Задачы застаюцца нязменнымі

 

Задачы застаюцца нязменнымі

Власть
23.01.2020
1062
Нядаўна ў Гродне прайшла чарговая справаздачна-выбарная канферэнцыя абласнога аб’яднання прафсаюзаў. У ёй удзельнічалі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі  Міхаіл Орда, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук. Удзельнікам гэтага мерапрыемства быў і старшыня Смаргонскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенцій Найдзіч.

Проф 2.jpg

Прэзідыум справаздачна-выбарнай канферэнцыі абласнога аб’яднання прафсаюзаў. У цэнтры - старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл ОРДА.


На канферэнцыі былі падве­дзены  вынікі работы Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў за апошнія пяць гадоў, абмяркоўваліся пытанні абароны правоў працоўных, кантрактнай формы найму на працу, аховы працы, своечасовай выплаты заработнай платы, работы з моладдзю і ветэранамі.

Як адзначыў у сваім выступленні старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, прафсаюзы Прынёманскага рэгіёна з’яўляюцца масавай грамадскай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах каля 400 тысяч работнікаў розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Таму выканаўчая ўлада надае вялікую ўвагу ўзаемадзеянню з гэтай арганізацыяй. Падпісана пагадненне аб сацыяльным партнёрстве, у якім вызначаны асноўныя напрамкі сумеснай дзейнасці, у тым ліку па пытаннях занятасці насельніцтва, выплаты зарплаты работнікам прадпрыемстваў і арганізацый, ахове працы на вытворчасці.

Уладзімір Васільевіч выказаў удзячнасць прафсаюзам за тое, што яны своечасова выяўляюць праблемы, паведамляюць аб іх выканаўчай уладзе, калі неабходна прыняць меры ўздзеяння да вінаватых для паляпшэння сітуацыі.

“Абарона правоў працоўных – адна з галоўных задач, выкананнем якой павінны займацца прафсаюзы”, - адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Асноўныя напрамкі дзейнасці прафсаюзных камітэтаў у маштабах  нашай краіны застаюцца нязменнымі і тычацца павышэння заработнай платы працаўнікоў, абароны іх сацыяльна-эканамічных правоў, інтарэсаў, прадухілення вытворчага траўматызму.

Міхаіл Сяргеевіч дадаў, што ў сувязі з уступленнем у сілу новага Працоўнага кодэкса з 28 студзеня, а таксама са змяненнямі парадку налічэння  зарплаты бюджэтнікам для аператыўнага рэагавання на заўвагі па яе налічэнні ў рэгіёнах краіны пачалі працаваць “гарачыя лініі”.

На справаздачна-выбарнай канферэнцыі быў абраны новы старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Ім стаў Барыс Казялкоў, які раней узначальваў Гродзенскую абласную арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Намеснікам выбраны Леанід Адамоніс, які працаваў раней на пасадзе намесніка старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК.

Таксама былі выбраны дэлегаты на VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота прадастаўлена раённым аб’яднаннем прафсаюзаў.

Статьи по теме: