Падпісная кампанія актыўна праходзіць ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі раёна, а рэдакцыя газеты "Светлы шлях" працягвае праводзіць дні падпісчыка.
Работнікі РУП "Белпошта" сумесна з рэдакцыяй газеты 22 чэрвеня правялі дзень падпісчыка. З раніцы ў аддзяленні паштовай сувязі было шматлюдна. Нехта зайшоў аплаціць камунальныя паслугі, адправіць ліст, а нехта прыйшоў спецыяльна, каб падпісацца на раённую газету.
У гэты дзень 10 пастаянных чытачоў працягнулі падпіску на другое паўгоддзе і трэці квартал бягучага года. Тры шчасліўчыкі атрымалі прызы ад рэдакцыі.
У аддзяленні сувязі сустрэлі некаторых нашых пастаянных чытачоў, якія падзяліліся сваімі думкамі.
Ірына Уладзіміраўна:
- На пенсіі час дазваляе чытаць газету ўсю ад пачатку да канца. Я пастаянны падпісчык, бо гэта вельмі зручна. У любое надвор'е і час года адчыняеш паштовую скрыню і бачыш любімае выданне.
Аліна Казіміраўна:
- Сёння прыйшла на пошту па іншых пытаннях, але ўбачыла, што ідзе падпіска на газету. Я прыхільніца "Светлага шляху" ўжо больш за 50 гадоў. Я яшчэ добра памятаю газету "Перамога", так раней называлася наша раёнка, заўсёды яе выпісвала. Люблю рубрыкі, якія тычацца сельскай гаспадаркі.
Тамара Аркадзьеўна:
- Чытаю газету вельмі даўно. Цікавяць падзеі ў раёне, з газеты можна даведацца пра ўсё аператыўна і своечасова. Падпіска зручная тым, што выданні дастаўляюць на дом.
Баляслаў Яўгенавіч:
- Я выпісваў яшчэ «Перамогу». Гэта вельмі зручна - аплаціць падпіску адзін раз і паўгода чытаць свежую газету. Чытаю ўсё, ад скарынкі да скарынкі, але пачынаю, звычайна, са спартыўных навін.
Чарговы дзень падпісчыка адбудзецца 27 чэрвеня. Запрашаем на працягу дня ў аддзяленне паштовай сувязі №2, размешчанае па вул. Танкістаў,1. У 16.00 адбудзецца розыгрыш прызоў сярод чытачоў, якія ў гэты дзень падпісаліся на газету "Светлы шлях".