Аўтобус далей не ідзе?
Мы заўважаем, што з года ў год колькасць аўтобусных маршрутаў не прыбаўляецца. Наадварот, у рабоце грамадскага аўтатранспарту час ад часу назіраецца аптымізацыя. Праблема ў гэтым, канечне, ёсць. Калі, напрыклад, у вяскоўца раптам узнікла неабходнасць паехаць у будні дзень у паліклініку або ў нядзелю ў царкву, павінна быць і магчымасць дабрацца туды на аўтобусе. Пазіцыя вяскоўцаў, якім хочацца, каб аўтобусы вазілі іх у горад часцей, зразумелая. Але не магу не абазначыць і іншыя бакі гэтай праблемы.
Асабіста я не кіроўца і ўласнага аўто не маю. Не так даўно ўзнікла неабходнасць паехаць у Ракаўцы. Даведалася, што ў 17.40 з горада адпраўляецца аўтобус Смаргонь - Крыўск, які давязе мяне, куды трэба.
Аўтобус выехаў з горада ў вызначаны час. Разам са мной было паўтара-два дзясяткі пасажыраў. Але падчас руху яны нібыта сталі растварацца: двое вышлі ў Свірыдавічах, яшчэ пару чалавек – у Кунаве, прыкладна столькі ж – у Суцькаве. Да Ракаўцаў даехалі толькі трое. У Крыўск аўтобус пайшоў пусты.
За праезд я заплаціла менш за 4 рублі. Разумею, што не кампенсавала аўтапарку нават два літры паліва. Думаю, што ўся наша “кампанія”, якая сабралася разам са мной у гэты дзень у аўтобусе, не дала зарабіць перавозчыку, а магчыма, гэты рэйс і наогул быў стратным. Стала зразумела, чаму аўтобусы ходзяць так рэдка і вадзіцелі скардзяцца на зарплату, не хочуць яны ісці ў аўтапарк на працу: цяпер там ёсць больш за 10 вакансій.
Хто ж вінаваты ў сітуацыі, якая склалася? Зразумець тут трэба і людзей, якім неабходна ездзіць, і аўтапарк, які не хоча працаваць са стратамі. На мой погляд, вінавата трэцяя старана – прагрэс і аўтамабілізацыя. Машыны, якія ёсць амаль у кожнай сям’і, забралі неабходнасць карыстацца грамадскім транспартам. На працу, у магазін, у банк нам зручна ездзіць на ўласным аўто. Кожны ведае, што ўтрыманне аўто – справа не вельмі танная. Многія нават кажуць, што машына – гэта паўнацэнны член сям’і: яе трэба “карміць”, “абуваць”, абслугоўваць… І аўто так палюбілі, што ніяк не можам адмовіцца. Не можам перасесці на аўтобус і, дзякуючы вялікай колькасці пасажыраў, даць магчымасць аўтапарку зрабіць рэйсы прыбытковымі.
Уявіце толькі, як бы цудоўна было, каб на нашых вуліцах было менш легкавушак, якія ствараюць мітусню і забруджваюць паветра. Да таго ж, язда на аўтобусе больш выгадная, чым утрыманне аўто. Калі не верыце – прыгадайце савецкія часы і пракаціцеся на аўтобусе. Упэўнена, камусьці дакладна спадабаецца.
Таццяна ЛЫСКОВА.
Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!