Пяць пастулатаў сямейнага даўгалецця ад залатых юбіляраў

 

Пяць пастулатаў сямейнага даўгалецця ад залатых юбіляраў

Общество
24.06.2023
1319

У маляўнічым месцы – на вуліцы Зарэчнай у Сіньках – жыве Каханне. Мудрае, сталае, з сівізной у валасах. Праверанае часам і жыццёвымі выпрабаваннямі. Выстаяла, вытрымала і цяпер святкуе залаты юбілей.


Паўстагоддзя разам па адной жыццёвай дарозе прайшлі Мікалай Осіпавіч і Марыя Васільеўна Бандаровічы. Іх вочы па-ранейшаму свецяцца каханнем і шчасцем.

Калі мы бліжэй пазнаёміліся з залатымі юбілярамі, то з іх дапамогай вывелі пяць пастулатаў сямейнага даўгалецця. Магчыма, хтосьці пра іх не ведае, а хтосьці захоча выкарыстаць у сваім жыцці…

IMG_1995.JPG

Мікалай і Марыя БАНДАРОВІЧЫ. 24 чэрвеня 1973 года.

IMG_2024.JPG

Пастулат 1. “Сціпласць – самае прыгожае ўбранне для жанчыны. Сціплыя дзяўчаты будуць лепшымі жонкамі”

Нашы героі пазнаёміліся падчас вучобы ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым саўгасе-тэхнікуме. Марыя вучылася на першым курсе, а Мікалай з’явіўся ў спісе групы ў сярэдзіне навучальнага года. Справа ў тым, што хлопец паступіў у навучальную ўстанову, і яго праз пару месяцаў прызвалі ў армію. Адслужыўшы, вярнуўся на першы курс.

“Хлопец ён быў відны, самастойны, салідны на фоне астатніх. Нічога дзіўнага: на чатыры гады за нас старэйшы, - успамінае Марыя Васільеўна. – Дзяўчатам падабаўся, але так сталася, што выбраў мяне”.

“Выбіраць сапраўды было з каго, дзяўчат вучылася ў тэхнікуме многа, і прывабныя былі, і пявунні, і танцоркі, але мне найбольш сціпласць у жанчынах падабалася. Лічу, што гэта самае прыгожае ўбранне для іх. Сціплыя дзяўчаты будуць лепшымі жонкамі. Хаця што казаць? Марыю і прыгажосцю Бог не пакрыўдзіў”.

Пастулат 2. “Жонка павінна ісці за мужам”

Марыя Васільеўна – родам са Старадарожчыны. Мікалай Восіпавіч – з Сівіцы, што каля Сінькоў. На малую радзіму мужа прыехала маладая сям’я пасля заканчэння тэхнікума. Хаця маці дзяўчыны вельмі хацела, каб дачка дадому вярнулася.

“Дзесяць гадоў пражылі мы ў бацькоўскім доме. Жонка са свякроўю ні разу не пасварыліся, заўсёды дружна былі, - робіць важны акцэнт галава сям’і. - Але і мая мама (бацькі не было ўжо) да нас у жыццё не лезла, а дзяцей дапамагала гадаваць”. 

IMG_2006.JPG

Пастулат 3. “Муж – здабытчык, жонка – захавальніца вогнішча”

У сельскай гаспадарцы Мікалай Бандаровіч – як рыба ў вадзе. Працоўную дзейнасць пачаў яшчэ падчас вучобы ў саўгасе-тэхнікуме – паўгода працаваў памочнікам брыгадзіра. За заробленыя грошы купіў сабе шлюбны касцюм і туфлі, а маладой жонцы – вясельны строй. З таго часу завядзёнка ў сям’і і пайшла: муж – здабытчык, а жонка – захавальніца вогнішча.  Дакладней, гаспадыня ў хаце і галоўны сямейны фінансіст, а яшчэ і мама для траіх  дочак. Хаця адразу зраблю агаворку – дома Марыя Васільеўна не сядзела, працавала бухгалтарам у калгасе, потым на малаказаводзе. Раней Бандаровічы ўвесь час мелі вялікую хатнюю гаспадарку, нават дзве каровы былі, агарод, участак на 40 сотак – і гэты цяжар быў, у асноўным, на плячах жанчыны. На дапамогу прыходзілі дочкі. Дзяўчаты таксама навучыліся ўсёй вясковай рабоце.

Мікалай Восіпавіч пасля тэхнікума скончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут, працаваў у гаспадарцы на розных пасадах, у 43 гады ўзначаліў калгас імя Дзяржынскага і за кароткі час вывеў гаспадарку ў лідары. Пяць гадоў кіраваў гаспадаркай, а потым чатыры – быў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смаргонскага райвыканкама. Дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яшчэ шэсць гадоў кіраваў раённай інспекцыяй па насенняводстве, каранціне і абароне раслін.  

IMG_2035.JPG 

“Я ведаю, што жонцы няпроста са мной даводзілася. Я літаральна прападаў на рабоце, і начамі мог вярнуцца дадому, і камандзіроўкі пастаянныя. Былі часы, калі зарабляў мала, але жонка ніколі мяне ні ў чым не папракнула. Яна ў мяне малайчына”.

IMG_2015.JPG

Пастулат 4. “Працаваць і ні ад кога не залежыць”

“Грошы трэба зарабіць, хто робіць, той і мае”, - гэту ісціну ў мяне заклалі бацькі, а я стараўся перадаць яе сваім дзецям і тым, з кім даводзілася працаваць. Мы з жонкай ніколі ні на кога не разлічвалі. Не бралі крэдытаў, не залазілі ў даўгі, не чакалі дапамогі ад бацькоў. Усё, што мелі і маем, - зарабілі самі, ведаем сапраўды кошт кожнага рубля, ад таго і цэнім яго па-сапраўднаму”.

Нават пайшоўшы на заслужаны адпачынак, Бандаровічы прадаўжаюць шмат працаваць. Арандуюць тры гектары зямлі, гадуюць свіней, у гародзе – ідэальны парадак, сядзіба і прыбудовы выдатна выглядаюць. У гаспадарцы – трактар, сажалка, капалка… Да таго ж Мікалай Восіпавіч – заўзяты пчаляр. На пытанне: “Навошта вам усё гэта? Хіба не хочацца спакойнай пенсіі?” - гаспадар адказвае: “Каб сябе трымаць у тонусе. А ляжаць на канапе – хваробы шукаць”. “Працаголік”, – менавіта так ахарактарызавала Марыя Васільеўна мужа.   

IMG_2037.JPG

Пастулат 5. “Жыць не для сябе, а для сям’і. Не шукаць вінаватых у праблемах, а сцярпець і адразу прасіць прабачэнне”, - гэтыя словы належаць Марыі Васільеўне.

Мудрасць гаспадыні ўражвае. Адразу адчуваецца, што яна – чалавек памяркоўны, спакойны, разважлівы. “У сям’і (дый і ў жыцці наогул) трэба рабіць дабро адно аднаму. Не ўспамінаць нейкія грахі, не высвятляць адносіны. Лад і супакой там, дзе ёсць цярпенне і прабачэнне, павага і клопат”, - падвяла рысу пад нашай размовай Марыя Бандаровіч.

Не хацелася развітвацца з нашымі героямі. Хацелася пабыць і як мага больш напоўніць душу цудоўнай атмасферай гэтай сям’і…

З цудоўнай сямейнай датай, паважаныя залатыя юбіляры!

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.