Скрыпку называюць чароўным эліксірам для сэрца і душы

 

Скрыпку называюць чароўным эліксірам для сэрца і душы

Общество
26.01.2024
632
Несумненна – для падтрымання знешняй прыгажосці. Усё гэта пацвярджае наша гераіня Святлана КОВАЛЬ, настаўніца па класе скрыпкі Смаргонскай школы мастацтваў. Таленавітая, заўсёды пазітыўная, энергічная, элегантная. Надзвычай улюбёная ў музыку, малую радзіму і жыццё.

«Школьная тропинка» вывела на дарогу музыкі

Святлана нарадзілася ў Вайнідзенятах. Яе бацькі былі вядомымі на ўсю акругу гарбарамі (займаліся апрацоўкай скур жывёл). Пры гэтым былі музычна адоранымі ад прыроды.

– Вельмі любілі спяваць, ніводнае свята не абыходзілася без песень, якія выконвалі тата з мамай. У іх былі прыгожыя галасы. А бацька ўжо ў сталым узросце самастойна навучыўся граць на скрыпцы. Нядаўна па памяці я ўзнавіла адну мелодыю (назвала яе «Вайнідзеньская полька»)  з бацькавага рэпертуару, распісала яе па нотах і перадала
ўдзельнікам ансамбля народных інструментаў «Гулянок», якія займаюцца адраджэннем смаргонскіх найгрышаў.

Сястра Аліна, старэйшая за мяне на 8 гадоў, таксама пераняла ад бацькоў здольнасці  да музыкі. Яна была ў ліку першых вучняў Смаргонскай музычнай школы. З Вайнідзенят пехатой, нават у снег і дождж, хадзіла на заняткі па музыцы. Вывучылася на настаўніцу па класе скрыпкі і да пенсіі адпрацавала ў Смаргонскай школе мастацтваў. Хвароба не дазволіла далей зай­мацца любімай справай. З Алінай мы не толькі разам працавалі ў школе, але гралі і спявалі ў цымбальным аркестры, а таксама ў ансамблі песні і танца імя Агінскага. Дзякуючы Аліне я асвоіла гітару і баян.  Для мяне яна – больш чым сястра, а мой маяк у прафеіі, паплечнік і дарадца.

IMG_20240122_0010.jpg

IMG_20240122_0011.jpg

Наколькі ведаю, Ваш прафесійны лёс вызначыўся ў раннім дзяцінстве…

– Сапраўды. У нашым доме часта былі людзі. У асноўным, заказчыкі. Прыехаў аднойчы Міхаіл Адамавіч Жаўрыд, першы дырэктар музычнай школы. Ён пачуў, як я, чатырохгадовае дзяўчо, выконваю песню «Школьная тропинка» і адразу заявіў бацькам, што я маю абсалютны слых і мяне варта адправіць на вучобу ў Мінск. Пасля доўгіх угавораў мама адвезла мяне ў сталіцу, паказала выкладчыкам – і мяне прынялі ў першы клас Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і мастацтве імя Івана Восіпавіча Ахрэмчыка.

– Пакінуць вясковае сямігадовае дзіця ў вялікім горадзе – мала якія бацькі рашыліся б так рана «перарэзаць пупавіну». Уяўляю, наколькі няпроста было ім пагадзіцца з гэтай думкай. Нават, калі розумам адчуваеш, што гэта варта зрабіць, сэрца можа не згадзіцца. А як Вы, такая маленькая, перажывалі расстанне з роднымі?

– Былі і слёзы, і хваляванні. Інтэрнат – не бацькоўскі дом. Помню, калі нас выводзілі на вуліцу, і мне трапляўся на вочы каналізацыйны люк з надпісам «Смаргонь», я станавілася на яго, заплюшчвала вочы і адчувала цеплыню малой радзімы.

Пасля школы Святлана адразу паступіла ў кансерваторыю. Пасля заканчэння, у 1981 годзе, размеркавалася ў Смаргонскую музычную школу, дзе працуе настаўніцай дагэтуль. Больш за трыццаць гадоў загадвала струнна-смычковым аддзяленнем, літаральна нядаўна перадала паўнамоцтвы больш маладой калезе. А вось народным струнным калектывам «Кантрасты», які быў створаны ў 1983 годзе, Святлана Паўлаўна кіруе і дагэтуль. У яго складзе – настаўнікі школы. Рэпертуар калектыву надзвычай разнастайны: папулярныя творы сучасных аўтараў, беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў, беларуская народная музыка. «Кантрасты» пастаянна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і абласных святочных мерапрыемствах, раённых і гарадскіх канцэртах. Журы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў неаднаразова адзначала калектыў самымі высокімі баламі. 

IMG_3944.JPG

IMG_1447.JPG

IMG_2680.JPG

– На Ваш погляд, у чым сакрэт поспеху калектыву?

– Напэўна, не памылюся, калі скажу, што найперш – у апантанасці і прафесіяналізме ўдзельнікаў. Да таго ж у нас ёсць Маргарыта Гар’еўна Пятроўская, якая шмат гадоў з’яўляецца нашым нязменным канцэртмайстрам. Для саліруючых выканаўцаў яна – неверагодная падтрымка.

