Тыдзень роднай мовы прайшоў у першай школе
Душэўны настрой надаў усяму тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. З самай раніцы пачаліся сюрпрызы: адгадаў беларускае слова – атрымай беларускую цукерку. У фае школы быў аформлены тэматычны стэнд, выстава вучэбнай літаратуры па беларускай мове “Сэрцам роднага слова краніся”.
Дэвізам другога дня стаў слоган “Роднаму слову – прызнанне ў каханні”. Вучні 7 класаў сталі ўдзельнікамі “Свята Ў”. Словамі роднай мове яны выказвалі пачуцці да роднага слова, да незвычайнай літары. А якое здзіўленне і непадробны інтарэс выклікалі музычныя хвілінкі “Роднаму слову – прызнанне ў каханні”.
Трэці дзень “Мова родная – мова модная” дадаў новых фарбаў тыдню. Акцыя “Далучы сваю далонь” паказала шчырасць і неабыякавасць да лёсу мовы і Радзімы. Пажаданні росквіту і дабрабыту, незалежнасці і радасці, святла і міру – у большасці тых пажаданняў, што напісалі нашы вучні на далонях. А вось пяцікласнікі сталі вандроўнікамі па краіне беларускіх казак і спасцігалі вопыт нашых продкаў.
Пятніца прайшла пад дэвізам “Дызайн па-беларуску”. Вучні 6 - 8 класаў на аркушах паперы стваралі свае шэдэўры беларускага адзення.
Завяршыўся тыдзень роднай мовы квэст-гульнёй “Гонкі за ведамі”. Гульня прайшла весела, цікава, пазнавальна. Навучэнцы школы прадэманстравалі сваю кемлівасць, эрудыцыю. Самыя актыўныя з іх атрымалі дыпломы пераможцаў гульні. А калі на выхадзе яшчэ і вынеслі пару арыгінальных беларускіх слоў, данеслі іх дадому, расказалі бацькам, то, напэўна, запомнілі, што мы – беларусы, самабытны, таленавіты народ.
Цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы ў рамках тыдня роднай мовы садзейнічалі не толькі фарміраванню ў дзяцей павагі і любові да роднай мовы, але і ўзбагацілі іх новымі ведамі, далучылі да духоўнай спадчыны нашага народа. Тыдзень запомніўся ўсім. Кожны вучань зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо ў ёй захавана гісторыя нашага народа.
Юныя мовазнаўцы.
Мову родную любі.
Марыя КУЗЬМІЧ,
Марыя ГРЫНЧУК,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы №1.