12 красавіка – Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Гэта памятны дзень у Савецкім Саюзе, калі лётчык-касманаўт Раман Цітоў звярнуўся з прапановай у ААН вынесці свята на сусветны ўзровень. Але ў межах ААН статус – Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі атрымаў толькі ў 2011 годзе – праз 50 гадоў з дня палёту ў космас Юрыя Гагарына.
Да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі
З нагоды памятнага дня хачу расказаць пра Тадэвуша Ігнатавіча Макея, які нарадзіўся ў вёсцы Балобаны ў 1944 годзе. Пасля заканчэння Крэўскай СШ яго прызвалі ў войска, размеркавалі ў авіяцыйны полк.
У школе Тадэвуш вучыўся добра, асабліва сябраваў з матэматыкай. Быў дапытлівы, старанны, уседлівы, працалюбівы, начытаны. Стараннага, уважлівага і разумнага юнака заўважыла ваеннае кіраўніцтва. У 1964 годзе камандзіры адабралі 15 салдат, у тым ліку і Тадэвуша Макея, адправілі ў авіяцыйную школу ў Маскве. Камандзіры А. І. Жданаў, М. В. Бародзін былі вельмі задаволены і бацькам адпраўлялі пісьмы з падзякамі за добрае выхаванне сына. Атрымаўшы па ўсіх прадметах “выдатна”, Тадэвуша з іншымі саслужыўцамі адкамандзіравалі ў г. Горкаў на ТЭЧ (тэхнічна-эксплуатацыйную часць) рэзервнага палка. І там хлопцы справіліся на “выдатна”. Ім прысвоілі званне “старшына” і накіравалі ў 1966 годзе ў горадзе Балахна – на аэрадром. Захаваўся здымак, дзе Тадэвуш правярае спраўнасць самалёта перад палётам.
Адслужыў Тадэвуш 4 гады, вярнуўся з войска ў 1968 годзе афіцэрам-рэзервістам (лейтэнантам). У гэтым жа годзе пачалася “завіруха” ў Чэхаславакіі. Не пытаючы згоды, Тадэвуша Ігнатавіча выклікалі ў ваенкамат і сказалі: “Выбірай: Ліда ці Паставы, там дыслацыраваўся авіяцыйны полк”. Ваенкам даў загад – 3 гадзіны на зборы. Тадзік Макей выбраў Ліду. Там даслужыўся да маёра авіяцыі, там знайшоў сабе жонку, але яна больш як 20 гадоў таму памерла. Адзін гадаваў дачку Вольгу і сына Віктара, якія выраслі годнымі людзьмі. Мае трое ўнукаў.
Тадэвуш Ігнатавіч таксама скончыў сельгасінстытут, працаваў аграномам, выкладчыкам. Сёлета яму споўніцца 80 гадоў. Дзе б ён ні служыў, дзе ні працаваў, усюды ён праяўляў вялікую адказнасць, высокі інтэлект, любоў да сваёй Айчыны.
Алена СТРАХ