Школьная мода дыктуе правілы

 

Школьная мода дыктуе правілы

Общество
03.08.2023
1111
Складаная і гарачая пара для бацькоў – жнівень, калі надыходзіць час закупкі прыладаў і адзення да новага навучальнага года. Часта за лета школьнік робіць рэзкі скачок у росце, таму штаны, купленыя ў маі, да верасня могуць аказацца зусім не па памеры. Мы завіталі ў смаргонскі ГУМ, каб паглядзець, што прапануюць насіць у гэтым сезоне і колькі грошай давядзецца патраціць бацькам, каб набыць усё неабходнае.

Супрацоўнікі магазіна яшчэ ў сакавіку пацікавіліся ў школах раёна, якія элементы формы будуць абавязковымі ў 2023\2024 навучальным годзе. Заказы на фабрыкі рабіліся менавіта з улікам гэтых патрабаванняў. Камізэлькі розных колераў з палоскамі і без іх ужо сталі прывычнымі для школьнікаў і бацькоў. Тут няма ніякіх новаўвядзенняў. Аднак сёлета некаторыя школы вызначылі адзіны колер кашуль. Напрыклад, Залеская школа патрабуе для штодзённай носкі блакітныя. Менавіта такую шукала для дачушкі-другакласніцы жыхарка Залесся Зофія Войтка. “У мінулым годзе ў школе адбыўся бацькоўскі сход з удзелам педагогаў і бацькоў. Пасля абмеркавання ўсе прыйшлі да высновы, што дзеці будуць хадзіць у школу ў блакітных кашулях, цёмна-сініх спадніцах і штанах і такіх жа гальштуках. Нечакана было сутыкнуцца з тым, што не падыходзяць мінулагоднія эмблемы на камізэлькі, а новых яшчэ не прадаюць. Будзем спадзявацца, што да верасня праблема вырашыцца”.

У прадаўца секцыі дзіцячага адзення ГУМа Юліі Ткачэнкі ў гэтым годзе сын ідзе ў першы клас. Патрабаванні да знешняга выгляду вучняў школы №7 яна лічыць не завышанымі і цалкам апраўданымі: сінія камізэльку і штаны можна купіць у любым магазіне, падабраць тое, што падыходзіць па цане.

У ГУМ прывозяць адзенне правераных брэндаў – “Калінка”, “Белкрэда”, “Надэкс” і іншых. Гэта якасная тканіна, якая не дэфармуецца з часам, не губляе колер. Ёсць магчымасць падабраць адзенне не толькі з улікам росту дзіцяці, але і камплекцыі. Што датычыцца цэн, то поўны камплект адзення для хлопчыкаў у залежнасці ад узросту абыдзецца прыкладна ў 160 – 250 рублёў, гледзячы, які памер і выбраная мадэль. Сюды ўваходзяць камізэлька, штаны, дзве кашулі з кароткімі і доўгімі рукавамі, гальштук і світэр. Апрануць дзяўчынку выйдзе даражэй – ад 230 да 330 рублёў. Але акрамя камізэлькі, кашуляў і штаноў у камплект дадалі спадніцу і сарафан.

Чым зручна рабіць пакупкі ў ГУМе, дык гэта тым, што на месцы можна набыць і канцылярскія тавары. У залежнасці ад узросту школьнікаў бацькам давядзецца выкласці на канцылярыю 150 – 160 рублёў.

IMG_7500.JPG


IMG_7502.JPG

IMG_7504.JPG

IMG_7505.JPG

IMG_7506.JPG

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях