Калісьці Бурчакі разам з хутарамі налічвалі 24 хаты. І ў кожнай хаце жылі вялікімі сем’ямі, гадавалі дзяцей. Сёння пастаянных жыхароў можна пералічыць на пальцах. Усё больш дачнікі – у асноўным тыя, хто вяртаецца ў бацькоўскія дамы ўлетку ўжо са сваімі дзецьмі.
Дом, дзе жыве сям’я Баран – Зінаіда Міхайлаўна і Аляксандр Канстанцінавіч – будавалі яшчэ жончыны бацькі. Міхаіл Субач жонку Зінаіду прывёз у родныя Бурчакі з суседніх Цароў. Будаваліся самі, клапаціліся, каб да нараджэння дзяцей перабрацца ў новую прасторную хату. І паспелі – пераехалі сюды ў 1961 годзе, а хутка і першая дачушка нарадзілася, якую малады татка запісаў імем сваёй жонкі – Зінаіды. «Ці то так моцна маму любіў, ці то імя назваў першае, што ў галаву прыйшло», – жартуе Зінаіда Міхайлаўна, якая тварам вельмі падобная да сваёй мамы – Зінаіды Канстанцінаўны. Праз колькі гадоў у дзяўчынкі нарадзілася сястра, а потым яшчэ і брат. Тата працаваў у калгасе механізатарам, мама – паштальёнам. Гаспадарку трымалі, на зямлі працавалі.
Як і належыць, дарослыя дзеці разляцеліся з бацькоўскай хаты. І старэйшая таксама паспрабавала гарадскога шчасця. А потым вярнулася разам з мужам у Бурчакі. «Мне тут болей падабаецца, чым у горадзе. Цішыня, спакой. А салаўі як пяюць улетку!», – расказвае Зінаіда Міхайлаўна. У бацькоўскім доме яны агульнымі намаганнямі выгадавалі, як і бацькі, траіх дзяцей. Цяпер сюды злятаюцца дзевяць унукаў у госці да дзеда з бабай і прабабулі. Самаму старэйшаму ўжо 23, а малодшаму – усяго пяць. Амаль усе хлопцы, адна толькі ўнучачка.
Калісьці Зінаіда Міхайлаўна пачынала вясковае жыццё, працуючы даяркай на ферме ў Кунаве, а на пенсію сыходзіла ўжо загадчыцай гэтай фермы. На заслужаным адпачынку ўжо і яе муж. Але сумаваць не прыходзіцца. Летам, бывае, і ў хату няма калі зайсці. Зямлі сотак 50, калі не болей. І ўсё мусіш трымаць у парадку: каб было пасаджана, абкошана, дагледжана. У садзе яшчэ ёсць дрэўцы, якія называюць «маміны» – іх садзілі яшчэ бацькі, калі толькі пабудаваліся. З часам сад абнаўляецца: з’яўляюцца новыя гатункі яблынь, груш, новыя культуры. Сёлета паспрабавалі ўжо ўраджай буякоў (галубікі), бружмелю (жымаласці). Унукі вельмі любяць кампоты з традыцыйных парэчак, агрэсту, клубніц. А самая вялікая любоў Зінаіды Міхайлаўны – кветкі. «Каб вы да нас улетку прыехалі, то такую прыгажосць убачылі б! – распавядае яе мама. – Хаты не відаць з-за кветак з пачатку вясны і да позняй восені». Сезон кветак тут пачынаецца з пралесак, прымул, потым яны саступаюць месца цюльпанам, нарцысам, ірысам… Самымі апошнімі літаральна нядаўна зрэзалі мнагалетнія астры.
Зімой наступае пара спакою. Можна весці доўгія размовы за кубачкам гарбаты, можна заняцца рукадзеллем, на якое ўлетку не хапае часу. Яшчэ ў дзяцінстве Зінаіда Міхайлаўна навучылася ад мамы вязаць спіцамі. Ёсць нават адмысловы спосаб стварэння шкарпэтак: на дзвюх спіцах вяжуцца дэталі адразу дзвюх шкарпэтак, потым сшываюцца. Гэта дазваляе замяніць падэшву, якая зношваецца нашмат хутчэй, чым верхняя частка. Такімі шкарпэткамі на многа гадоў наперад ужо забяспечаны і дзеці, і ўнукі. А калісьці абедзве Зінаіды вязалі сваім дзецям усё: ад рукавічак да світэраў.
За Бурчакамі пачынаюцца бяскрайнія палі. Па іх у двор заходзяць зайцы, лісы, касулі. «Цэлы заапарк у нас», – смяюцца мама і дачка. Каля ганку ўжо чакае пачастунку салідны кот – адзін з тых, хто выпадкова знайшоў сабе прытулак у гэтым двары. Кот пацягваецца на восеньскім сонцы, і па ўсім бачна – жыццём у Бурчаках ён, як і яго гаспадары, цалкам задаволены.
Віялета ВОЙТКА
Фота аўтара
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.


