Гартаючы старонкі кнігі «Памяць. Смаргонскі раён», звярнула ўвагу на прозвішчы, тыповыя для маёй малой радзімы, вёскі Дзевятні, – Яроўскі, Расошка, Усаевіч, Падвойскі. Аказалася, што 22 чалавекі з ліку маіх землякоў з такімі прозвішчамі прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны.
Памяць аб ваенным ліхалецці
З кожнай хаты нашай вёскі хтосьці быў прызваны ваяваць. Двое былі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2 ступені. Гэта Альбін Яроўскі, 1921 года нараджэння, і яго сусед Вацлаў Расошка, 1928 года нараджэння, які трапіў на фронт сямнаццацігадовым юнаком. Таццяна Расошка, унучка Вацлава Адольфавіча, паказала мне дакументы дзеда на іншыя узнагароды, сярод якіх медаль «За вызваленне Варшавы». Мой дзядуля, Станіслаў Усаевіч, таксама быў прызваны абараняць Радзіму, нягледзячы на тое, што пасля смерці жонкі (маёй бабулі) гадаваў адзін сямігадовую дачку (маю маці).
Іван Шульга быў адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію. Не ўсім пашчасціла вярнуцца дахаты жывымі. Загінулі Антон Рудак і Канстанцін Усаевіч.
На жаль, усіх ветэранаў вайны, як і многіх іншых маіх землякоў, сведкаў ваеннага ліхалецця, ужо няма ў жывых. Але яшчэ засталіся некалькі жанчын старэйшага пакалення з вёскі, якія бачылі вайну сваімі вачыма.
З размовы з Браніславай Усаевіч, 1940 года нараджэння, ураджэнкай нашай вёскі, даведалася, што падчас вайны за гаспадарчымі пабудовамі іх хаты была вырыта яма з замаскіраваным уваходам, дзе хавалася ўся сям’я, калі чутны быў у небе гул самалёта ці калі ў вёсцы з’яўляліся фашысты. Часта прыходзілася галадаць, бульбу елі ў Расошка «мундзірах», каб больш напоўніць страўнікі. У хлеб, калі яго выпякалі, дадавалі молаты пырнік. Бульбу садзілі не толькі клубнямі, але і лупінамі. Бацька Браніславы Вікенцьеўны быў моцна паранены на вайне, пасля хутка памёр.
Многія жыхары вёскі памятаюць і пра такі выпадак падчас вайны. Аднойчы каля вёскі немцы схапілі маладую цыганскую пару. Маладога цыгана прымусілі на ўскрайку лесу, недалёка ад вёскі, капаць сабе магілу. Затым немцы застрэлілі яго, укінулі ў яму, а маладую цыганку забралі з сабой.
Жывуць у вёсцы Дзевятні і сёстры Барысенкі. Родам яны з Гомельшчыны. Юлія Сяргееўна нарадзілася ў час вайны. Калі іх вёску знішчылі фашысты, ёй разам з маці і сястрой давялося жыць у лесе. Валянціна Сяргееўна атрымала цяжкую псіхалагічную траўму, калі на вачах спалілі яе сябровак, дачок камандзіра партызанскага атрада. Яна перастала чуць і размаўляць. Пяцігадовая дзяўчынка стала інвалідам.
Дзякуй Богу, што нашы Дзевятні не напаткаў лёс некаторых суседніх вёсак, якія ў вайну часткова або поўнасцю былі спалены фашыстамі.
Вось такая яна вайна – бязлітасная, страшная і жорсткая… Такое не павінна паўтарыцца, таму вельмі важна захоўваць мір.
Алена СУРВІЛА