Напярэдадні Вялікадня ў многіх з нас усплываюць успаміны пра тое, як адзначалі свята ў дзяцінстве.
Цёплы ўспамін
У нашай сям’і да яго пачыналі рыхтавацца загадзя. Адказнай за падрыхтоўку была наша бабуля. Яна зберагала традыцыі свайго роду.
У суботу бабуля варыла яйкі ў цыбульным шалупінні. Яна дазваляла нам з сястрой рыхтаваць кошык са свянцонкай. Позна вечарам бабуля ішла ў царкву на ўсюночную ў Залессе, бо ў нашай вёсцы ў той час не было царквы. Вярталася дамоў ужо ў нядзелю з пасхай, якую асвячалі ў царкве пасля святочнай службы.
За святочны стол садзілася ўся сям’я. Першым елі свянцонае яйка.
Пад абед мы разам з сяброўкамі ішлі ў «жакі». Заходзілі ў кожную хату. Там нас частавалі і давалі з сабой чырвоныя яйкі, пірагі, цукеркі. Памятаю, што дамоў вярталіся ажно пад вечар з поўнымі кошыкамі яек і прысмакаў. У гэты дзень мы гулялі ў «біткі» – чыё яйка мацнейшае.
Позна вечарам з нецярпеннем усе чакалі валоўнікаў. Бабуля заўсёды рыхтавала ім пірог, каўбасу, яйкі. Валоўнікі (валачобнікі) прыходзілі ў кожны двор. Стукалі ў вакно, пыталіся дазволу павіншаваць. Спявалі песні гаспадару, гаспадыні. Да позняй ночы на вуліцы чуліся велікодныя песні.
Прайшло шмат часу з той пары, даўно няма нашай бабулі, але ж засталіся такія чыстыя і прыгожыя ўспаміны.
Некаторыя велікодныя традыцыі і сёння жывуць у маёй сям’і.
Галіна КОЗЕЛ