“Трэба ведаць і памятаць сваіх герояў, сваю зямлю, каб заставацца людзьмі”. Кандыдат мастацтвазнаўства Аксана Коўрык – пра работы інсітнай мастачкі Ніны Бохан

 

“Трэба ведаць і памятаць сваіх герояў, сваю зямлю, каб заставацца людзьмі”. Кандыдат мастацтвазнаўства Аксана Коўрык – пра работы інсітнай мастачкі Ніны Бохан

Общество
08.09.2023
482

- Беларусь наша невялікая, і такога багацця прыгажосці, як у экзатычных краінах, у нас няма. Таму яшчэ каштоўней – выяўляць унікальнасць і прыгажосць невялікіх гарадоў, такіх, як Смаргонь, - менавіта з гэтай думкі пачалася ў нас размова з Аксанай Коўрык, кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам кафедраў тэорыі і методыкі выкладання мастацтва і мастацка-педагагічнай адукацыі БДПУ імя М. Танка і кафедры камунікатыўнага дызайну ФСКК БДУ.


1.jpg

Аксана Аляксандраўна спецыяльна прыехала ў наш горад, каб пазнаёміцца з работамі самабытнай мастачкі Ніны Бохан.Маляванка Ніны Бохан, якая прадстаўлена ў экспазіцыі музея Сінькоўкага ДК..JPG

Маляванка Ніны Бохан, якая прадстаўлена ў экспазіцыі музея Сінькоўкага ДК.

Адна з апошніх знаходак – работы Ніны БОХАН, якія захоўваліся ў Крэве..JPG

Адна з апошніх знаходак – работы Ніны БОХАН, якія захоўваліся ў Крэве.

Адна з апошніх знаходак – работы Ніны БОХАН, якія захоўваліся ў Крэве.JPG

Адна з апошніх знаходак – работы Ніны БОХАН, якія захоўваліся ў Крэве.

 У адрозненне ад  інсітных мастакоў Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, імя Ніны Бохан пакуль  мала вядома ў Беларусі. На працягу апошніх трох гадоў краязнаўцы па драбніцах вывучаюць жыццёвы і творчы шлях мастачкі з народа. Знайшлі прыкладна тры дзясяткі яе работ, частка з якіх захавалася толькі на фота. Пра гэта на старонках газеты “Светлы шлях” мы падрабязна расказвалі. 

Аксана Коўрык – першая і пакуль адзіная ў Беларусі, хто абараніў дысертацыю на тэму “Беларускія маляваныя дываны на тканіне як гісторыка-мастацкая з’ява першай паловы ХХ стагоддзя”.

- Смаргонь – горад, гісторыя якога на працягу многіх стагоддзяў адрознівалася самабытнасцю, дзякуючы, у тым ліку, канкрэтных людзям, - заўважыла Аксана Аляксандраўна. - У ХХ стагоддзі ў сувязі з трагедыяй Першай сусветнай вайны, адным з эпіцэнтраў якой аказалася Смаргонь, яе мінулае стала часткай сусветнай гісторыі. Горад перажыў разбурэнне, здолеў адрадзіцца і працягваць сваё існаванне, дзякуючы людзям, якія ўклалі ў яго энергію сваіх рук і цяпло душы. І па сённяшні дзень напаўняюць яго жыццё. Пра гэтых людзей важна і трэба распавядаць. Іх дзеянні праслаўляць, як прыклад для пераймання, асабліва для маладога пакалення, бо мы зацікаўлены ў прадаўжэнні жыцця – стваральнага, дзеля дабрабыту нашай роднай зямлі.

- Ніна Бохан – прыклад таму?

- Так! Нягледзячы на яе трагічны жыццёвы лёс, адзіноту, беспрытульнасць, даволі стракатую біяграфію. Яна несла ў свет прыгажосць і гармонію, любоў да прыроды, да людзей, як разумела і як магла, укладваючы ў сваю працу ўсе сілы душы і майстэрства пэндзля. Гэта разуменне адгукаецца ў сэрцах тых гледачоў, якім пашчасціла ўбачыць яе працы, якія ўражваюць сваёй энергетыкай, шчырасцю, дабрынёй і святлом, якія шчодра льюцца з палотнаў. Ніна Бохан у сваіх работах вучыла і вучыць нас спачуванню, суперажыванню, імкненню да супрацоўніцтва.

- Многія людзі на Смаргоншчыне прыпамінаюць маляваныя дываны Ніны Бохан, якія віселі шмат у якіх хатах. Але тут жа зазначаюць, што мода на маляванкі прайшла, і гаспадары іх проста павыкідалі, а на іх месцы павесілі дываны, зробленыя з дапамогай станкоў.  

- Гэта вялікае шчасце, што нешта засталося ад Ніны Бохан. Колькі невядомых мастакоў сышлі ў нябыт, бясследна прапалі. Работы Бохан, як і працы цяпер славутай на ўвесь свет случчанкі Алены Кіш, ураджэнца Дзесненшчыны Язэпа Драздовіча, прыйшлі да людзей, знайшлі свайго ўдзячнага гледача. І ўславяць зямлю, якую мастакі апявалі. Яны – гонар і слава нашай краіны. На замежных выставах, навуковых канферэнцыях спецыялісты праяўляюць вялікую цікавасць да работ, адзначаюць іх высокую мастацкую якасць, самабытнасць светаўспрымання так званых местачковых жывапісцаў. Між іншым, расійскія музеі зацікаўлены, каб працы Ніны Бохан былі прадстаўлены на выставе ў Маскве.

2.jpg

- Апошнім часам да беларускіх маляванак – асаблівая ўвага. Сёлета нават адкрылі першы ў Беларусі музей маляванкі…

- Першы і адзіны ў рэспубліцы музей маляванкі, які сёлета адкрыўся ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе” – гэта сапраўды падзея для Беларусі. Цудоўны вынік плённага супрацоўніцтва запаведніка з уладамі горада і дзякуючы прэзідэнцкаму гранту. Цяпер тут захоўваецца найбуйнейшая калекцыя маляваных дываноў Алены Кіш і Язэпа Драздовіча.

Музей Драздовіча існуе ў Германавічах (Шаркаўшчынскі раён) ужо шмат гадоў і карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых (асабліва моладзі і школьнікаў), гасцей – і ўсё дзякуючы энтузіязму яе стваральніцы Ады Эльеўны Райчонак, плённаму супрацоўніцтву з кіраўніцтвам Віцебскай вобласці.

Я так разумею, што нават у Смаргоні мала хто ведае пра Ніну Бохан. Шырокаму колу гледачоў яе работы не прадстаўлены. Музея мастачкі няма. Гэта можа быць у планах. Лічу, што адзін з цікавых спосабаў папулярызацыі яе творчасці можа стаць серыя жывапісных муралаў з выявамі прац Ніны Бохан. Як гэта ўжо зроблена ў іншых райцэнтрах. Такім чынам можна папоўніць скарбонку ведаў як жыхароў горада, так і гасцей – стварыць, як цяпер прынята казаць, першасны банк дадзеных візуальнай інфармацыі.

Заўважце, дзеля новай інфармацыі не трэба наведваць нават музей. Людзі, ідучы па горадзе, ужо будуць атрымліваць інфармацыю. Манументальная маляўнічая кампазіцыя, не толькі зможа ўвекавечыць імя Ніны Бохан, але і ўпрыгожыць прастору горада, надаць яму выразнасці, пазнавальнасці, дадаць унікальнасці яго абліччу.

Хачу пажадаць Смаргоні – гораду з багатай гісторыяй і выдатнымі людзьмі, з велізарным творчым і чалавечым патэнцыялам скарыстацца шанцам упрыгожыць свой родны кут, зрабіць яго яшчэ больш культурным, гасцінным, цікавым і выразным для смаргонцаў і гасцей Смаргоні.

- Напэўна, не памылюся, калі скажу, што творчасць самабытных мастакоў Беларусі яшчэ мала вядома нават самім беларусам. І ў гэтым кірунку варта прадаўжаць работу…

 - Сёння ў свеце мастацтва мастакоў-самавукаў, такіх як Анры Русо, Івана Генераліча, Ніка Пірасманішвілі, бабулі Мозес і многіх іншых разглядаецца міжнароднай супольнасцю на ўзроўні ЮНЕСКА – як выдатны ўклад у скарбонку сусветнай мастацкай культуры ХХ стагоддзя. Пра інсітных творцаў вядуцца сур’ёзныя навуковыя даследаванні, пішуцца дысертацыі, публікуюцца кнігі, праводзяцца выставы, чытаюцца лекцыі, ствараюцца тэлеперадачы, адкрываюцца музеі. Гэта ўстойлівая тэндэнцыя, за якой стаіць далучэнне людзей да прыгажосці, да вечных духоўных каштоўнасцей, адкрыццё новых стваральных рэсурсаў, імкненне да росквіту і развіцця.

Таму важна, каб сёння і ў нашай краіне, пазнавалі і ганарыліся землякамі, прырасталі ў сваёй чалавечнасці, далучаліся б да той любові, міласэрнасці, спагады да ўсяго жывога: раслін, жывёл, людзей, да тых фундаментальных духоўных каштоўнасцей, якімі напоўнены працы выдатных самабытных мастакоў.

Культура ствараецца тысячагоддзямі, намываецца, як залаты пясок, па драбніцах, а руйнуецца вельмі хутка, часам у адзін момант. І яе аднаўленне – працэс яшчэ больш цяжкі, чым прамое стварэнне. Але гэта тая “надбудова”, без якой наш эканамічны “базіс” проста нікому не будзе патрэбны, калі не застанецца людзей – носьбітаў культурна-гістарычнай памяці. Памяць – аснова  культуры, удзячная памяць нашчадкаў – яшчэ і  залог яе захавання, развіцця. Трэба ведаць і не забываць сваіх герояў, сваю зямлю, каб заставацца людзьмі, стваральнымі істотамі, а не вульгарнымі юзэрамі-носьбітамі гаджэтаў. Супрацьстаяць тэндэнцыі да расчалавечвання людзей і ператварэння іх у бяздумных спажыўцоў – гэта і ёсць задача культуры, наш прамы абавязак, калі заўгодна, абавязак перад нашчадкамі.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях