Няма сумнення ў тым, што любоў да народных танцаў, спеваў і музыкі ў сям’і РОГАЧАЎ перадаецца з генамі ці малаком маці. Культурная крона іх радаводу – разгалінаваная. І мы паспрабуем яе вывучыць.
Жыватворная сіла мастацтва
На першым рэспубліканскім сямейным фестывалі «Разам», які нядаўна быў арганізаваны па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын, Рогачы прадставілі творчы нумар «Як на нашым на падворку мірна, радасна жывём». Такім чынам выказалі сваю любоў да малой радзімы, народных традыцый і культуры.
Псіхалагічная перазагрузка, адпачынак і фітнэс
«Пляцоўкай для двухдзённага фестывалю стаў дзіцячы лагер «Крынічка», што на Валожыншчыне. Сюды з розных куткоў Беларусі з’ехалася 21 сям’я. Усе ўдзельнікі – такія творчыя, вясёлыя, актыўныя. Кожны падрыхтаваў патрыятычны нумар. Мы зрабілі акцэнт на тое, чым па-сапраўднаму захапляемся: на народнае мастацтва, – кажа Святлана Рогач. – Рыхтаваліся да выступлення адказна, хацелася варта прадставіць Смаргоншчыну і свой жодзішкаўскі край».
Дарэчы, сярод ганаровых гацей імпрэзы былі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.
Дарослыя члены сям’і Рогач ніяк не звязаны з прафесіяй культработніка. Усе яны абралі «зямныя», «хлебныя» спецыяльнасці. Святлана – ветэрынарны ўрач філіяла «Жодзішкі», яе муж Дзмітрый – тэхнік-асемянатар Смаргонскай райплемстанцыі.
З дзяцінства Святлана любіла сцэну, народную творчасць. Была ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці і падчас вучобы ў школе, і ў Ільянскім тэхнікуме. Дзмітрый шэсць гадоў наведваў гурток побытавых танцаў, які вяла цудоўная танцорка Людміла Кісялёва ў жодзішкаўскім клубе. «Потым у мяне быў пятнаццацігадовы перапынак у танцах, але аднойчы мяне з жонкай Алена Давыдзенкава, кіраўніца народнага ансамбля «Вечарынка», запрасіла на заняткі па побытавых танцах. Работнікі Дома культуры вырашылі арганізаваць брэндавае свята «Жодзішкаўскі карагод» і шукалі дарослых удзельнікаў. Мы пагадзіліся і па вечарах сталі ездзіць на рэпетыцыі», – успамінае Дзмітрый.
«Калі ўвесь час у рабоце ці хатніх клопатах, у дзецях (у нас – дзяўчынка і два хлопчыкі, меншаму – два з паловай гады), то такія танцавальныя заняткі ў клубе – гэта і пэўная псіхалагічная перазагрузка, і адпачынак, і фітнэс, – зазначае Святлана. – Калі цэлы дзень з мужам не бачымся, то і для сямейных адносін карысна разам патанцаваць».
Дарэчы, Святлана і Дзмітрый – не толькі ўдзельнікі «Жодзішкаўскага карагода». У іх скарбонцы – дыпломы, якія яны летась на 10 міжнародным турніры нацыянальнага танца «Танчым разам”, што ладзіўся ў межах фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску і на абласным фестывалі-свяце побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму», які праходзіў на Лідчыне, у Дзятве (там яны сталі лаўрэатамі ІІІ ступені).
Таму нядзіўна, што і старэйшыя дзеці Святланы і Дзмітрыя таксама – у народным мастацтве. 8-гадовая дачка Аліна – удзельніца ўзорнага фальклорнага калектыву «Нальшчаначка», ім кіруе апантаная Кацярына Дудзінская, суседка Рогачаў.
Аліна – надзвычай сцэнічная, цудоўна спявае, танцуе і дэкламуе вершы. З нядаўняга часу ў калектыве і 5-гадовы Яраслаў, абаяльны і непасрэдны. А падчас рэспубліканскага сямейнага фестывалю «Разам» дэбютаваў на сцэне і Уладзік, якому толькі два з паловай гады. Сваім выступленнем малы добра пацешыў публіку.
Танцавальны завадатар
Між іншым, танцавальным завадатарам у гэтай сям’і можна назваць Рогача-старэйшага. Мар’ян Мар’янавіч, бацька Дзмітрыя, – у мінулым механізатар (адшчыраваў на залескіх палетках больш за 40 гадоў), цяпер – на заслужаным адпачынку.
Бацькі Мар’яна Мар’янавіча таксама любілі народныя танцы, музыку і спевы. «І мама, і тата мелі цудоўны голас. Бацька працаваў санітарам у псіханеўралагічнай бальніцы, а ў вольны час іграў на вяселлях. Сам асвоіў гітару, мандаліну і трубу. Пазней быў удзельнікам духавога аркестра, які стварылі ў пажарнай часці і народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага. Нярэдка яго можна было сустрэць на святах з вялікім барабанам, на якім і цяпер іграюць у народным ансамблі «Вечарынка». Інструменту ўжо больш за паўсотню гадоў», – усміхаецца Мар’ян Рогач. – Нядзіўна, што і я танцую з маладых гадоў, а да жаніцьбы быў у складзе вакальна-інструментальнага ансамбля, мы гралі ў жодзішкаўскім клубе. Пазней стаў удзельнікам «Вечарынкі». Даўнейшыя танцы люблю ўсёй душой. Памятаю, пасля цяжкага працоўнага дня, стомлены ледзь ішоў на рэпетыцыі ў клуб, а вяртаўся дадому – як на крылах. Народныя танцы валодаюць жыватворнай сілай».
Жонка Мар’яна Мар’янавіча таксама раней удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, цяпер бывае толькі ў якасці глядачкі.
Наш героі – зноў у прадчуванні «Жодзішкаўскага карагоду», які ў шосты раз будзе праходзіць у аграгарадку 16 чэрвеня. Адточваць жодзішкаўскую польку і «Лысага», «Нарэчаньку» і падыспань, развучваюць новыя танцы.
«Танцуй не толькі пакуль малады, танцуй у любым узросце – і будзь шчаслівы», - менавіта гэта думка стала не толькі жыццёвым лейтматывам сям’і Рогачаў, але і моцным прутком, які іх разам злучае. А калі сям’я трывала звязана, то, як вядома, ніякія нягоды ёй не страшныя.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара