Якія хваробы беларусы лячылі ў лазні?

 

Якія хваробы беларусы лячылі ў лазні?

Общество
15.12.2024
1133
Лазня са старажытнасці вядомая шматлікім народам свету. Звычайна паход у лазню разглядаўся не толькі як магчымасць ачысціць цела. Лазню лічылі сакральным месцам, паколькі ў ёй бачылі злучэнне ўсіх прыродных стыхій – паветра, вады, агню, зямлі. Паводле падання, усе гэтыя стыхіі падчас мыцця рабілі чалавека здаровым, моцным і дужым. Невыпадкова нашы продкі сцвярджалі – «як памыўся, так зноўку нарадзіўся».

баня.jpg

Фото используется в качестве иллюстрации

Даўней беларусы лазню шанавалі не толькі таму, што яна давала магчымасць ачысціць цела ад бруду. Тут варта згадаць пра старажытныя вераванні продкаў-язычнікаў, якія пакланяліся агню – яго ачышчальнай або разбуральнай сіле, і вадзе – крыніцы жыцця. Таму спалучэнне вады і агню ў лазні разглядалі як самыя галоўныя лекі. Лічылі, што толькі чысціня трымае здароўе ў целе. Ёю лячылі і прастуду, і сурокі. Лазня давала палёгку хворым на раматус, падагру, неўроз, хваробы нырак. Пара ў спалучэнні з правільна падабранай лекавай травой і мёдам нярэдка сапраўды рабіла цуды. Але пры ўмове, што лазня выпалена як след, камяні не шыпяць, а туман не сцелецца. Паддавалі лёгкай пары квасам, настоем з гаючых і духмяных зёлак –мяты, чабору, святаянніку, мацярдушкі.

Вадзілі ў лазню i цяжка хворых людзей: парылі ix, сцябалі венікам. Такім чынам спрабавалі выгнаць з цела злога духа хваробы. Калі ж чалавек не ішоў на папраўку пасля праведзеных працэдур, лічылі, што яго ўжо не ўратаваць. У лазню вадзiлі і тых, хто ачуняў ад хваробы, каб змыць яе канчаткова.

Бярозавы венік нашы продкі выкарыстоўвалі часцей за ўсё. Галлё для яго нарыхтоўвалі пасля Сёмухі. Лічылася, што ў гэты час лісце бярозы ўмацоўвалася. Такі венік трывалы, гнуткі і зручны. Сучасныя даследаванні паказалі, што лісце бярозы ўтрымлівае эфірны алей, дубільныя рэчывы, вітамін С. Дубовы венік таксама добры. Калі ён нарыхтаваны своечасова, у жніўні, то служыць 2 – 3 разы. Часам выкарыстоўвалі і хваёвыя венікі. Але такі венік неабходна вытрымліваць у крутым кіпені 15 – 20 хвілін. Венікі нарыхтоўвалі на ўсю зіму. Іх падсушвалі ў цені, а потым хавалі ў стог сена. Усю восень і зіму венікі віселі на гарышчы, ствараючы непаўторны водар.

З лазняй быў звязаны ў беларусаў цэлы шэраг павер’яў. Перад уваходам трэба было перажагнацца. Калі балела спіна, то апоўначы тры разы абыходзілі вакол лазні і каля кожнага вугла па тры разы церліся спінаю. У святочныя дні туды ўвогуле забаранялася ўваходзіць. На месцы былой лазні нельга было будаваць хату, інакш здарыцца няшчасце, і не аднойчы. Увесь рыштунак (вёдры, венікі) лічыўся нячыстым, яго трэба было пакідаць у лазні, каб лазнік мог памыцца. У новую лазню прыносілі ахвяры – хлеб і соль, а каля ганка закопвалі чорную курыцу.

Пра тое, што беларусу ў лазні добра, сведчыць мноства старых лазняў, якія захаваліся да нашага часу, будаўніцтва новых, а таксама і разнастайных прапаноў у галіне экатурызму – на сучасных аграсядзібах адраджаюць традыцыі старажытнай беларускай лазні.

Па матэрыялах «Медыцынскага весніка» 

Статьи по теме: