Ода малой радзіме

Ода малой радзіме

Общество
01.03.2025
7
Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака і педагога Паўла ЮЖЫКА супрацоўнікі музея-сядзібы М. К. Агінскага выдалі кнігу-альбом «Мастак з Вётхава. Павел Фаміч Южык». Укладальнікамі выдання сталі намеснік дырэктара музея Святлана КЕНЬКА і навуковы супрацоўнік Васіль ГРЫБАНАЎ.

Южык.jpg

Выданне ўключае 34 жывапісныя работы, створаныя ў 1920 – 1930-я гады, і з’яўляецца першым паўнавартасным каталогам твораў мастака.

Павел Южык нарадзіўся 16 сакавіка 1874 года ў вёсцы Вётхава, у сям’і Тамаша, былога садоўніка аранжарэі князя Агінскага, і хатняй гаспадыні Марыі. Пачатковую адукацыю атрымаў ў прыхадской Міхневіцкай школе. З маленства любіў маляваць.

Пасля заканчэння Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі настаўнічаў у вёсцы Сітцы (на Вілейшчыне), паступіў у Віленскую школу малюнка І. П. Трутнева. Працаваў таксама настаўнікам у Падброддзі (на Віленшчыне), пазней – у Віленскай дырэкцыі народных вучылішчаў. Пачалася Першая сусветная вайна – і разам з дырэкцыяй народных вучылішчаў Павел Южык апынуўся ў эвакуацыі на Палтаўшчыне. У альбоме, які захаваўся з таго часу, – малюнкі з жыцця ўкраінскіх сялян. Неўзабаве з Палтаўшчыны мастак «перекачаваў» у Пензу, дзе ён паступіў у мастацкае вучылішча. З 1918 года па 1920 працаваў выкладчыкам графічнага мастацтва ў Пензе.

На пачатку 1920-х гадоў вярнуўся на Радзіму. Працаваў настаўнікам малявання Віленскай беларускай гімназіі. У гэты час ствараў пейзажы, жывапісныя партрэты гімназістаў. У сярэдзіне 1930-х гадоў Павел Южык разам з жонкай пераехаў жыць у Вётхава. З 1939 года працаваў настаўнікам Залескай школы. Падчас вайны – яшчэ і ў Сінькоўскай. Ода малой радзіме – менавіта так можна назваць работы, якія былі створаныя ў апошняе дзесяцігоддзе жыцця мастака. Мясцовыя пейзажы, партрэты людзей, абразы для навакольных цэркваў.

Захапляўся Павел Фаміч і літаратурай, пісаў паэтычныя творы. Памёр 24 сакавіка 1944 года. Свой апошні спачын знайшоў на старадаўніх могілках у Залессі.

На жаль, захавалася няшмат работ вётхаўскага мастака. Але тыя, што ёсць, яскрава расказваюць пра творчы талент нашага земляка. Дарэчы, з работамі Паўла Южыка можна пазнаёміцца падчас наведвання Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага і Залескай сярэдняй школы. А кніга-альбом «Мастак з Вётхава» – цудоўны падарунак прыхільнікам выяўленчага мастацтва.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара