«Задушкі»

 

«Задушкі»

Общество
01.11.2024
875

«Задушкі» такім тэрмінам традыцыйна нашыя людзі акрэсліваюць лістападаўскія каталіцкія святы, якія скіроўваюць думкі людзей да разважання над смерцю івечнасцю.

25.jpg

Дзень усіх святых – каталіцкае свята, якое штогод адзначаецца 1 лістапада. Гэты дзень прысвечаны ўсім святым. Яго не варта блытаць з Днём памінання памерлых, які адзначаецца 2 лістапада і прысвечаны памінанню памерлых родных і блізкіх.

Тое, што два святочныя дні ідуць адзін за адным, – не выпадковасць. Гэтымі святамі ў каталіцтве падкрэсліваюцца асаблівыя зносіны нябеснага і зямнога Касцёла – жывых і памерлых. Да лістападаўскіх святаў мы рыхтуемся не толькі духоўна. Не забудземся спачатку прыбраць магілы нашых родных і блізкіх, а таксама магілы побач, за якімі ўжо ніхто не даглядае.

– Мая бабуля, Лілія Ляшнеўская, заўсёды паўтарала: «Як выглядаюць магілы нашых родных, так выглядае наша вера ў вечнае жыццё». Сапраўды, задбаная магіла, з жывым агнём і жывымі кветкамі з’яўляецца адлюстраваннем таго, у што мы верым. Людзі ў хрысціянскім вучэнні не знікаюць проста так – яны жывуць у Богу, хоць памерлі целам. Таму месца спачынку зямных парэштак з’яўляецца асаблівым знакам і напамінам аб малітве за тых, хто перакрочыў мяжу вечнасці, – адзначае пробашч парафіі Cвятога Арханёла Міхаіла ксёндз Артур Ляшнеўскі.

Хрысціянскія могілкі — гэта святое месца, асвечаная святаром зямля. Таму нельга прыносіць і  спажываць там ежу, а тым больш алкагольныя напоі і паліць цыгарэты: гэта грэх! Нельга таксама класці на магілы грошы, цукеркі, любыя іншыя прадукты, ставіць чаркі. Гэтага мы не робім ніколі, а таксама на Вялікдзень і іншыя святы. Не прыносім на месцы пахавання цацкі і рэчы, якімі карыстаўся памерлы пры жыцці. Гэта недарэчнасць – памерлым яны больш не патрэбны. На могілкі мы прыносім жывыя кветкі – сімвал любові і ўдзячнасці, запальваем там свечкі або знічы – сімвал веры і памяці, і молімся за супакой душаў нашых родных і блізкіх памерлых. Варта памятаць, што штучныя кветкі не заменяць жывыя, а мігаючыя лямпачкі на батарэйках – жывы агонь. Тым больш, што пластыкавыя кветкі з’яўляюцца неэкалагічнымі, забруджваюць зямлю, але да гэтага нам яшчэ трэба дарасці ў нашай ментальнасці.

– За памерлых мы звычайна на могілках чытаем малітвы «Анёл Панскі», «Вяночак да Божай міласэрнасці», «Вітай, Каралева». На працягу васьмі дзён, пачынаючы з 1 па 8 лістапада ў «актаве» – кожны дзень вернікі запрашаюцца да асабліва моцнай малітвы за дарагіх для іх сэрца памерлых. Засяроджваемся таксама і на сваім жыцці. Тут, як ні ў адным іншым месцы, узгадваем словы велікапоснага пакутнага звароту: «Памятай, што ты – прах і ў прах вернешся». Усведамляем праўду аб смерці і неабходнасць нястомнага вяртання да Бога. Менавіта на могілках разумеем, што павінны клапаціцца пра сваю несмяротную душу, якая мае патрэбу ў пастаянным доглядзе, – падсумаваў святар.

5.jpg

Сяргей ЮРЭВІЧ

Фота аўтара

Статьи по теме: