альбо Усё сваё нашу на сабе


Все новости


Школа краўчых, альбо Усё сваё нашу на сабе

19-гадовая Броня Шутовіч накіроўвалася ў “школу краўчых”. “Як я хацела навучыцца шыць… - качае галавой 86-гадовая Браніслава Рафаілаўна. - Падыду да Аславяняцкага касцёла, спынюся, укленчу і пацеры гаваругавару... Бога прасіла, каб дапамог у маёй справе”.

Альжуня

“Школа краўчых” – звычайны вясковы дом, дзе жыла Альжуня Путырская. На заняткі да яе прыходзіла па пяць-шэсць дзяўчат з розных вёсак. Хлопцаў у сваю “школу” Альжуня ніколі не брала. Броню ўзяла, калі “выпусціла” адну з вучаніц. Дзяўчына хацела запісацца на заняткі ў 1951 годзе, але настаўніца не згадзілася групу перапаўняць. Прыняла новенькую, калі месца вызвалілася – восенню 1952.

Путырская была адзінай у той акрузе настаўніцай па шыцці. Іншыя швеі не хацелі дзяліцца сваім майстэрствам. Альжуня ахвотна дзялілася: зарабляла “рубель”. Кругам дзяўчаты садзіліся вакол вялікага стала - і настаўніца вучыла іх рабіць чарцяжы спадніц, штаноў, кашуляў… Потым выкройваць, сшываць, апрацоўваць край вырабу...

IMG_1315.JPG

Альжуня ПУТЫРСКАЯ, яе муж і Броня ШУТОВІЧ. 1952 год


Мая суразмоўца сцвярджае, што настаўніца працавала на вынік. Калі бачыла, што яе выхаванка пазнала ўсе прамудрасці кравецкай справы, спакойна “выдавала атэстат сталасці”.

IMG_4908.JPG

Браніслава ШУТОВІЧ. 2019 год


“Альжуні было гадоў пад пяцьдзясят, яна была “інвалідкай”, зусім не хадзіла, ад пояса - спаралізаваная. А рукамі валодала: вельмі добра і кроіла, і шыла, - малюе “партрэт” сваёй былой настаўніцы Браніслава Шутовіч. – Раней яна трохі хадзіла, абапіраючыся на ложак, а потым зусім ногі адняліся. Альжуня была даволі мажнай. А яе муж – невялічкі, худзенькі. Не кінуў жанчыну, калі яна “асела”.

Штораніцы жанчыну трэба было падняць, пасадзіць, памыць, адзець, накарміць. Зімой, каб Альжуня не мерзла, пад ложак ёй ставілі саган жару і абвешвалі посцілкай. Калі я стала яе вучаніцай, усё гэта мне давялося рабіць. З усіх дзяўчат яна мяне выдзеліла і захацела, каб я яе даглядала. Не адпусціла да дзядзькі Сымона, бацькавага стрыечнага брата, які жыў праз тры хаты…”

За тое, што Броня даглядала хворую, кошт за вучобу настаўніца ёй не зменшыла.

“Нават есці, можна сказаць, не давала, - удакладняе Браніслава Рафаілаўна. - Я ёй прыгатую, а мне вельмі рэдка калі прапаноўвала разам паесці. Я сваё ела: хлеб (на тыдзень – паўбулачкі хапала) з маслам, сала скібачку, яйко звару ды чай з цукрам, так і харчавалася. Няшмат, таму і худая была”.

Пятнаццаць пудоў жыта і пятнаццаць пудоў бульбы – столькі каштавала вучоба ў краўчыхі Альжуні. Каб назбіраць на вучобу, Броня хадзіла “служыць” суседзям – пасвіць кароў за Арцёміху, Дударыху, Шатраўскіх…

Атэлье на даму

Браніслава Рафаілаўна сцвярджае, што шыла ўсё, акрамя верхняга адзення: і мужчынам, і жанчынам, і дзецям. Мужчынам – простыя штаны і “галіфэ”, кашулі і нават ніжнюю бялізну. Жанчынам – блузкі, спадніцы розных мадэляў – шырокія, расклёшаныя і прамыя, сукенкі – свабоднага крою і прыталеныя, халаты і станікі.

“На смерць” шмат каму сукенак пашыла. Сабе і дзецям “капоткі” на падкладцы спраўляла.

- Браніслава Рафаілаўна, а Вы былі модніцай?

- Зусім не. Калі было модзіцца? Работы ў хаце шмат, і ў калгас трэба ісці. Я ж не толькі шыла, гэта так… прырабатак. Калі час мела, тады і заказы выконвала. У паляводстве ўсё жыццё адпрацавала. На танцы мала хадзіла, да кавалераў не надта тулілася. Замуж так і не выйшла. З бацькамі ўсё жыццё пражыла, дагледзела іх аж да смерці… - вочы маёй суразмоўцы сталі вільготнымі, а потым раптам павесялелі. – Але не думайце, што ў маёй шафе было бедна. Сукенак шмат мела, усе сама пашыла. Простыя – у зборачку ці пад рызінку. Да таліі сукенак не насіла, бо надта фігурнай ніколі не была. А яшчэ вязала кручком і пруткамі. Пашыю сукенку – магу нешта на ёй вышыць ці кручком гарлавіну аздобіць. Вось і кофту гэту, што на мне, сама звязала.

Калі чалавеку за 80, у адзенні ён ставіць стаўку найперш на зручнасць, таму нядзіўна, што гардэроб маёй гераіні цяпер пераважна складаецца з кашуляў і халатаў. Адзін халат мне асабліва спадабаўся – яркі, камбінаваны, з рознымі каляровымі ўстаўкамі. Кашулі таксама цікавыя, з аздобленымі варатнікамі, на сучасны манер іх можна назваць тунікамі. Адчуваецца, мая гераіня мае густ і дызайнерскую жылку.

Бацькі Броні выгадавалі дваіх сыноў і траіх дочак. Кожнай дачцэ ў пасаг купілі па швейнай машынцы. У “школу краўчых” вырашылі адправіць сярэднюю Броню. А тая, навучыўшыся, павінна была перадаць свой вопыт сёстрам. Так і адбылося. Пасля і іншых вучаніц мела – дзяўчат з Лісічына. 45-гадовы пляменнік Пётр з Солаў, у якога ўжо другі год жыве Браніслава Шутовіч, усміхаючыся, расказвае: “Мяне цётка таксама шыць вучыла. Як прыйшоў з арміі, сам сабе штаны выкраіў і пашыў. І насіў! “У ліхія 90-я”, калі ў магазінах нічога не было, то і ўменне шыць выратавала многіх”.

маляванка.jpg

Летам 2018 года сябры Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства (СЭТ) з Мінска купілі ў Браніславы Рафаілаўны маляванку. На жаль, канчаткова аўтарства гэтай работы так і не ўстаноўлена. Мы дапускаем думку, што намалявала яе самадзейная мастачка Ніна Бохан. Гэту здагадку трэба канчаткова абвергнуть ці пацвердзіць. Мы звяртаемся да нашых чытачоў: калі вы нешта ведаеце пра мастачку Ніну Бохан, магчыма, дома ў вас захаваліся яе работы, вы бачылі іх у знаёмых, а можа, ведаеце іншага мастака, які таксама ствараў падобныя рэчы, то абавязкова паведаміце пра гэта ў рэдакцыю газеты. Любая інфармацыя можа аказацца важнай. Нашы тэлефоны: 3-84-19, 8(029)302-12-25.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва СЭТ.

17.11.2019

Возврат к списку