Скрозь бэзавыя галінкі… Гісторыя сям’і Жук

 

Скрозь бэзавыя галінкі… Гісторыя сям’і Жук

Общество
25.05.2024
1515

Ці задумваліся вы пра тое, што за прыгожым дэкаратыўным дрэўцам можа стаяць нейкая гісторыя чалавека ці нават сям’і? Цяпер, калі на вуліцах буяе бэз, нам захацелася праверыць гэту тэорыю. Скрозь галінкі прыгожых бэзавых кветак… убачыць лёсы людзей.

У Бялкоўшчыне, каля васьмікватэрнага дома, дзе жывуць Антон і Валянціна Жук, расце куст бэзу. У 1990 годзе сям’і выдзелілі тут кватэру – і Валянціна Васільеўна адразу пачала аздабляць прыдамавую тэрыторыю. Цяпер гэта дрэўца для яе як напамін пра вялікую жыццёвую радасць: у 50-гадовым узросце, нарэшце, атрымаць прасторнае жыллё з усімі выгодамі.

Летась Антон Іванавіч і Валянціна Васільеўна адзначылі залатое вяселле. А пазнаёміліся яны ў далёкім ужо 1971 годзе, калі з розных куткоў Беларусі (ён – са Смаргоншчыны, яна – з Салігоршчыны) прыехалі на вучобу ў Магілёўскую савецка-партыйную школу пры Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Беларусі, каб атрымаць дыплом агранома-арганізатара.

«У нашай групе я была адна жанчына сярод 19 мужчын, многія з якіх – жанатыя. Я, сціплая дзяўчына з вёскі, спачатку спужалася такой кампаніі. Але калі Антон сеў са мной за адну парту – напружанасць прайшла. Так усю вучобу – 1971 па 1974 год  - і прасядзелі разам, - усміхаецца субяседніца. – Пасля вучобы ўжо сям’ёй накіраваліся на маю радзіму, уладкаваліся ў гаспадарку «Новае Палессе». Але сястра Антона настойвала на тым, каб мы пераехалі на Смаргоншчыну. Мы згадзіліся. С 1976 года сталі працаваць у саўгасе «Смаргонскі». Трынаццаць гадоў пражылі ў бараку (дом на тры сям’і, без выгодаў), а потым перасяліліся ў новую кватэру».

Ужо вылецелі абедзве дзяўчаты-птушаняты з бацькоўскага гнязда, у кожнай – свая сям’я. Антон Іванавіч і Валянціна Васільеўна дачакаліся чатырох унукаў і праўнука. Цяпер яны на пенсіі, таму нярэдка адпачываюць, седзячы на лавачцы каля пад’езда з прыгожым відам на квітнеючы бэз.

IMG_2927.JPG

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

Статьи по теме: