Шматграннае жыццё Ігара Сарокі


Все новости


Шматграннае жыццё Ігара Сарокі

Пасля заканчэння школы юнак паступіў у БНТУ. Гэтаму пасадзейнічала настаўніца, якая на адным з урокаў, падчас гутаркі са старшакласнікамі аб выбары прафесіі, расказала пра свайго пляменніка. Ён скончыў вучобу і працуе ліцейшчыкам, з’яўляецца выдатным спецыялістам, якога цэняць і паважаюць калегі і адміністрацыя прадпрыемства.

Ігар Віктаравіч адзначыў, што ліцейшчык – гэта ўніверсальны спецыяліст, у адрозненне ад металурга, які спецыялізуецца толькі на выплаўцы металу. Ліцейшчыкаў з універсітэта выпускаецца вельмі мала, каля 20 чалавек, і размяркоўваюць іх у асноўным на буйныя прадпрыемствы – МАЗ, МТЗ, Жлобінскі металургічны завод.

На першым і другім курсах універсітэта будучыя інжынеры-ліцейшчыкі працуюць фармоўшчыкамі, заліўшчыкамі, каб ведаць гэту справу. У БНТУ вельмі добрая тэхнічная база. Навучанне праводзіцца пад кантролем вопытных выкладчыкаў-прафесараў.

З трэцяга курса практыка была на прамысловых прадпрыемствах. У асноўным да сябе студэнтаў запрашаў Мінскі трактарны завод. Адзін год Ігару Сароку выпала практыкавацца ў Смаргоні, на ліцейна-механічным заводзе. Для юнака гэта быў толькі плюс, бо ён вырас у гэтым горадзе, тут жывуць яго бацькі.

Потым ЛМЗ накіраваў у БНТУ заяўку, і пасля заканчэння гэтага тэхнічнага ўніверсітэта малады спецыяліст з новенькім дыпломам інжынера ліцейнай вытворчасці вярнуўся ў Смаргонь. І сёння Ігар Сарока ўдзячны дырэктару ліцейна-механічнага завода Эдуарду Падгайскаму і тагачаснаму галоўнаму інжынеру Аляксандру Маркевічу за тое, што на першым часе падтрымалі, прадаставілі магчымасць праявіць сябе, вырасці ў прафесійным плане.

Да справы з творчым падыходам

У першы год сваёй самастойнай працы Ігар Сарока амаль увесь час прападаў у цэху, стараўся ўнікнуць у вытворчасць. Адміністрацыя завода падтрымлівала маладога спецыяліста, выдаткоўвала пэўныя сумы фінансавых сродкаў для таго, каб ён мог праводзіць вытворчыя эксперыменты. Усё гэта дало значны вынік, былі распрацаваны два праекты. Адзін з іх тычыўся стварэння ўчастка для разавых заказаў на невялікай заводскай плошчы. І хаця задача даволі складная, але яе ўдалося выканаць найлепшым чынам. Прычым у сціслы тэрмін – за адзін год.

Праект Смаргонскага ЛМЗ быў удастоены прэміі Асацыяцыі ліцейшчыкаў і металургаў як “Лепшы інавацыйны праект, укаранёны ў ліцейную і металургічную вытворчасці,  накіраваны на павышэнне якасці прадукцыі, энерга- і рэсурсазберажэнне”.

IMG_8651.JPG

Ігар САРОКА каля ліцейнай прадукцыі, якую распрацаваў і вырабіў сам. Гэта герб салезіянцаў і люк да 70-годдзя ліцейна-механічнага завода


Другі праект таксама рэалізаваны. Гэта замена ваграначнага комплексу з устаноўкай эфектыўнай сістэмы пылагазаўлаўлівання, каб прадпрыемства не забруджвала паветра шкоднымі выкідамі. Ігар Сарока ўзгадаў, што перад тым, як узяцца за распрацоўку праекта, быў вывучаны міжнародны вопыт па мадэрнізацыі ліцейнай вытворчасці.

“Я пабываў у Кітаі, Польшчы, Германіі, знаёміўся з аналагічным тэхналагічным абсталяваннем”.

“Наш праект – адзіны ў рэспубліцы па ўстаноўцы печаў закрытага тыпу, што пазбавіла прадпрыемства ад шкодных выкідаў у атмасферу. На Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання спрабавалі ўстанавіць сістэму ачысткі, але без замены плавільных печаў. І там нічога не атрымалася. Цяпер МТЗ плануе правесці мадэрнізацыю сваёй ліцейнай вытворчасці, прадстаўнікі завода прыязджаюць у Смаргонь, каб пераняць вопыт”.

Ёсць трэці этап мадэрнізацыі мясцовага ліцейна-механічнага завода. Звязаны ён з адмаўленнем ад кокільнага ліцця, пераходам на ліццё ў зямлю. Апошняя тэхналогія больш простая і танная. А яшчэ на трэцім этапе прадугледжана ўстаноўка аўтаматычнай фармовачнай лініі. Пасля гэтага Смаргонскі ЛМЗ можна будзе аднесці да ліку вядучых ліцейных прадпрыемстваў рэспублікі.

На вытворчых плошчах былога “Літкама”, дзе калісьці выпускалі поршневыя кольцы, адміністрацыя ліцейна-механічнага завода плануе стварыць участак па фарбоўцы люкаў. Хаця чыгун не паддаецца карозіі, але пры трапленні на яго вільгаці, на паверхні з’яўляецца рыжы налёт, што надае гэтай прадукцыі не вельмі эстэтычны выгляд. Таму фарбаванне люкаў дазволіць павысіць іх канкурэнтаздольнасць на рынку.

Начальнік адд зела, дружыннік і народнызасядацель

Ігар Сарока ўзначальвае тэхнічны аддзел ЛМЗ. Спектр задач даволі шырокі: рапрацоўка канструктарскай тэхналагічнай дакументацыі для новых відаў прадукцыі, тэхналогій вырабаў, штодзённы кантроль за якасцю выпускаемай прадукцыі.

“У нас ёсць план па распрацоўцы новых тэхналогій. Кожны год укараняюцца дзве-тры. Гэтым займаюся непасрэдна я, - кажа Ігар Віктаравіч. – Спачатку праводзіцца доследная плаўка металу, адліўка вырабаў. Сачу за тым, каб быў павераны ўвесь інструмент, прыборы. Ваграначны комплекс цалкам аўтаматызаваны. Вытворчым працэсам кіруе аператар пры дапамозе камп’ютара. Дарэчы, гэтай прафесіі новых работнікаў навучаю я, паколькі калісьці першым асвоіў камп’ютарнае кіраванне”.

IMG_8633.JPG

Начальнік тэхнічнага аддзела Ігар САРОКА абмяркоўвае рабочыя пытанні з вядучым інжынерам-канструктарам Алай АНОП і інжынерам па якасці Наталляй АЛЕЙНІК


А яшчэ Ігар Сарока з’яўляеццасакратаром заводскай пярвічнай арганізацыі БРСМ. Моладзь пастаянна арганізоўвае на прадпрыемстве розныя святы, віншаванні юбіляраў, напярэдадні Новага года наведвае з падарункамі дамы сямейнага тыпу, удзельнічае ў спартыўных мерапрыемствах, інтэлектуальным турніры. Акрамя гэтага Ігар Віктаравіч з’яўляецца дружыннікам, разам з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы міліцыі ахоўвае грамадскі парадак у нашым горадзе. Часта бывае ў судзе. Там ён - народны засядацель. Вельмі любіць амерыканскія аўтамабілі, свабодна валодае англійскай мовай, захопленены гульнёй у покер. Сёлета ўпершыню ўдзельнічаў у адкрытым чэмпіянаце Беларусі па покеру. У бліжэйшых планах гэтага маладога і перспектыўнага работніка – паступіць у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

19.07.2019

Возврат к списку