“Кучарочкі” спяваюць сваё

 

“Кучарочкі” спяваюць сваё

Общество
19.05.2024
639

Цудоўныя спевы ў суправаджэнні жывой музыкі – гэта ўзорны самадзейны ансамбль народнай песні “Кучарочкі”. Напэўна, ніводзін канцэрт, які ладзіць дзіцячая школа мастацтваў імя Міхала Клеафаса Агінскага, не абыходзіцца без гэтага калектыву.

Палюбіліся гэтыя артысты не толькі смаргонскай публіцы. Журы на шматлікіх конкурсах адзначае выступленне “Кучарочкаў” самымі высокімі баламі. Вось і на нядаўнім абласным конкурсе нацыянальнага фальклору “Крыніца жыцця” нашы выступоўцы атрымалі гран-пры.

1.jpg

За такімі вынікамі стаіць вялікая праца ўдзельнікаў і нязменнага кіраўніка ансамбля Алены Грамовіч, чалавека ўлюбёнага ў спевы з маленства. “Спачатку я займалася акадэмічным вакалам, а да народных песень мяне далучылі падчас вучобы ў Гомельскім вучылішчы мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага. Там адкрылі народнае аддзяленне, а я стала салісткай хору народнай песні, - расказала Алена Дзмітрыеўна. - Пазней, паступаючы ва ўніверсітэт культуры, я ўжо была ўпэўнена, што хачу займацца толькі народнымі спевамі. Там сустрэла выдатнага педагога Алеся Рашчынскага, кіраўніка самабытнага гурта-капэлы “Агмень”. Калі была ў складзе гэтага калектыву, пабывала ў самых розных кутках Беларусі і за яе межамі”.

Неўзабаве Алена Грамовіч уладкавалася ў дзіцячую школу мастацтваў імя Міхала Клеафаса Агінскага,  а ў 2006 годзе заснавала самадзейны ансамбль народнай песні “Кучарочкі”, які ў 2010 ужо атрымаў званне “ўзорны”. Дарэчы, у назве калектыву - аднайменная песня, якую кіраўніца выконвала яшчэ калі была салісткай “Агменю”. Гэта кампазіцыя стала візітоўкай калектыву. Заўсёды было цікава даведацца, што азначае слова “кучарочкі”. Аказалася, што гэта сінонім слову “свавольнікі”.

“Калі палічыць увесь наш рэпертуар, то лічба дакладна дасягне сотні. Ёсць сярод песень апрацаваныя кампазіцыі, якія былі запісаны ад носьбітаў са Смаргоншчыны: “А ў садзе, ва градзе” (з Вішнева), калядныя і купальская песні (з Шутавіч). Я вельмі рада, што мае выхаванцы ведаюць беларускія песні, пачынаюць разумець свае карані, любіць нашу культуру, а некаторыя нават прадаўжаюць прафесійна займацца народным вакалам, - адзначае Алена Грамовіч і ўдакладняе. – Цяпер у складзе вакальнай групы “Кучарочкаў” – 12 дзяўчынак ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў, а ў аркестравай – граюць Ігар Кавальскі (кіраўнік, баян), Алена Конан (скрыпка) і Юрый Крывенькі (дудка, барабан).

2.jpg

3.jpg

Наперадзе ў “Кучарочкаў” – шмат планаў. Дзякуючы такім зацікаўленым людзям беларуская народная песня жыць будзе доўга.

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва дзіцячай школы мастацтваў імя М. К. Агінскага