Марыя Мікалаеўна КАПЫШ нарадзілася ў вёсцы Хвецавічы. У 2002 годзе жанчына скончыла Гродзенскае медвучылішча і па размеркаванні прыйшла працаваць ва ўчастковую бальніцу аграгарадка Крэва.
Марыя КАПЫШ абрала прафесію міласэрнасці
– Дакладнае ўсведамленне таго, што мне трэба сваё жыццё прысвяціць медыцыне, прыйшло толькі ў 10 класе. У той час стрыечная сястра працавала медсястрой, таму перада мной заўсёды быў добры прыклад чалавека, які працаваў у гэтай сферы. Яна шмат расказвала пра сваю працу. І я бачыла, што гэтая справа, як ні якая другая, накіравана на дапамогу людзям. Магчыма, гэты фактар і сыграў у маім жыцці вырашальную ролю. Вядома, ёсць тут свае нюансы, але ў цэлым мне мая праца падабаецца, – шчыра зазначыла жанчына.
З 2013 года Марыя Капыш працуе на пасадзе старэйшай медсястры ў мясцовай бальніцы сястрынскага догляду. Пацыенты пажылога ўзросту патрабуюць асаблівай увагі і клопату. Гэтыя людзі за некалькі дзсяцігоддзяў ўжо прывыклі да свайго ладу жыцця, і змены ім могуць быць складаныя.
– Таму да кожнага з 25 маіх пацыентаў неабходны індывідуальны падыход: камусьці патрэбны парады і падтрымка, камусьці дастаткова ўсмешкі і добрага слова. Кожны дзень з імі ўнікальны і патрабуе ад нас цярпення, любві і разумення. Прыходзячы на працу, важна памятаць, што яны не могуць абслугоўваць сябе самастойна, таму ўвага і клопат да іх медыкаў вельмі важныя. Але пры ўсіх складанасцях і выпрабаваннях сваю прафесію не прамяняла б ні на якую іншую. А думак, каб пайсці працаваць у другое месца, наогул не дапускаю, – прызналася Марыя Мікалаеўна.
Паколькі жанчына працуе з пажылымі, хворымі і нямоглымі пацыентамі, то часта бачыць, як яны сыходзяць з жыцця. Гэта, як лічыць Марыя Капыш, неад’емная частка яе прафесіі. Кожная смерць заўсёды пакідае цяжкі след у сэрцы медыцынскага работніка, кавалачак памяці, кавалачак гісторыі, які назаўжды застанецца з тымі, хто яго лячыў.
– І гэта дапамагае нам шанаваць кожную хвіліну жыцця і нашых пацыентаў. Хоць вылечыць не заўсёды ўдаецца, але дар захоўваць памяць пра чалавека, хто калісьці быў пад нашым наглядам, робіць прафесію медыка асабліва каштоўнай і значнай.
Марыя Мікалаеўна – адказны чалавек. Яна заўсёды зможа знайсці падыход як да пацыентаў, так і да калег. Так сціпла, але вельмі дакладна характарызуе жанчыну кіраўніцтва раённай бальніцы.
У сямейным жыцці Марыі Капыш усё складваецца выдатна. Разам з мужам яны выхоўваюць дзвюх дачок. Акрамя выканання прафесійных абавязкаў, сям'я Капыш клапоціцца аб сваёй вялікай гаспадарцы, у якой утрымліваюцца каровы, свінні, куры, сабака і чатыры кошкі.
Сяргей ЮРЭВІЧ
Фота аўтара