Модныя прынты гэтага лета - кветкі ад Ніны Бохан

 

Модныя прынты гэтага лета - кветкі ад Ніны Бохан

Сморгони - 520 лет
07.06.2023
1306

photo_2023-06-07_13-20-42.jpg

У кожнага чалавека ёсць свой родны куточак, дзе ён нарадзіўся і вырас. Гэтае месца, як і маці з бацькам, мы не выбіраем, а любім без усялякіх умоў, прыкладаючы пэўныя высілкі для яго дабрабыту.

Кожны можа пакінуць свой след у памяці людзей, але былі і ёсць людзі, якія становяцца гонарам для малой радзімы і іх імёны павінны ўшаноўвацца.

Не так даўно жыхарам Смаргоншчыны пашчасціла папоўніць свой пантэон выбітных асоб імем мастачкі - прымітывісткі Ніны Бохан.

У 70 - 80 гады XX ст. гэтая жанчына хадзіла па вёсачках і мястэчках Смаргонскага, Астравецкага, Маладзечанскага, Вілейскага раёнаў і стварала дываны і карціны, размалёўвала сцены дамоў і мэблю пад замову.

Сюжэтамі яе маляванак станавіліся біблейскія паданні пра рай, дрэва жыцця, прыроду роднага краю, рамантычныя сцэны кахання і г. д.

Многія маляванкі маюць рэгіянальныя адметнасці, што вельмі каштоўна і цікава для вывучэння культурнай спадчыны сваёй малой радзімы.

Каб зацікавіць смаргонцаў творчасцю Ніны Бохан, да свята горада, 520-годдзя Смаргоні, разам з выхаванцамі і іх бацькамі мы стварылі калекцыю дзіцячага адзення ў стылі Casual з прынтамі маляванак Ніны Бохан.

Для прынтаў я выбрала самыя зразумелыя дзецям выявы: дрэва жыцця з парай аленяў, лебедзяў, коцікі, ружы-кветкі, а таксама радкі з “Кнігі гісторый па матывах маляванак Ніны Бохан”, якую я напісала пазалетась для дзетак дашкольнага ўзросту.

Усе прынты намаляваны ўручную з дапамогай акрылавых фарбаў.

У якасці адметнай рысы калекцыі на адзенні прысутнічаюць невялікія нашыўкі з інфармацыяй пра маляванкі, знойдзеныя этнаграфістамі падчас экспедыцый.

Ідэя стварыць адзенне з прынтамі  маляванак Ніны Бохан узнікла, калі я ўбачыла калекцыі, прысвечаныя Фрыдзе Кала. Іх стварылі брэнд “Мediсine” і модны дом “Dior”.

І калі Фрыда Кала стала своеасаблівым пратэстам, сімвалам нязломнасці духа, выхадам цела праз адзенне, то, мне здаецца, што Ніна Бохан - сімвал імкнення да прыгажосці, гэта чалавек, які ствараў людзям настрой і расквечваў жыццё, нягледзячы на суровыя ўмовы і нястачу.

Другой важнай ідэяй калекцыі з’яўляецца апсайклінг.

У ім зліваецца адразу некалькі актуальных тэндэнцый: падаўжэнне жыцця рэчаў (а значыць, зніжэнне пераспажывання); свядомае стаўленне да свайго гардэроба; ручная работа, творчая самарэалізацыя і рамесныя практыкі; унікальныя, адзінкавыя рэчы; персаніфікацыя рэчаў, напаўненне іх сваімі сэнсамі, дэманстрацыя індывідуальнасці; пераемнасць пакаленняў, калі можна не выкідваць, а даць другое жыццё бабулінай рэчы.

Многія кампаніі зацікаўлены ў калабарацыях, накіраваных на стварэнне апсайклінг-калекцый як аднаго са спосабаў стаць крыху больш за ecofriendly.

Калекцыя адзення  прадстаўлена выхаванцамі беларускамоўнай групы, дзеткамі 4 гадоў, для фестывалю-конкурсу юных дызайнераў, які пройдзе на свяце горада “Смаргонскія абаранкі”.

photo_2023-06-07_13-20-39 (2).jpg

photo_2023-06-07_13-20-39 (3).jpg

photo_2023-06-07_13-20-41 (3).jpg

photo_2023-06-07_13-20-40 (2).jpg

photo_2023-06-07_13-20-40.jpg

photo_2023-06-07_13-20-41.jpg

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ,

 выхавацель дзіцячага сада №2.

Фота Віты Козыравай.