У палоне небяспечнага “зелля”
Такім чынам была агучана праблема распаўсюджання незаконнага абароту наркотыкаў, дзяржавы дамовіліся аб сумеснай барацьбе з гэтай нядобрай з’явай. Але выкараніць наркаманію не так проста. Яна закранула ўсе краіны свету, і ўжо больш за 200 мільёнаў чалавек ужываюць наркотыкі. Гэта 3-4 % ад агульнай колькасці жыхароў планеты.
У Беларусі пад наглядам урачоў-псіхіятраў-нарколагаў знаходзіцца больш за 15 тысяч чалавек. Ёсць наркаманы і ў нашым раёне, і яны таксама знаходзяцца на кантролі ў супрацоўнікаў міліцыі і медыцынскіх работнікаў.
“У мінулым годзе на Смаргоншчыне былі раскрыты 9 злачынстваў, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, - сказаў аператыўны ўпаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі райаддзела міліцыі Вячаслаў Мармулеўскі. – З іх 5 – за збыт наркатычных рэчываў, 1 – за перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную граніцу, і 3 – за іх захоўванне”.
Вячаслаў Віктаравіч адзначыў, што ў Беларусі, у Смаргонскім раёне таксама, самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца наркотыкі расліннага і сінтэтычнага паходжання. З наркотыкаўтрымліваючых раслін – гэта мак, з якога наркаманы гатуюць экстракцыйны опій, і каноплі. З іх вырабляюць марыхуану і выкарыстоўваюць для курэння. А яшчэ ёсць сінтэтычныя наркотыкі і псіхатропныя рэчывы, якія выклікаюць адурманьванне чалавека і негатыўна ўплываюць на яго мозг.
Што датычыць пакарання, то яно жорсткае. За незаконнае захоўванне наркатычных рэчываў прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Захоўванне “наркаты” з мэтай распаўсюджання альбо яе распаў сюджанне цягне на тэрмін да 15 гадоў зняволення. За збыт наркотыкаў, а таксама распаўсюджанне наркатычнага “зелля”, пасля ўжывання якога чалавек памёр, вінаваты ў гэтым пазбаўляецца волі на тэрмін да 25 гадоў.
У раёне праводзіцца прафілактычная работа па наркаманіі ў навучальных установах, на аб’ектах культуры падчас правядзення дыскатэк. Да дзяцей і моладзі даводзіцца інфармацыя, што гэта небяспечная хвароба, якая дрэнна ўплывае на чалавечае здароўе і жыццё.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.