«Матэрыяльны дабрабыт ніколі не быў для мяне на першым месцы»

Улічваючы той факт, што Вас і калектыў горача вітала публіка і ў Беларусі, і за межамі, прызнайцеся, ці было жаданне звольніцца са школы і паехаць куды-небудзь за доўгім рублём?

– Адкажу шчыра – ніколі! Я любіла і люблю месца, дзе нарадзілася, жыву, працую. Калі гаварыць пра патрыятызм, то гэта пра мяне. Я ніколі не гналася за доўгім рублём. Колькі я жыву, ніколі не пакутавала ад таго, што мне не хапае грошай. Напэўна таму, што матэрыяльны дабрабыт ніколі не быў для мяне на першым месцы.

– А давайце пагаворым пра Вашу папулярнасць…

– Якая папулярнасць? – сціпла перапыняе мяне суразмоўца і
ўдакладняе: – Гэта добрасумлен-
ныя адносіны да работы.

IMG_20240122_0009.jpg

IMG_20240122_0008.jpg

IMG_20240122_0007.jpg

IMG_4933.JPG

– Так і ёсць. Папулярнасць – гэта вынік добрасумленных адносін да работы. У Смаргоні Вас многія ведаюць. Не толькі як кіраўніка ансамбля «Кантрасты», але і як настаўніцу па класе скрыпкі. Праз Вашы рукі прайшло столькі вучняў! Многія з іх сваё прафесійнае жыццё звязалі з музыкай. І цяпер бацькі, запісваючы дзіця ў музычную школу, просяць, каб настаўніцай іх сына ці дачкі была менавіта Святлана Паўлаўна Коваль.

– Уяўляеце, якая гэта адказнасць – апраўдаць давер бацькоў! Зацікавіць маленькага вучня, зачараваць яго музыкай, зрабіць усё магчымае, каб ён палюбіў інструмент. І калі так адбываецца, большага шчасця не трэба.

Цяпер да мяне прыходзіць на падрыхтоўку шасцігадовы хлопчык. Нядаўна кажа мне: «Я буду хадзіць на заняткі, нават калі буду вучыцца ў інстытуце. І калі ў другі паступлю, таксама буду да Вас прыхо­дзіць на ўрокі». Такія выказванні добра падымаюць настрой (смяецца).

– Ваша дачка Ірына – таксама скрыпачка. Гэты факт – яшчэ адно пацвярджэнне Вашай любові да музыкі, інструмента, прафесіі ў цэлым. Бо нашым дзецям мы жадаем толькі самага лепшага.

– Безумоўна, я радавалася, калі Іра выказала жаданне быць скрыпачкай. І яе дачка, 10-гадовая Валерыя, таксама вучыцца ў школе па класе скрыпкі. Таму мая запаветная мара – зрабіць сумесны канцэртны нумар. Я думаю, неўзабаве мы гэта павінны здзейсніць.

– Лічыцца, што скрыпка – «каралева аркестра» – бадай, самы складаны ў засваенні інструмент. Як Вы лічыце, чаму ён па-ранейшаму самы запатрабаваны сярод тых, хто запісваецца ў школу мастацтваў?

IMG_1603.JPG

– А Вы ведаеце, што скрыпка можа спяваць чалавечым голасам? Сапраўды. У скрыпцы ёсць адна важная дэталь – душка (ад слова «душа»). У руках чэрствага і злога чалавека чуллівы смычок ніколі не зможа плакаць і смяяцца.

Я ўпэўнена, што менавіта скрыпка найлепш развівае не толькі музычны слых, але і актывізуе работу мозга… Вядомы факт: дзеці-скрыпачы вылучаюцца больш развітым інтэлектам.

IM4209~1.jpg

Напэўна, варта ў гэтай сувязі ўспомніць вядомага фізіка Эйнштэйна, заўзятага скрыпача, які не раз гаварыў, што, калі б не заняўся навукай, стаў бы музыкантам. Заняткі на скрыпцы ён не пакідаў на працягу ўсяго жыцця, граў санаты, квартэты – і здзяйсняў навуковыя адкрыцці. Быў упэўнены, што лепшы спосаб растлума­чыць фізіку – рабіць гэта з дапамогай музычных тэрмінаў.

– Гэта яшчэ адзін пераканаўчы прыклад для тых, хто лічыць: калі дзіця будзе ха­дзіць у музычную школу, то ў яго можа знізіцца паспяхо­васць у агульнаадукацыйнай. Але гэта з дакладнасцю наадварот. Той, хто займаецца музыкай, умее размеркаваць час, каб усюды паспець.

– Сіла музыкі – у чым яна заключаецца, на Ваш погляд?

– Музыка – гэта як паветра і цеплыня сонечных прамянёў для нашага слыху і душы. Яна робіць нас лепшымі, натхняе на добрыя справы, дорыць незабыўныя пачуцці.

– Што адчуваеце ў момант, калі выступаеце, калі чуеце у свой адрас гучныя апладысменты?

– Сцэна дае велізарны зарад энергіі. На задні план адыходзяць стомленасць і праблемы. А ў галаве зараджаюцца думкі: чым яшчэ можна здзівіць, парадаваць публіку. Я шчаслівая ад таго, што займаюся любімай справай. Іншай прафесіі сабе ніколі не жадала.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара  і з архіва Святланы Коваль

Статьи по теме: