Марыла пабываць у Аўстраліі

 

Марыла пабываць у Аўстраліі

Общество
13.08.2024
747

Алена БЫЛІНСКАЯ ўпэўнена, што ў прафесію настаўніка немагчыма прыйсці выпадкова. Таму ў маладосці думкі пра сваё будучае яе часта натхнялі на разважанне пра сваё пакліканне...

Алена Мечыславаўна нарадзілася ў вёсцы Лылойці. З 1981 года працавала ў Ракавецкай школе піянерважатай. Затым дзяўчына завочна паступіла на геаграфічны факультэт у БДУ, паспяхова скончыла яго і да 2013 года працавала настаўнікам геаграфіі ў Ракаўцах.

– У той час я была вялікім рамантыкам. Спачатку хацела стаць геолагам, а гэтую прафесію можна было набыць толькі на геаграфічным факультэце БДУ. Таму і абрала яго для паступлення. Увогуле, геаграфія – адна з такіх навук, якая пра рамантыку і падарожжы… Але, калі выйшла замуж, то на свае мары з-за пэўных абставін прыйшлося забыцца. Вырашыла стаць настаўнікам і ніколі не пашкадавала, што жыццё пайшло ў гэтым накірунку, – адзначыла Алена Былінская.

Настаўніцтва заўсёды яўна ці непрыкметна, але ўсё ж прываблівала нашую гераіню: праца з дзецьмі давалася ёй лёгка, побач былі таленавітыя педагогі, якія потым сталі адзін аднаму вельмі блізкімі. У гутарках з настаўнікамі другіх школ раёна Алена Мечыславаўна даведалася, што калектыву Ракавецкай школы па прычыне цудоўнай атмасферы, у якой можна ўзрастаць настаўніку не толькі прафесійна, але і духоўна, усе па-добраму зайздросцілі. Настаўнікі разам святкавалі святы, дапамагалі адзін аднаму па гаспадарцы… І цяпер яны хутка сустрэнуцца разам. Адна з такіх нагодаў – Дзень ведаў.

Пасля таго, як закрылі школу ў Ракаўцах, частка калектыву працягнула працаваць у Крэўскай школе. Для Алены Былінскай закрыццё навучальнай установы, дзе яна рабіла свае першыя крокі ў прафесію, стала душэўнай ранай.

– Памятаю, як 1 верасня, калі ішла на аўтобус, каб ехаць на святочную лінейку ў Крэва, праходзячы побач з нашай школай у Ракаўцах, мне было да слёз балюча прыняць тое, што яе гісторыя скончана. Але я ўдзячна лёсу, які накіраваў мяне працаваць спачатку ў Ракаўцы, а потым у Крэва. Той калектыў, у які мы ўліліся пасля закрыцця нашай школы, прыняў нас вельмі цёпла і душэўна, – адзначыла Алена Былінская.

Настаўнік геаграфіі – чалавек з вялікім светапоглядам. Яшчэ ў маладосці наша гераіня марыла пабываць у Аўстраліі. Для Алены Мечыславаўны гэтая дзівосная краіна і кантынент сталі недасягальнай марай, якую яна пранесла праз усё жыццё. Але, каб была такая магчымасць пабываць там сёння, жанчына прызнаецца, то адразу ж скарысталася б ёю.

2Z3A3263.JPG

Сяргей ЮРЭВІЧ

Фота аўтара

Статьи по теме: