Калісьці Багушы былі мясцовасцю фальваркаў. Дамы былі раскіданы па даволі вялікай тэрыторыі, нават сярод лесу стаялі асобныя падворкі. Якіясьці гаспадары былі больш заможныя, якіясьці менш. Кожны апрацоўваў сваю зямлю, па-суседску назіраючы за тым, што адбываецца ў суседніх фальварках. Пры «Саветах», як тут казалі пра СССР, сяліцца сталі больш шчыльна. Але адзін «фальварак» так і застаўся асабняком. Гэта месца, дзе знаходзілі і знаходзяць апошні прытулак католікі не толькі з Багушоў, але і з іншых навакольных вёсак. Напярэдадні свята Усіх святых і Дня малітвы за памерлых разам з мясцовымі насельнікамі карэспандэнт «Светлага шляху» паўдзельнічала у навядзенні парадку на могілках, а заадно паслухала ўспаміны пра тых, каго больш няма на зямлі.
Могілкі ў Багушах зусім невялікія – пару дзясяткаў магіл. Яно і зразумела: мясцовасць праваслаўная, католікаў было і ёсць няшмат. «Як хавалі майго дзядулю, то натрапіліна чалавечыя парэшткі, – расказвае Яніна Забагонская. – Ды і іншыя людзі сведчылі аб такіх знаходках, таму мы зрабілі выснову, што тут пахаванні ў некалькі «паверхаў». Прыбіраючы могілкі, мы натыкаліся на камяні, па надпісах было зразумела, што гэта таксама помнікі. Гэтыя камяні варочалі, ставілі, каб было бачна, што тут таксама нехта ляжыць». Сама жанчына жыве ў Смаргоні, родам з Мілідаўшчыны, а бацька яе нарадзіўся на хутары Васількова, непадалёку ад Багушоў. Хутара гэтага ўжо няма. «Татка, як ужо пастарэў, то казаў, каб пахавалі ў Мілідаўшчыне, дзе ён будаваў дом, гадаваў дзяцей, але літаральна за тыдзень да смерці папрасіў мяне вярнуць яго «дамоў», дзе ляжаць усе родныя. Тут яго і пахавалі, а праз некалькі гадоў і маму». Яніна Забагонская, пакуль яе муж упраўляецца з касой (а пакасіў ён за час нашай размовы не толькі каля жончыных родных, а ўсю тэрыторыю могілак), расказвае, што вось гэта магіла яе дзеда Казіміра Гіцэвіча, а побач пахаваны яго жонкі, таксама двое сыноў і маленькая праўнучка. Пра лёс трэцяга дзедавага сына радня нічога не ведае, той яшчэ юнаком з’ехаў за мяжу, след яго згубіўся.
Побач шчыруе Антаніна Ціж. У Багушах яна нарадзілася, таму пахаваных на гэтых могілках у яе многа. «Тут вось мае бабулі. А вось дзядоў сваіх і не ведаю. Маміны бацькі, яна са Скуратовічаў, жылі досыць багата. Нават наймалі людзей на працу, казалі, добра плацілі, ніхто пра дзеда і слова дрэннага не сказаў. Пасля вайны забралі яго, як і другога майго дзеда па бацьку, не ведаем пра іх лёс», – расказвае Антаніна Антонаўна.
Сама Антаніна Ціж вучылася ў Смаргонскім інтэрнаце. «Нашы багушоўскія дзеці хадзілі ў Сялец, праз лес была прамая дарога. А аднойчы са школы не вярнуўся мой брат. Мама пабегла шукаць, знайшла на абочыне, замеценага снегам, дзякуй Богу, жывога. Тады яна дабілася, каб нас усіх узялі ў інтэрнат, - успамінае жанчына. – Добрая школа тады была, моцную базу далі настаўнікі вучням». Пасля Антаніна Антонаўна вучылася ў Львоўскім універсітэце, кажа, туды паступаць паехала выпадкова, вырашыла: не паступлю, хоць Львоў пагляджу. Працавала ў Гродне, Слоніме, у Смаргонь з мужам прыехалі на новазбудаваны трактарны завод. А ўжо на пенсіі (муж, праўда, дагэтуль працуе), вярнуліся ў Багушы, у бацькоўскі дом. «Мама выйшла замуж за простага хлопца, хатка ў нас маленькая была. Памятаю, адзін вялікі пакой з печамі, з мэбляй, і кухню, дзе яшчэ быў земляны пол, - працягвае субяседніца. – А неяк трапіла ў дзедаў дом, дзе мама вырасла, то аж спалохалася, такі вялікі быў. Цяпер няма ўжо таго дома, на яго месцы пабудавалі новы».
Так за размовамі, успамінамі прыбіраем магілку за магілкай. Нават не «свае», тыя, да каго родныя не прыязджаюць з-за хваробаў, аддаленасці ці з-за таго, што даўно няма каму прыязджаць. У Дзень усіх святых сюды прыедзе ксёндз Юрый з Крэва. Разам з вернікамі памоляцца, запаляць на магілах свечы.
Раней на могілках была капліца. Пра гэта расказвалі старажылы. Мабыць, у вайну разбурылі, тут жа лінія фронту ішла, не дзіва, што не ўцалела. Ідзём глядзець месца, дзе, кажуць, захаваліся рэшткі фундамента. Разграбаем дубовыя, кляновыя лісты – сапраўды знаходзім месцамі пакрышаную лінію фундамента. «Добра было б тут крыж паставіць, месца святое», – уздыхаюць жанчыны. Вяртаюцца да працы, каб было здалёк бачна: памяць продкаў тут берагуць і шануюць.
Віялета ВОЙТКА
Фота аўтара


