"Класная мама" выбірае крэатыў

 

"Класная мама" выбірае крэатыў

Виолетта ВОЙТКО
01.10.2023
782
“Хто самы разумны? Дзеці! Хто самы творчы? Дзеці! Я вельмі хацела і хачу быць падобнай на іх, такой жа добрай, чулай, крэатыўнай”, - разважае наша сённяшняя суразмоўца. Яна – Педагог. Менавіта з вялікай літары. Яна задае высокую планку сабе і калегам. Яе вельмі любяць вучні і цэняць іх бацькі. Яна трэцяя ў нашым раёне, хто абараніў катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Знаёмцеся: Вікторыя Скальская, класная мама ўжо сёмага набору пачаткоўцаў.

Шлях да прызвання

2Z3A8728.JPG

“Ведаеце, колькі сябе памятаю, я заўсёды хацела вучыць, - расказвае Вікторыя Мікалаеўна. – З дзяцінства не цярпела хаосу вакол сябе, мяне раздражняла, калі дзеці бегалі па вуліцы без мэты”. Маленькая Вікторыя збірала сяброў, тлумачыла ім правілы якой-небудзь гульні і кіравала ўсеагульнай весялосцю. “У нас на вуліцы так заведзена было: дзе ўся кампанія гуляе, там і абедае. Маёй маме больш за ўсіх даставалася. Але ніколі яна не наракала. З задавальненнем выносіла абед проста на двор – і дзетвара ўплятала якую-небудзь грэчку за абедзве шчакі, здзіўляючыся, як смачна гатуе цёця Аня”, - успамінае педагог.

А пазней яна вучыла гэтым гульням сваіх дзяцей. І заўсёды знаходзіліся суседскія малышы, якія не маглі прайсці міма і ўключаліся ў забавы.

Ніхто не здзівіўся, калі пасля заканчэння СШ №2 “залатая” медалістка паступіла ў педагагічны ўніверсітэт. А першым месцам працы стала школа ў Залессі. “Я працавала са многімі цудоўнымі настаўнікамі. І ў кожнага з іх, здаецца, узяла нейкую часцінку. З гэтых маленькіх часцінак і сфарміравалася мая асоба як настаўніка”, - расказвае Вікторыя Мікалаеўна. Самымі першымі незабыўнымі педагогамі ў яе жыцці сталі Ганна Мікалаеўна Пятрынчык і Марыя Уладзіміраўна Кашкель. А настаўніца матэматыкі Марыя Дзям’янаўна кожны ўрок сыпала прыказкамі і трапнымі выказваннямі. Цяпер Вікторыя Мікалаеўна гэтак жа вучыць сваіх выхаванцаў бачыць прыгажосць і мудрасць такіх выказванняў. А потым ва ўніверсітэце яе ўразіла, калі педагогі звярталіся да студэнтаў на “Вы”. Ага, падумала яна, можна сказаць вучням: “Ты яшчэ маленькі”, а можна: “Вы ўжо дарослыя”. Гэтае “Вы” сёння надае яе вучням павагу да самога сябе, да сяброў і жаданне расці. У Залессі яе куратарам, а пазней сяброўкай стала Таццяна Грышкевіч. Таццяна Юльянаўна, здавалася, думала з дапамогай алгарытмаў. Яна так сістэматызавала розныя правілы, што дзеці запаміналі іх на раз-два. Гэтую знаходку наша гераіня паспяхова прымяняе ў сваёй працы дагэтуль, ужо ў гімназіі.

Крэатыўнасць – добры памочнік

“Мой рэцэпт ад педагагічнага выгарання – крэатыўнасць”, - дзеліцца Вікторыя Скальская. Яе вучні павінны маляваць, сачыняць, пісаць вершы, вязаць кручком, вышываць, спяваць, танцаваць… І яны паспяхова гэта робяць. А галоўнае – самастойна. Такая ўмова настаўніка. Яна не дакранаецца да дзіцячых малюнкаў падчас творчага працэсу, затое знаходзіць дзясяткі кампліментаў і слоў захаплення. Калі пасярод усёй гэтай творчасці дзеці паспяваюць вучыцца? Крэатыўнасць – не перашкода, а добры памочнік, упэўнена Вікторыя Мікалаеўна. Галоўную задачу настаўніка пачатковых класаў яна бачыць у тым, каб навучыць вучыцца. Яна бачыць, што розныя дзеці па-рознаму засвойваюць вучэбны матэрыял. Камусьці трэба бачыць малюнкі, хтосьці будзе слухаць фантастычныя гісторыі пра прыгоды лічбаў, яшчэ некаму трэба прымяніць новыя веды адразу на практыцы. Настаўніца не дазваляе камусьці з вучняў застацца з незразумелай тэмай сам-насам. Кожны тыдзень – тэматычны кантроль. Калі ёсць цяжкасці, займаюцца дадаткова. Калі застануцца праблемы з пачатковай школы – у старэйшых класах будзе вельмі цяжка.

“Калісьці, абдумваючы свой далейшы жыццёвы шлях, я разглядала розныя прафесіі. Мне здавалася, што я магу быць актрысай. Або журналістам, але не пісаць, а менавіта выступаць на камеру. Вельмі ўжо па душы мне авацыі і прызнанне, - са смехам
дзеліцца субяседніца. – Мне здаецца, што ля школьнай дошкі я спаўна рэалізую гэты патэнцыял. Дзеці вельмі адгукаюцца на жывую міміку, на эмоцыі, змену голасу…” Кабінет, у якім працуе Вікторыя Мікалаеўна, поўны цудаў і цікавых рэчаў: там стэнд, запоўнены малюнкамі, там званочак, пясочны гадзіннік, незвычайныя магніцікі на дошцы… Усё гэта робіць працэс навучання жывым, лёгкім.

Калі прапанавалі абараняцца на катэгорыю “настаўнік-метадыст”, настаўніца паўгода толькі абдумвала тэму работы. І выбрала менавіта “Развіццё крэатыўных здольнасцей”. А потым яшчэ год рыхтавалася да абароны. “Сілы дало тое, што так многа людзей верыла ў мяне, - прызнаецца Вікторыя Скальская. – Не магу працаваць, калі на мяне давяць. А калі хваляць, прызнаюць мае заслугі – вырастаюць крылы”.

Жонка, маці і дачка

IMG-c694c9ca378708034ac6a9c1d4eff020-V.jpg

“Мая сям’я – месца, дзе набіраюся сілы, - з цеплынёй расказвае настаўніца. - Муж – гэта той, хто заўсёды побач, хто за мяне перажывае. Не раз прапаноўваў змяніць
работу, каб я менш хвалявалася і больш адпачывала. Але заўсёды гатовы маляваць, выразаць і падтрымліваць”. Дзеці Вікторыі Мікалаеўны, двайняты Надзея і Мікіта, – тыя, хто ў першую чаргу паспрабаваў на сабе маміны педагагічныя знаходкі. “Лічу, што дала ім вельмі многа, - разважае наша суразмоўца. – Вельмі часта недаацэньваюць працу мамы. А мама – гэта тая, хто побач з першых крокаў, тая, з кім ты гатуеш першую страву, пішаш першыя радкі ў школьным сшытку. Калі Надзя і Мікіта былі маленькія, я вучылася разам з імі, толькі кругласутачна: да абеду вяла ўрокі, потым рабіла з дзецьмі хатнія заданні, а ўвечары рыхтавалася да наступнага школьнага дня”.

Бацькі Вікторыі Мікалаеўны даўно змірыліся, што дачка цалкам адданая сваёй прафесіі. Бывае, што хвалююцца, каб не працавала занадта многа, але і ганарацца, безумоўна.

Летні адпачынак – тое, што дае магчымасць узнавіць сілы. “Летам я нават ручкі не бяру! Чытаю раманы, гляджу фільмы, па сямейнай традыцыі выбіраемся ўсе разам
у падарожжы, што заўгодна, але галава павінна адпачываць ад настаўніцтва”, - дзеліцца сакрэтамі педагог.

“Я не самая разумная, не самая прыгожая, не самая ўмелая. Што я магу – дык гэта навучыць сваіх школьнікаў быць такімі. Яны і ёсць такія ў маіх вачах. А мне самой да дасканаласці роўна столькі, колькі да пенсіі – роўна 12 год”, - усміхаецца Вікторыя Скальская.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара і з архіва
Вікторыі СКАЛЬСКАЙ.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях



 

Статьи по теме: