Мастак Уладзімір Навіцкі ў Залессі правёў майстар-клас
У музеі пастаянна ладзяцца выставы мастакоў і фотамастакоў. Калі мы прыходзім на выставу, то бачым гатовы вынік. У залежнасці ад свайго светапогляду, густу, адносін да наваколля робім для сябе выснову: што падабаецца, што кранае, а што не. А як ствараецца карціна? Што адчувае мастак падчас яе напісання? Адкрыць таямніцы згадзіўся таленавіты чалавек, мастак, канструктар-дызайнер Уладзімір Навіцкі.
Уладзімір Аляксеевіч жыве ў Залессі, яго выставы ўжо ладзіліся ў сядзібе. Цяпер мастак згадзіўся правесці майстар-клас “Ліпеньскі калейдаскоп”, прымеркаваны да году малой радзімы.
У майстар-класе ўдзельнічалі госці з УТЦСАН “Цёплыдом” і індывідуальныя наведвальнікі сядзібы. Уладзімір Аляксеевіч крыху расказаў па сябе і пра асноўныя тэхнікі жывапісу. А потым пачалася таямніца… Усе, затаіўшы дыханне, назіралі, як ствараецца карціна. Мастак працаваў у адной з самых складаных жывапісных тэхнік – акварэлі. Акварэльны жывапіс патрабуе ад творцы цудоўнага валодання майстэрствам пэндзля, бачання тону і колеру, ведання законаў змешвання колераў і нанясення на паперу.
Падчас работы мастака ў тэатральна-музычнай зале было ціха-ціха, і толькі гукі музыкі суправаджалі працэс стварэння карціны. І калі ён паклаў пэндзлі, публіка ўбачыла прыгожыя краявіды. Усё атрымалася! Пра гэта сведчылі апладысменты гасцей і шматлікія пытанні да мастака. Самым актыўным удзельнікам Уладзімір Аляксеевіч нават падарыў свае работы.