Малы клешч, ды наступствы вялікія

 

Малы клешч, ды наступствы вялікія

Происшествия и безопасность
18.08.2023
744
Паводле статыстыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, колькасць беларусаў, якія захварэлі на лайм-барэліёз павялічылася амаль на 40% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Нагадаем, што асноўнымі пераносчыкамі гэтай хваробы з’яўляюцца кляшчы, “дзякуючы” якім распаўсюджваецца таксама клешчавы энцэфаліт. Аб тым, ці сутракаюцца гэтыя захворванні на Смаргоншчыне, мы даведаліся ў Юліі Міклушыс, урача-эпідэміёлага Смаргонскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Снимок1.JPG

Фото из открытых интернет-ресурсов

“Сёлета ў Смаргонскім раёне зарэгістравана 49 выпадкаў укусаў кляшчоў. Гэта тыя выпадкі, калі людзі звярнуліся па дапамогу ў цэнтральную раённую бальніцу”, - паведаміла яна.

Большасць людзей думае, што, не наведваючы лясы, яны і асцерагацца кляшчоў не павінны. Юлія Міклушыс завярае, што гэта не так. Пацярпелых, якія прывезлі шкодніка з лясных масіваў – менш за палову. Астатнія сустрэліся з кляшчамі на лецішчах ці прысядзібных участках. І не ўсе ўкусы засталіся без наступстваў. Медыкі зафіксавалі 11 выпадкаў хваробы Лайма і 6 – клешчавога энцэфаліту. Прычым, падкрэсліла ўрач-эпідэміёлаг, два чалавекі заразіліся энцэфалітам пасля ўжывання тэрмічна неапрацаванага казінага малака.

Абедзве хваробы не нясуць з сабой нічога прыемнага: павышэнне тэмпературы цела, галаўны боль, інтаксікацыя і іншыя сімптомы. Як адрозніць клешчавы энцэфаліт ад лайм-барэліёза, якія меры прыняць, каб не захварэць і што рабіць, калі выявілі ў сябе небяспечныя сімптомы, мы спыталі ў загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення №1 раённай паліклінікі Таццяны Невар.

“Пасля любога ўкусу кляшча лепш за ўсё звярнуцца да ўрача, - нагадвае Таццяна Станіславаўна. – Калі такой магчымасці няма, прафілактычныя меры можна прыняць самастойна. Калі ў дарослага няма алергіі на антыбіётыкі групы тэтрацыклінаў, трэба прыняць адзін раз дзве капсулы даксіцыкліну. Калі раней была выяўлена алергія на гэты прэпарат, то прымаем па 500 мг амаксіцыліну тры разы на дзень на працягу пяці дзён. Для дзяцей прафілактыка даксіцыклінам не праводзіцца, а дазіроўка амаксіцыліну падбіраецца ў залежнасці ад масы цела”.

Інкубацыйны перыяд хваробы Лайма – 21 дзень. На працягу гэтага тэрміну трэба назіраць за месцам укусу і іншымі ўчасткамі скуры. Можа з’явіцца чырвань у выглядзе плямы або кольца – кольцавідная эрытэма. Калі такі сімптом прысутнічае, а таксама назіраюцца боль у мышцах і суставах, ліхаманка, галаўны боль, трэба неадкладна звярнуцца да ўрача.

Хваробу Лайма, калі яна працякае без асаблівых цяжкасцей, можна лячыць у хатніх умовах, а вось з клешчавым энцэфалітам хворы абавязкова накіроўваецца ў бальніцу. Вірус  гэтага захворвання можа паражаць галаўны і спінны мозг, самалячэнне ў гэтым выпадку можа прывесці нават да смерці. “Сімптомы энцэфаліту могуць быць падобнымі да прыкмет звычайнага рэспіраторнага захворвання, - расказвае Таццяна Невар. – Павышэнне тэмпературы, агульная слабасць, галаўны боль. А могуць узнікнуць аняменне ўчасткаў скуры, светабоязь, парушэнне зроку і іншыя”. Інкубацыйны перыяд – 10 – 14 дзён. Але сімптомы ў некаторых выпадках могуць праявіцца раней ці пазней за гэты тэрмін.

Зразумела, мы не можам кантраляваць жыццядзейнасць кляшчоў у лясах, каля азёр ці рэк. Аднак на прыдамавых тэрыторыях трэба своечасова касіць траву, не даваць разрастацца кустоўю. Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі аказвае паслугі па правядзенні акарыцыднай апрацоўкі ўчасткаў. Калі ў вашым рацыёне прысутнічае казінае малако, неабходна абавязкова перад ужываннем даводзіць яго да кіпення.

Віялета ВОЙТКА.




Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях

 

Статьи по теме: