На бачным месцы ў доме Алены ТРЫЗНА вісіць незвычайная карціна даволі вялікага памеру. На ёй – выява льва з добрым, наіўна дзіцячым «тварам». Вельмі падобны ён да тых, якія малявала інсітная мастачка Ніна БОХАН на дыванах.
Цяпло рук і часцінка душы майстрыхі
І мая першая думка была менавіта пра тое, што гэта работа можа належыць яе «пяру». Якое ж было маё здзіўленне, калі даведалася, што стварыла карціну маці гаспадыні – Яніна Коўган, якая нарадзілася ў 1926 годзе. Яшчэ больш здзівілася, калі прыгледзеўшыся да работы, зразумела, што яна не намалявана, а... вышыта.
«Не Вы першая падумалі, што гэта не вышыўка», – засмяялася Алена Трызна. Работа сапраўды надзвычай далікатна выканана. І не простымі ніткамі мулінэ, а шоўкавымі. Промні сонца падаюць – і яна ўся свеціцца. Неверагодна прыгожа.
«Я хоць і малая была, але памятаю, як мама вышывала ільвяня, – кажа Алена Адамаўна. – Гэта было ў пачатку 1960-х гадоў. Я вельмі чакала, калі работа будзе гатова. Увогуле, мама цудоўна вышывала гладдзю і крыжыкам, вязала кручком розную прыгажосць».
Часта рэчы жывуць нашмат даўжэй, чым ім стваральнікі. Даўно няма ў жывых Яніны Тэафільеўны, а яе вышытыя карціны «Ільвяня», «Дзяўчына з кошыкам» і «Два папугаі», цудоўны вязаны дыван (на ўсю канапу), якія захоўвае дачка, дагэтуль зберагаюць цяпло рук і часцінку душы майстрыхі.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара