Ці стануць “па зубах” стаматалагічныя паслугі?

 

Ці стануць “па зубах” стаматалагічныя паслугі?

Общество
05.12.2023
782
Да канца гэтага года ўступіць у сілу пастанаўленне Міністэрства аховы здароўя, згодна з якім будуць устаноўлены максімальныя цэны на ўсе віды стаматалагічных паслуг.

x468068f25b485c518d629a32c5d15a1a.jpg.pagespeed.ic.6MmQ0arBhV.jpg

Фото из интернета

Эксперты на працягу некаторага часу вывучалі рынак, аналізавалі тарыфы дзяржаўных і прыватных стаматалагічных клінік. Пасля гэтага падлічылі і вывелі максімальны кошт розных відаў лячэння, пратэзіравання і артадантычных паслуг.

Як гэта адаб’ецца на кашальках смаргонскіх пацыентаў, мы запыталі ў загадчыка стаматалагічнага аддзялення ЦРБ Мацвея Ляшука.

“Пасля таго, як выйшла гэтае пастанаўленне, мы правялі падрабязны аналіз тарыфаў, якія дзейнічаюць у нашым стаматалагічным аддзяленні, - расказаў Мацвей Стэфанавіч. – Прыйшлі да высновы, што тарыфы не зменяцца альбо зменяцца неадчувальна. Хутчэй гэта пастанаўленне рэгулюе цэнаўтварэнне ў прыватных клініках, дзе сустракаюцца завышаныя тарыфы”.

З цікаўнасці мы параўналі тарыфы ў дзяржаўнай і адной з платных стаматалагічных клінік Смаргоні. На сёння лячэнне зуба на платнай аснове ў стаматалагічным аддзяленні каштуе прыкладна 70 рублёў (залежыць ад глыбіні карыесу), да гэтай цаны можна дадаць пламбіраванне каналаў, калі яно патрабуецца. За ­адзін канал давядзецца вылажыць яшчэ 30 – 40 рублёў. Наша чытачка Ала не так даўно звярталася ў прыватную клініку. “Двухканальны” зуб ёй абышоўся каля 300 рублёў. Простая замена пломбаў ёй і сыну каштавала яшчэ па 130 рублёў.

Калі зуб усё ж уратаваць не ўдалося, ­будзе патрэбна пратэзаванне. У стаматалагічным аддзяленні адзін зуб з металакерамікі будзе каштаваць 200 – 220 рублёў.

Ала, якая з задавальненнем звярнулася б у дзяржаўную стаматалогію і вылечыла зубы там, адзначыла, што вялікай праблемай для яе стала чарга на лячэнне. А ёй паслугі ўрача патрэбны былі тэрмінова. “Сапраўды, у нас вялікая чарга на стаматалагічныя паслугі, - пагаджаецца Мацвей Ляшук. – Сёння не толькі ў нас, але і па ўсёй рэспубліцы назіраецца дэфіцыт кадраў. Толькі па Гродзеншчыне патрабуецца больш за 100 урачоў-стаматолагаў. І мы шукаем тэрапеўтаў, хірургаў, артапедаў. Калі штат будзе поўнасцю ўкамплектаваны, чэргі, безумоўна, зменшацца”.

Віялета ВОЙТКА.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях