Гэта свята заклікана прыцягнуць увагу да важнай ролі меданосных пчол у апыленні раслін, вытворчасці мёду і іншых прадуктаў пчалярства.
20 мая адзначаецца сусветны дзень пчол у гонар дня нараджэння Антона ЯНШЫ
Таксама гэтае свята падштурхнула нас пазнаёміцца бліжэй з тымі землякамі-пчалярамі, якія некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця прысвяцілі гэтай па-сапраўднаму пачэснай справе. Да адных з такіх людзей належыць Міхаіл Шатурка з Крэва.
– Вучыцца ўсім «навукам» пчалярства ў мяне не было калі. Бацька ўвесь час быў заняты на працы, а ў апошнія гады свайго жыцця перадаў мне некалькі сямей пчол. На, бяры, сынок, вучыся! Таму ўсё спасцігаў сам. Дзе па кніжках, дзе больш вопытныя пчаляры дапамагалі. Так паступова ўсё і закруцілася, – расказвае Міхаіл Іванавіч.
Пчоламі Міхаіл Шатурка па-сур’ёзнаму (як ён сам называе гэты перыяд) пачаў займацца з 2000 года. У розныя гады належаў да грамадскіх аб’яднанняў «Беларускія пчолы»і «Беларускія пчаляры”. Бывала атрымлівалася так, што амаль паралельна ўдзельнічаў у некалькіх выставах спачатку ад аднаго аб’яднання, а потым ад другога. І там, і там крэўскі мёд Міхаіла Шатуркі быў пераможцам.
У самыя лепшыя гады свайго пчалярства Міхаіл Іванавіч за адзін раз даглядаў 20 сямей пчол, з якіх атрымаў больш за 200 літраў мёду.
– Тады за хатай на полі калгас сеяў грэчку, побач – лес, а там – маліна. Пчолам было дзе разгуляцца.
Паступова колькасць пчол на падворку Міхаіла Шатуркі стала змяншацца. Узрост і здароўе гаспадара і цяпер не даюць займацца любімай справай у поўную сілу. Зараз з «актыўных» сямей засталося толькі дзве.
– Я і сам ужо не хачу гэтага, але яны ўсё прылятаюць і прылятаюць. Ведаюць, што ім тут будзе добра. Таму і даглядаю, – жартуючы адказвае гаспадар.
Сяргей ЮРЭВІЧ
Фота аўтара