Паштальён, які яднае ўсю вёску

 

Паштальён, які яднае ўсю вёску

Общество
01.06.2024
710

33 гады ў аддзяленні паштовай сувязі Крэва працуе паштальёнам Ірына АЛЕКСАНДРОВІЧ. Штодзённы яе маршрут – вуліцы аграгарадка. Сярод вяскоўцаў нямала пастаянных падпісчыкаў і газеты «Светлы шлях». Дарэчы, свежы выпуск смаргонскай раёнкі ў Крэве атрымліваюць амаль у кожным чацвёртым доме.

Паштальён дастаўляе карэспандэнцыю, афармляе падпіску, прымае аплату камунальных плацяжоў і замовы на дастаўку тавараў, аказвае іншыя віды паштовых паслуг.

Рабочы дзень Ірыны Антонаўны пачынаецца з сарціроўкі газет, часопісаў, лістоў і паштовых адпраўленняў. Потым, калі пехатой, а калі на веласіпедзе яна адпраўляецца на маршрут. Што так прываблівае жанчыну ў буднях паштальёна? Кажа, падабаецца ўвесь працэс працы, але асаблівае задавальненне прыносяць зносіны з аднавяскоўцамі.

– Калі я толькі пачынала тут працаваць пасля дыкрэтнага водпуску, на ўсю вёску было чатыры паштальёны. Зараз працую ў Крэве адна, – распавядае жанчына. – Я ўсіх ведаю, і мяне ўсе ведаюць.

Галоўным сваім памочнікам Ірына Антонаўна лічыць апаратна-праграмны комплекс «Мабільны паштальён». Раней паштальёны ўсё рабілі ўручную: і газеты выпісвалі, і квітанцыі запаўнялі, а цяпер гэтым займаецца тэхніка. Пенсія, падпіска на друкаваныя выданні, камунальныя паслугі, грашовыя пераводы...

– Як толькі нам выдалі гэтую тэхніку, я адразу ж хацела звальняцца з працы: усё было тады незразумелым і складаным. Думала, што не асвою гэтага ніколі. Але дзякуй нашаму кіраўніцтву, якое нас падтрымала. Таму сёння гэтая прылада – сапраўдны памочнік для нас, – зазначае Ірына Александровіч.

З цеплынёй адклікаюцца аб паштальёне і аднавяскоўцы, прыслухоўваюцца да рэкамендацый, давяраюць пры выбары тавараў і паслуг. Ірына Антонаўна шануе кожнага кліента, заўсёды гатова дапамагчы. З задавальненнем дзеліцца з намі сваімі абавязкамі:

– Я прывыкла працаваць так, каб вяртаючыся вечарам дамоў, у мяне заўсёды была пустая сумка. Не люблю на заўтра адкладаць сённяшнія справы. Тым больш, людзі чакаюць паштальёна, і я не магу іх падвесці.

Почтальон Крево.jpg

Сяргей ЮРЭВІЧ

Фота аўтара

Статьи по теме: