Да Дня ратавальніка: Дзе пачынаецца вышыня

 

Да Дня ратавальніка: Дзе пачынаецца вышыня

Происшествия и безопасность
19.01.2020
1379
Большасць людзей інстынктыўна баіцца вышыні. У сантыметрах і метрах мяжа, з якой пачынаецца страх, у кожнага свая. Псіхалагічныя эксперыменты паказалі, што па адной і той жа дошцы, усталяванай на вышыні двух метраў, падыспытны ідзе больш павольна, чым на ўзроўні некалькіх сантыметраў ад зямлі. А калі ўсталяваць яе на вышыні 4-5 паверха, чалавек ужо не можа свабодна перамяшчацца.

Вышыня ўплывае на псіхіку. Страх - ахоўная функцыя арганізма. Пры падрыхтоўцы да работ на вышыні трэніроўкі псіхікі - адна з галоўных задач. Калі падымацца кожны дзень на вышыню, то паступова прывыкаеш да яе, упэўнены работнікі Смаргонскага РАНС.

- Трэніраваць сваю сілу волі, працаваць над сабой, пераадольваць пачуццё небяспекі – вось над чым працуюць смаргонскія ратавальнікі, якія займаюцца прамысловым альпінізмам, - адзначыў начальнік пазаштатнай групы ратавання на вышыні Смаргонскага РАНС Яўген Шандора.

IMG_6852.jpg

Яўген ШАНДОРА


Даведка. Прамысловы альпінізм - гэта тэхналогія выканання работ (мантажных, дэмантажных, пошуку і іншых) на вышыні, на розных аб’ектах у безапоравай прасторы. Рэалізуецца яна з дапамогай розных прылад і сістэм: карабінаў, вяровак, спускавых і страховачных прылад, індывідуальных страховачных сістэм.

- Неабходныя навыкі, якія з’яўляюцца ў чалавека дзякуючы пастаянным трэніроўкам, дазваляюць альпіністам выконваць ратавальныя работы, - дадаў наш суразмоўца.

IMG_6818.jpg

У Смаргонскім РАНС працуюць 15 чалавек, якія выконваюць аварыйнаратавальныя работы на вышыні. Адзін з іх – старшы пажарны ПАВЧ №2 Станіслаў Ляшчэвіч. Мужчына працуе ў МНС больш за 8 гадоў. За гэты час ён засвоіў усе тонкасці прамысловага альпінізму. Але частыя трэніроўкі ў гэтай справе ніколі не будуць лішнімі, упэўнены Станіслаў. Гэта дапамагае не страціць прафесійныя навыкі.

IMG_6825.jpg

Станіслаў ЛЯШЧЭВІЧ


У той дзень, калі мы наведвалі Смаргонскі РАНС, сюды ў госці завіталі выхаванцы клуба “Юны ратавальнік-пажарны” з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дзве дзяўчынкі Караліна і Віялета, якія цікавяцца прафесіяй ратавальніка, адзначылі, што дзівяцца моцы духа прамысло-вых альпіністаў.

IMG_6842.jpg

Караліна і Віялета


- Цяжка сабе ўявіць, што адчуваюць ратавальнікі на вялікай вышыні… Трэба мець не толькі добрую фізічную падрыхтоўку, але маральную загартоўку, каб ратаваць людзей пры такіх абставінах, - лічаць дзяўчаты.

Сяргей ЮРЭВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: