Рух – гэта жыццё

Рух – гэта жыццё

Общество
09.02.2025
1996

У невялікай вёсцы Пагарэльшчына жыве Леанід ПАСТЭРНАК. Яму 80 гадоў, але голас яго яшчэ моцны, а позірк – ясны. Ён памятае кожны пражыты год, кожную радасць і цяжкасць.

«Мне было 10 гадоў, калі памёр бацька Пятро. Я быў самы старэйшы ў сям’і з чатырох дзяцей. Трэба было дапамагаць маці Марыі, працаваць. У школе скончыў толькі шэсць класаў, а далей – праца», – узгадвае мужчына.

Пасціў кароў, потым у Смаргоні ў сельгастэхніцы адвучыўся на трактарыста. Леанід Пятровіч так усё жыццё і адпрацаваў трактарыстам. Палеткі, дарогі – яго лёс непарыўна звязаны з зямлёй. Сын таксама пайшоў па слядах бацькі, стаў трактарыстам.

«Праца няпростая, але прывык. Трактар – мая стыхія, столькі гадоў за рулём – і дагэтуль сняцца палі…» – кажа ён з лёгкай усмешкай.

У сэрцы заўсёды было месца для сям’і. Жонка Рэгіна таксама працавала ў гаспадарцы. Пражылі разам 50 гадоў, выхавалі сына Пятра і дачку Алу. Унучак пяцёра, праўнукаў двое. Прыязджаюць, дапамагаюць, але большую частку часу Леанід Пятровіч жыве адзін. Дапамогу па хаце аказвае сацыяльны работнік. Адзінокім сябе мужчына не лічыць яшчэ і таму, што побач з ім верны сабака Дружок.

«Кожны дзень, калі надвор’е дазваляе, гуляем з Дружком па вуліцы. Рух –  гэта жыццё, трэба рухацца», – кажа ён, пяшчотна пагладзіўшы сабаку за вухам.

Асабліва мужчына любіць восень – час збору журавін. Раней мог пайсці ў лес на цэлы дзень, цяпер сіл менш, але звычка засталася.

«Журавіны люблю збіраць. Ціхі лес, паветра  свежае, дыхаецца лягчэй. Вось толькі ногі ўжо не тыя…» – уздыхае ён.

IMG_2012.JPG

IMG_2019.JPG

IMG_2027.JPG

IMG_2030.JPG

Ларыса ТАТАРЫНАВА

Фота аўтара

Статьи по теме: