Старшыня Смаргонскага райвыканкама Генадзь Харужык падвёў вынікі 2019 года, а таксама расказаў аб планах для рэгіёна на будучыню
Пра тое, чым быў напоўнены мінулы год і што чакаць у бягучым, мы размаўляем са старшынёй райвыканкама Генадзем Харужыкам.
Эканоміка
Сёння ў Смаргонскім раёне працуюць 13 буйных прамысловых прадпрыемстваў. Акрамя таго, вытворчай дзейнасцю заняты больш за 80 суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу.
За 2019 год яны выпусцілі прадукцыі больш чым на мільярд рублёў, гэта 12% ад аб’ёму па Гродзенскай вобласці. У параўнанні з 2018 годам павялічыўся аб’ём экспарту тавараў на 9,1% і склаў больш за 470 млн. дол. ЗША. Сёння мы пастаўляем тавары ў 43 краіны свету, найбольш, безумоўна, гандлюем з Расіяй (57%), а таксама з Польшчай, Літвой, Украінай і Румыніяй. Павялічыўся за 2019 год і аб’ём экспарту паслуг у 1,8 разы ў параўнанні з 2018 годам (больш чым 11,2 млн. дол. ЗША). Пераважна гэта транспартныя і будаўнічыя паслугі, якія аказваліся рэзідэнтам 34 краін свету.
Іншаземныя інвестыцыі, прыцягнутыя ў раён, склалі больш за 50% ад аб’ёму ўсёй вобласці (больш за 21 мільён дол. ЗША). У мінулым годзе пачата будаўніцтва гасцінічнарэстараннага комплексу па вул. Віктара Роўды і МТК “Пальміра” ТАА “Дэйрыфарм”. ТАА “УльтраПлай” завершаны будаўніча-мантажныя работы цэху па вытворчасці шпоны і фанеры.
За 2019 год адкрыліся 8 новых гандлёвых аб’ектаў плошчай 1349,2 кв. м. 189 аб’ектаў аказваюць бытавыя паслугі. Найбольш сярод іх салонаў прыгажосці, нямала таксама аўтарамонтных майстэрняў. Шырока распаўсюджаны камп’ютарныя паслугі і паслугі па рамонце адзення.
Што ў бліжэйшай перспектыве? Плануецца не толькі мадэрнізацыя вытворчых ліній, закупка новага абсталявання, але і вытворчасць прадукцыі новага прадпрыемства ТАА “Ультра Плай”, реалізацыя інвестыйных праектаў. Будзем адкрываць невялікія, зручныя магазіны ў крокавай даступнасці. Перш за ўсё - па вуліцах Савецкай і Камсамольскай.Радуе, што ўзровень беспрацоўя за 2019 год не перавысіў 1%.
У 2019 годзе Смаргонскі раён занесены на абласную Дошку гонару за дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці прамысловасці па выніках 2018 года.
Звання «Чалавек года Гродзеншчыны» ўдастоена дырэктар КСУП «АгроСолы» Вольга Лук’яненка.
Будаўніцтва
У Смаргонскім раёне штогод будуецца шмат кватэр у шматкватэрных і індывідуальных жылых дамах. У мінулым годзе пабудавана 186 кватэр у шматкватэрных жылых дамах, 60 кватэр у індывідуальных жылых дамах уведзены ў эксплуатацыю, у тым ліку 19 кватэр у сельскай мясцовасці.
Характэрна, што на рынку будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў у нашым горадзе з’явілася прадпрыемства ААТ “Гроднажылбуд”. З 2017 года гэтым прадпрыемствам было пабудавана 272 кватэры.
У горадзе з’явіўся новы раён забудовы па вул. Камсамольскай. Цяпер вядзецца будаўніцтва 119-кватэрнага жылога дома па вул. Камсамольскй, 50-кватэрнага жылога дома па вул. Юбілейнай. Увод у эксплуатацыю гэтых дамоў запланаваны ў 2020 годзе. Усяго ў бягучым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 259 кватэр, з іх 65 - у індывідуальных дамах, у сельскай мясцовасці - 11. Таксама ў 2020 годзе будзе пачата будаўніцтва 49-кватэрнага жылога дома ў новай забудове мікрараёна Усходняга для асоб, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў. Плануецца пачаць будаўніцтва жылых дамоў у мікрараёне Карані і ў далейшым развіваць жылую забудову менавіта ў гэтым мікрараёне.
Таксама запланавана завяршыць работы па рэканструкцыі вул. Асланова, а ў 2021 – поўнасцю рэканструяваць праспект Індустрыяльны.
Сельская гаспадарка
Прыярытэтнымі напрамкамі ў сельскай гаспадарцы для нашага раёна застаюцца вытворчасць зерня, цукровых буракоў, масланасення рапсу, а таксама нарыхтоўка кармоў для жывёлы. Зерня ў 2019 годзе атрымалі 55,7 тысячы тон. Ураджайнасць склала 28,5 ц/га. Гэтага, безумоўна, недастаткова, каб задаволіць усе патрэбы. Таму прынялі рашэнне ўбраць на зерне 1026 гектараў кукурузы (намалацілі 5 тысяч тон). Цукровых буракоў сабралі больш за 79 тысяч тон. Крыху больш чым у 2018 годзе, нарыхтавалі травяных кармоў, таму поўнасцю забяспечылі патрэбы пагалоўя.
Лепш за ўсіх паказала сябе ў нарыхтоўцы кармоў гаспадарка “АграСолы”, дзе нарыхтавана ў разліку на адну ўмоўную галаву 35 ц кармавых адзінак. За мінулы год ўведзена ў эксплуатацыю 5 сховішчаў травяных кармоў.
Медыцына
У Смаргонскай раённай бальніцы сёння працуюць 165 урачоў-спецыялістаў, 3 урачыінтэрны, 549 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. З 1 жніўня да работы прыступілі 14 маладых спецыялістаў.
У 2019 годзе закуплены новыя апараты для штучнай вентыляцыi лёгкiх. Набыты новы аўтамабіль УАЗ для аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі. Пачаў працаваць новы рэнтгенаграфічны апарат.
У мінулым годзе праведзены капiтальны рамонт стаматалагiчнага аддзялення. Зроблены рамонт лiфтавога абсталявання. Адчынена тэрапеўтычнае аддзяленне №2 паліклінікі па вуліцы Юбілейнай. Там пацыентаў прымаюць урачы агульнай практыкі.
Адукацыя
Сістэма адукацыі Смаргонскага раёна захавала высокія паказчыкі мінулых гадоў. Галоўная ацэнка вучнёўскіх ведаў сёння - цэнтралізаванае тэсціраванне. Па выніках 2019 года сярэдні бал па дванаццаці вучэбных прадметах вышэйшы, чым абласны паказчык. Тры вучаніцы атрымалі самы высокі вынік: Марыя Філенкова па рускай мове (гімназія), Кацярына Майсеенка па рускай мове (СШ №3), Валерыя Свірбут па хіміі (СШ №1).
Вучні Смаргонскага раёна заваявалі 18 дыпломаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Яшчэ тры дыпломы прывезлі з абласнога конкурса даследчых работ “Крыштальная Альфа”. Па выніках заключнага этапу алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы Аляксандра Дурэйка (вучаніца гімназіі) ў складзе каманды Гродзенскай вобласці ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені.
За высокія дасягненні ў працоўнай дзейнасці лаўрэатам прэміі абласнога Савета дэпутатаў стала Кацярына Дудзінская, настаўніца музыкі, кіраўнік “узорнага” калектыву “Нальшчаначка” Жодзішкаўскай сярэдняй школы. А вучаніца сярэдняй школы №7 Анастасія Ванеева атрымала абласную прэмію імя А. І. Дубко.
Лялечнаму тэатру “Смаргонская батлейка” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прысвоена званне “ўзорны” калектыў.
Прыярытэтным напрамкам з’яўлялася аздараўленне дзяцей. У летні перыяд аздараўленне было арганізавана для 59% школьнікаў.
У мінулым годзе адрамантаваны харчблок дзіцячага сада №14 з поўнай заменай тэхналагічнага абсталявання, праведзены рамонт фасада сярэдняй школы №7. А для Сольскай школы і сярэдняй школы №3 набыты новыя аўтобусы для падвозу дзяцей.
Культура
Плённа працавалі ўвесь мінулы год і работнікі культуры. Далёка за межамі Смаргоншчыны вядомы нашы традыцыйныя фестывалі “Кераміка Крэва”, “Чароўны свет батлейкі”, “Вяртанне Паўночных Афінаў”, рэгіянальны конкурс-пленэр “Мой край Смаргоншчына”. У 2019 годзе музей-сядзіба М. К. Агінскага ў аг. Залессе збіраў дарослых і дзяцей на касцюмаваныя балі. Мы паўдзельнічалі ў міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. З’явіліся і новыя мерапрыемствы, якія стануць традыцыйнымі: абласны конкурс танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі” і фестываль “Вяргіні да дня нараджэння Міхала”. Добрую адзнаку атрымалі фестываль-кірмаш “Смаргонскія абаранкі” і абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі -2019”, які прайшоў у Смаргоні.
Кожны аграгародок Смаргоншчыны мае свае адметныя святы. У Крэве – гэта “Крэўскія жарты”, “Купалле” і “Купальскія матывы” прайшлі ў Залессі і Вішневе, фестываль побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод” - у Жодзішках, “Свята беларускіх гаспадынь” - у Сіньках, “Аграгарадок шчаслівых сем’яў” - у Солах і народнае гулянне “Мядовы смак” - у Бялкоўшчыне. Свята кветак адбылося ў Лылойцях, а “Кушлянская талака” – у Кушлянах.
У Год малой радзімы і 75-годдзя Гродзенскай вобласці ў кожным аграгададку і аддаленых вёсках раёна прайшла акцыя “Майстры творчасці з паклонам да роднай зямлі”, у рамках якой было праведзена звыш 150 канцэртаў і святочных мерапрыемстваў.
Нязменна радуюць дасягненнямі і навучэнцы школ мастацтваў. Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначана стыпендыяй навучэнка ДУА “Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў імя М. К. Агінскага” Анастасія Ванеева, прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адзначана навучэнка ДУА “Сольская дзіцячая школа мастацтваў” Юліана Шаравар.
Працягваюцца работы па адраджэнні знакавых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Выканана кансервацыя з рэстаўрацыяй паўночна-заходняй сцяны Крэўскага замка. Адноўлена Кітайская альтанка ў англійскім пейзажным парку музея-сядзібы імя М. К. Агінскага. Там жа пачаліся работы па рэстаўрацыі канюшні.
Спорт
Падрыхтоўкай маладых спартсменаў у нашым раёне займаюцца тры ўстановы: спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па футболе і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа прафсаюзаў. Тут дзеці займаюцца па пяці напрамках: баскетболе, футболе, дзюдо, цяжкай і лёгкай атлетыцы. 1
2 ураджэнцаў нашага раёна ўвайшлі ў састаў нацыянальных каманд па розных відах спорту. Трэба сказаць і пра турызм. Сёння ў раёне дзейнічаюць 33 суб’екты аграэкатурызму. Распрацаваны 21 маршрут: сем веласіпедных, чатыры аўтобусна-пешаходных, тры пешаходных, тры веласіпедна-пешаходных, тры водных і адзін лыжны. Самыя папулярныя – водны маршрут па рацэ Вілія і аўтобуснапешаходны “Сцяжынай вайны”.
Гутарыла Наталля РЫЛЁВА.