Загадчык МТК «Каты» Вольга Бобрык: «Працоўны дзень у мяне заўсёды пачынаецца ў 6 гадзін раніцы»

 

Загадчык МТК «Каты» Вольга Бобрык: «Працоўны дзень у мяне заўсёды пачынаецца ў 6 гадзін раніцы»

Общество
26.06.2024
885

Сельская жанчына – нястомная працаўніца, якая не імкнецца да ўзнагарод і прызнання. Бо ёй трэба паспяваць спраўляцца з хатнімі справамі, удзяляць увагу блізкім. А калі яна яшчэ і займае кіруючую пасаду, то адказнасць узрастае.

Менавіта так лічыць Вольга Бобрык, загадчыца МТК «Каты», якая прысвяціла жыццё рабоце ў сельскай мясцовасці.

Вольга Анатольеўна працуе ў калгасе амаль 30 гадоў. Сваю прафесійную дзейнасць яна пачала з пасады жывёлавода ў вёсцы Даўбучкі. Затым працавала загадчыцай комплексу ў Царах, а апошнія гады працуе на малочным комплексе «Каты». Нават у свой дзень нараджэння, прымаючы віншаванні, Вольга Бобрык не забываецца пра прафесійныя абавязкі.

– Працоўны дзень у мяне заўсёды пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Перш, чым на комплексе пачнецца работа, мне трэба абысці ўсю тэрыторыю, праверыць працэс даення, раздачы кармоў. Пасля гэтага я, ведаючы ўсю карціну таго, што тут адбываецца, магу дасканала арганізаваць работу працаўнікоў комплексу, – зазначыла Вольга Бобрык.

На МТК «Каты» утрымліваюцца 1300 кароў, 561 з якіх з’яўляецца дойнай. Кожная карова штодня дае амаль 20 літраў малака. На комплексе працуюць 28 чалавек, у тым ліку Вольга Анатольеўна, яе намеснік, галоўны ветэрынарны ўрач, асемянатар і заатэхнік-селекцыянер.

– Кожны спецыяліст мае свае абавязкі, – распавядае Вольга Анатольеўна. – Я, як кіраўнік комплексу, адказваю за арганізацыю працы і ўзаемадзеянне паміж супрацоўнікамі. Мой намеснік дапамагае ва ўпраўленні комплексам і вырашэнні адміністрацыйных пытанняў. Галоўны ветэрынарны ўрач займаецца прафілактыкай і лячэннем захворванняў жывёл, а таксама кантралюе выкананне санітарных нормаў. Асемянатар займаецца развядзеннем і паляпшэннем парод жывёл, а заатэхнік забяспечвае правільнае кармленне, утрыманне і догляд за жывёламі.

Пасля выканання прафесійных абавязкаў яе і мужа чакаюць хатнія клопаты. Вольга Бобрык разам з мужам жывуць недалёка ад МТК у Сіўках. Цяпер ад былой вялікай вёскі засталіся толькі чатыры жылыя дамы. Жанчына прызнаецца, што з-за гэтага часам адчувае сябе нібы на хутары. Вольга Анатольеўна і яе муж – працавітыя і адказныя гаспадары. Разам яны трымаюць каня, свіней і курэй. Яны імкнуцца забяспечыць сваю сям'ю свежымі прадуктамі і робяць усё магчымае, каб іх гаспадарка прыносіла плён.

МТК Коты.jpg

Сяргей ЮРЭВІЧ

Фота аўтара

Статьи по теме: