Сёння адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Стала добрай традыцыяй у розных установах, арганізацыях, на прадпрыемствах раёна праводзіць дыктант на беларускай мове.
Традыцыя, якая аб’ядноўвае: супрацоўнікі райвыканкама напісалі дыктант
Не стаў выключэннем і сёлетні год. Удзельнікамі дыктанту сталі не толькі школьнікі і студэнты, але і дарослыя – супрацоўнікі райвыканкама. Асаблівая атмасфера панавала ў малой зале пасяджэнняў, дзе сабраліся тыя, хто шануе і любіць беларускую мову. Дыктант праводзіла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Новікава. Яна з натхненнем чытала тэкст “Успаміны маленства” паводле Барыса Сачанкі, а прысутныя акунуліся ў свет прыгожага беларускага слова.
Многія прызналіся, што пісалі дыктоўку з вялікім задавальненнем, успамінаючы школьныя гады. Адчуванне адказнасці і хваляванне былі такія ж, як калісьці за партай. Усе прысутныя адзначылі важнасць такіх мерапрыемстваў, бо яны не толькі развіваюць моўную культуру, але і ўмацоўваюць любоў да роднай мовы. Гэтая традыцыя стала яшчэ адным доказам таго, што беларуская мова жыве, гучыць і аб’ядноўвае людзей.
Ларыса ТАТАРЫНАВА
Фото аўтара